Расказваем пра Школу міру ў Оршы, дзе настаўнічаў У.Караткевіч і дзейнічаюць два ўзорныя музычныя калектывы

- 15:08Школа мира

“Я выпускнік Школы міру!” Гэтыя словы ўжо другі год з гордасцю вымаўляюць былыя навучэнцы сярэдняй школы № 8 Оршыпершай установы адукацыі ў раёне, якая набыла гэты статус. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У праекце школа ўдзельнічае з кастрычніка 2022 года. За гэты час яе калектыў многае паспеў зрабіць для развіцця міратворчага руху і быў адзначаны ўзнагародамі. На ІІІ Рэспубліканскім фестывалі дзіцячай міратворчасці “Дзеці за мір” дырэктар установы Алена Каровіна атрымала юбілейны медаль у гонар 60-годдзя Беларускага фонду міру.

— Школа на працягу сямі гадоў займае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне па выхаваўчай рабоце, — адзначыла дырэктар. — Вучні атрымліваюць якасную музычную адукацыю, вучацца іграць на розных інструментах.

У нас дзейнічаюць два ўзорныя калектывы, наведваць якія маюць магчымасць вучні з 1 па 11 клас. Гэта духавы аркестр, які быў заснаваны ў 1987 годзе. Ім кіруе настаўнік музыкі Сяргей Даронін. Школьны аркестр выконвае гімн падчас шматлікіх урачыстых мерапрыемстваў, што асабліва ганарова для нас. Ансамбль флейтыстаў “Сірынкс” пад кіраўніцтвам Наталлі Жалезняковай таксама з’яўляецца ўзорным.

Калектывы штогод атрымліваюць узнагароды абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, вытрымліваючы канкурэнцыю з музычнымі школамі. Так, у 2023 годзе духавы аркестр адзначаны дыпломам ІІІ ступені на рэспубліканскім этапе агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!”, а ў 2024 годзе — дыпломам І ступені на абласным конкурсе духавой музыкі “Віват, аркестр!”. Юныя флейтысты з ансамбля “Сірынкс” сталі лаўрэатамі І ступені ІІІ Міжнароднага музычнага конкурсу сучаснай творчасці “Акцэнты-2022”, міжнароднага фестывалю дзіцячай і маладзёжнай творчасці “ART-PANORAMA Расія — Беларусь 2022” і рэспубліканскага конкурсу сучаснай творчасці дзяцей і моладзі “Пульс-Арт” у 2024 годзе. 

Падчас розных гарадскіх і раённых мерапрыемстваў міратворцаў з 8-й школы лёгка пазнаць па блакітнай форме, а ўдзельнікаў духавога аркестра — па чыр­воных пінжаках і чорных капелюшах. Міратворчая дзейнасць ва ўстанове не менш яркая, чым музычная. Яна рэалізуецца па напрамках “Народная дыпламатыя”, “Памяць”, “Клопат і міласэр­насць”, “Мір праз спорт і культуру”, “Юны міратворац”. У мерапрыемствах праекта — акцыях, майстар-класах, уроках міру, экскурсіях, даследчай рабоце, конкурсах — бяруць удзел не толькі члены атрада міратворцаў, але і практычна ўсе вучні школы, педагогі, бацькі.

“Мова сяброўства не мае патрэбы ў перакладзе” — пад такім дэвізам у школе рэалізуецца напрамак народнай дыпламатыі, у рамках якога наладжана супрацоўніцтва з дабрачыннымі і грамадскімі арганізацыямі. Юныя міратворцы адпраўляюцца на экскурсіі па месцах воінскай славы, сустракаюцца з ветэранамі, малалетнімі вязнямі, дзецьмі вайны, аказваюць ім пасільную дапамогу. Даглядаюць яны і сквер каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам, а таксама пахаванне выпускніка 8-й школы Оршы Міхаіла Пугачова, які загінуў у Афганістане. Ва ўстанове арганізоўваюцца лекцыі і трэнінгі па здаровым ла­дзе жыцця, флэш-моб “Я выбіраю здароўе” і фестываль “Вясёлка талентаў”. У кастрычніку 2023 года каманда школы прыняла ўдзел у 6-м злёце юных мі­ратворцаў Віцебскай вобласці, дзе праходзіла ваенна-патрыятычная гульня “Лепельскі рубеж”.

