Разумець дзяцей з паўслова

- 12:11Выхаванне, Рознае

“Можна шмат разважаць аб мужчынскіх і жаночых прафесіях, але дакладна адно: яўнай мяжы паміж імі не існуе. Сучасныя юнакі з поспехам асвойваюць традыцыйныя жаночыя заняткі, і, наадварот, дзяўчатам усё больш падабаюцца класічныя прафесіі мужчын, — адзначыў загадчык ясляў-сада № 226 Мінска Сяргей Рабертавіч Рыко. — Калі задумацца, сапраўды, якая розніца, хто за рулём тралейбуса, які вязе вас раніцай на работу, або хто займаецца выхаваннем вашага дзіцяці. Галоўнае, каб чалавек рабіў гэта правільна і з любоўю да сваёй прафесіі”.

Педагагічныя карані

Сяргей Рабертавіч Рыко — не выпадковы ў адукацыі чалавек, а прадстаўнік педагагічнай дынастыі. Ён з цеплынёй згадаў пра сваю бабулю Галіну Мікалаеўну Урбановіч, якая доўгі час працавала ў Хоцімску настаўніцай нямецкай і французскай мовы, а пасля ўзначальвала ў гэтым гарадскім пасёлку сярэднюю школу № 2, і пра дзядулю Івана Аляксандравіча, які быў дырэктарам вучэбна-курсавога камбіната пры Хоцімскім райсельгасхарчы. Сяргей Рыко працягнуў працоўны шлях сваёй мамы Ірыны Іванаўны Балухцінай, якая спачатку была выхавальніцай у адным з мінскіх дзіцячых садоў, а затым у Хоцімску стала загадчыцай дашкольнай установы.

Мой суразмовец вучыўся ў сярэдняй школе № 1 Хоцімска, сур’ёзна займаўся шашкамі, нават займаў першыя месцы на рэспубліканскіх спаборніцтвах, уваходзіў у зборную Хоцімска па шашках — адну з самых моцных у краіне каманд. Захапляўся таксама бегам, скачкамі з разбегу, валейболам, футболам. Спорт сфарміраваў яго як чалавека вельмі дзейснага. У БДПУ імя Максіма Танка Сяргей Рабертавіч атрымаў спецыяльнасць “Дэфекталогія. Дашкольная адукацыя”, якая ў той час карысталася папулярнасцю. Праз некалькі гадоў у рамках перападрыхтоўкі ў АПА набыў яшчэ адну спецыяльнасць — “Менеджар у сферы адукацыі”.

“На мой погляд, у адукацыі павінны рэалізоўваць сябе ў роўнай ступені як жанчыны, так і мужчыны, — лічыць Сяргей Рабертавіч. — Калі першыя звычайна вельмі творчыя і эмацыянальныя натуры, то другія больш паслядоўныя і дысцыплінаваныя, але ў прафесійным тандэме яны цудоўна дапаўняюць адно аднаго. Калі гаварыць пра дашкольныя ўстановы, то ў ясельнай групе, на мой погляд, мужчыну няма чаго рабіць. Дзеці да 3—4 гадоў яшчэ пабойваюцца іх, на першым месцы для малышоў у гэты час знаходзяцца жанчыны, мамы. У сярэднім і старэйшым дашкольным узросце выхаванцы, як правіла, добра рэагуюць на педагогаў мужчын. Калі я ўладкаваўся на работу ў дзіцячы сад выхавальнікам, даволі хутка зразумеў, што з дзецьмі мне не складана. Наадварот, усё вельмі добра атрымлівалася, яны з цікавасцю ўспрымалі тое, што я ім гаварыў, з радасцю ішлі на заняткі”.

З кім яшчэ, як не з Сяргеем Рабертавічам, хлопчыкі і дзяўчынкі заўзята маглі паганяць мяч, згуляць у хакей або адрамантаваць зламаную цацку. Звычайна больш адказна выхаванцы рэагуюць на заўвагі і просьбы педагога-мужчыны. І праяўляецца гэта перш за ўсё ў штодзённых справах: мыцці рук, засціланні пасля сну ложкаў, самастойным апрананні. Усе гэтыя навыкі паступова ўваходзяць у звычку малышоў. Выбудоўваць даверлівыя адносіны з дзецьмі настолькі ж складана, як і працаваць на заводзе або кіраваць калектывам дарослых. У гэтым Сяргей Рабертавіч перакананы стапрацэнтна.

“Што больш важнае ў педагогіцы — індывідуальны падыход ці дысцыпліна? — разважае мой суразмовец. — Галоўнае — індывідуальны падыход, але без дысцыпліны яго будзе вельмі цяжка рэалізаваць. Я не за тое, каб трымаць дзяцей у жорсткіх рамках. Проста для ўсяго ў распарадку дня ёсць свой час і сваё месца — і для гульняў, і для сур’ёзных заняткаў. Калі ў групе парадак, педагог зможа вырашыць задачы, якія на сёння перад сабой паставіў, у тым ліку і наладзіць індывідуальную работу з малышамі. Хаця, як паказвае практыка, калі ў групе больш за 15 дзяцей, знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага вельмі складана”.

Чаму павінны навучыцца дашкольнікі ў садзе? Сяргей Рабертавіч лічыць, што самае галоўнае, каб дзеці зразумелі, што такое “добра” і што такое “дрэнна”, як у вядомым усім вершы, а яшчэ — што значыць слова “справядлівасць”. Калі малыш дрэнна зрабіў, ён павінен зразумець, у чым ён вінаваты. Неабходна з ранняга ўзросту фарміраваць у малышоў лідарскія якасці, каб яны мелі свой пункт погляду на тое, што адбываецца навокал, маглі адстойваць яго і маглі адказваць за ўласныя словы. Педагог можа ствараць сітуацыі для праяўлення такіх якасцей у дзяцей. Так, напрыклад, паказаць ім малюнак вавёрачкі і папрасіць назваць, хто на ім намаляваны. Малышы, зразумела, адкажуць правільна. Для таго каб дзеці прывялі аргументы ў падтрымку свайго правільнага сцвярджэння, педагог можа запярэчыць: “Гэта ж заяц!”

Наступны важны для будучых школьнікаў момант — уменне працаваць у камандзе. Дарэчы, вельмі многім дарослым не хапае такой якасці. Сяргей Рабертавіч прызначаў дзяцей кіраўнікамі і кожнаму даваў 2—3 памочнікаў. Напрыклад, ставіў перад малышамі задачу прыбраць раскіданыя ў групе цацкі або навесці парадак у двары на гульнявой пляцоўцы. Педагог не ўмешваўся ў дзіцячыя ўзаемаадносіны, а толькі назіраў за сітуацыяй. Як толькі кіраўнік пачынаў шмат гаварыць, пераставаў сачыць