Нашы вучні аказваюць дапамогу інвалідам, ветэранам вайны і працы, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, — расказала Вольга Шкурдзюк, настаўніца геа­графіі, якая курыруе дзейнасць школьнага атрада міратворцаў. — Сёлета навучэнцы ўпершыню сталі ўдзельнікамі акцыі “Скрынка адвагі” па зборы падарункаў для дзяцей, хворых на анкалогію. З удзелам настаяцеля храма Нараджэння Хрыстова айцом Вячаславам праходзяць дыскусіі, урокі духоўнасці, круглыя сталы, выставы, экскурсіі ў цэнтры духоўнай гісторыі краіны. Вучні добраўпарадкоўваюць прылеглую да храмаў тэрыторыю і помнікі загінуўшым воінам, заняты ў дабрачынных акцыях па аднаўленні святынь Беларусі.

Данііл Даронін і Мацей Суднічэнка правялі даследчую работу “Дарога да храма” пад кіраў­ніцтвам настаўніцы гісторыі Іны Валадкевіч. Работа атрымала 1-е месца на XXIII Аршазнаўчых чытаннях. У ёй хлопцы расказваюць пра гісторыю стварэння праваслаўных храмаў Оршы з часу заснавання горада да сучаснасці, даюць звесткі пра настаяцеляў храмаў, якія ўнеслі значны ўклад у стварэнне і дзей­насць культавых пабудоў.

***

Выпускнікі 8-й школы з гордасцю расказваюць не толькі пра тое, што вучыліся ў Школе міру, але і пра тое, што ў іх установе калісьці працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры іх зямляк — пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Ветэран педагагічнай працы Кацярына Бурсава сваю дзейнасць пачынала разам з У.Караткевічам. Жанчына заўсёды рада падзяліцца сваімі ўспамінамі з вучнямі. Захавалася і фота маладога педагога Караткевіча.

Алена Каровіна: Без міру няма будучыні, а мір пачынаецца з кожнага з нас, з нашых добрых спраў, любові да людзей і навакольнага асяроддзя. Гэта асноўная думка, якая праходзіць праз усе нашы мерапрыемствы

Вучаніца Аксана Шкурдзюк пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі Вольгі Шкурдзюк правяла даследчую работу “Орша — горад Уладзіміра Караткевіча”, дзе пад­рабязна апісала месцы, звязаныя з яго імем. Адна з устаноў адукацыі, дзе пісьменнік вучыўся, — сярэдняя школа № 3 Оршы — сёння носіць яго імя. А ў будынку, дзе раней знаходзіўся радзільны дом і дзе з’явіўся на свет будучы пісьменнік, адкрыты музей. 26 лістапада на дзень нараджэння вядомага земляка літаратары з усёй краіны збіраюцца ў Оршы ў дзіцячым парку на беразе Дняпра, дзе стаіць помнік У.Караткевічу. Там праходзяць чытанні, у якіх з цікавасцю бяруць удзел і школьнікі.

Жывыя скульптуры

Школа міру ў Оршы пачынаецца з прыгожай, дагледжанай тэрыторыі і дрэва міру, якое было пасаджана ў сувязі з прысваеннем установе ганаровага статусу. Некалькі гадоў назад у ландшафтным дызайне прышкольнага ўчастка пачалі выкарыстоўваць тапіярнае мастацтва, або фігурную стрыжку дрэў і кустоў.

— Мы захацелі здзівіць нашага начальніка ўпраўлення па адукацыі напярэдадні прыёмкі школы. А для гэтага вырашылі ства­рыць незвычайную кампазіцыю з раслін, — дзеліцца Алена Каровіна. — Калі я заехала ў садовы цэнтр, то ахнула ад цэн на насаджэнні ў кадках і падумала, што справімся самі, а інтэрнэт нам дапаможа. Перш за ўсё мы пачалі стрыгчы туі, якія былі пасаджаны на тэрыторыі школы больш за 10 гадоў назад і ўжо выглядалі як пераросткі. Ідэяй натхнілася вартаўнік. Мы паглядзелі відэаролікі па тэме, набылі неабходныя інструменты і прыступілі да тапіярнай стрыжкі туй. Прама на нашых вачах хвойныя расліны ператвараліся ў сапраўдных прыгажунь.

Новы вартаўнік Алена Шурава з вялікім азартам працягнула справу сваёй папярэдніцы па навядзенні прыгажосці на прышкольным участку, плошча якога 800 квадратных метраў. Можна ўявіць сабе аб’ём яе працы, бо стрыгчы туі трэба 3—4 разы за сезон. У Алены Аляксееўны так добра стала атрымлівацца, што яе пачалі запрашаць для выканання такіх работ як прафесіянала.

— Стрыжкай тую не сапсуеш. Яна толькі больш прывабнай становіцца: атрымліваюцца ўсечаныя піраміды, трохвугольнікі, талерачкі і іншыя мудрагелістыя фігуры, — расказвае спецыяліст. — Паглядзіце на нашу елку нівакі (гэта наз­ва асаблівай тэхнікі стрыжкі кроны і фарміравання дрэва). Да гэтага тут расла самая звычайная аднабокая елка і мы не ведалі, што з ёй рабіць. Спачатку прыбралі ёй верхавіну і растапырылі з дапамогай няхітрых маніпуляцый лапкі. Потым на працягу некалькіх гадоў дрэва стрыглася такім чынам, каб стаць творам мастацтва. Або звярніце ўвагу на хвою, якая пачала расці ў два ствалы. Адзін мы абрэзалі, і зараз яе ўпрыгожвае вытанчаны выгін.

ЗАМ_IMG_3068
IMG_3054
IMG_3086
IMG_3051
IMG_3092
IMG_3069
ЗАМ_IMG_3068 IMG_3054 IMG_3086 IMG_3051 IMG_3092 IMG_3069

Тры гады назад з лясгаса школе перадалі 50 саджанцаў звычайных елак. Іх пачалі стрыгчы падушачкамі, каб скласці кампазіцыю. Самшыты праз 2—3 гады павінны ператварыцца ў прыгожыя шарыкі, акацыя будзе падобная да грыбочка, а бясформенныя кусты ядлоўцу стануць воблачкам, столікам і дзіцячымі арэлямі. Са спірэі шэрай вырасцяць алімпійскія кольцы, а з ядлоўцу казацкага — арла, ужо можна заўважыць яго крыло і хвосцік. Падрастае і арка з дзявочага вінаграду. А ў вертыкальных градках паспявае ўраджай памідораў і агуркоў.

Усю зіму ў школе рыхтуюцца да летняга сезона. Другі школьны вартаўнік разам з тэхнічным работнікам адказваюць за кветкі і расаду. Штогод з красавіка па кастрычнік ва ўстанове адчуваецца водар кветак. Летась у кастрычніку на вуліцы ў гаршках стаялі квітнеючыя хрызантэмы, якія на ноч заносілі ў памяшканне. Ва ўстанове адукацыі займаюцца вырошчваннем саджанцаў дэкаратыўных раслін. Тыя ж самшыты пасынкуюць, а затым работнікі падрошч­ваюць іх у сваіх дамашніх парніках. 

Тэрыторыя Школы міру з’яўляецца месцам прыцяжэння для мясцовых жыхароў і дзятвы. Тут не толькі прыемна адпачываць, але і можна зрабіць прыгожыя фатаграфіі.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва ўстановы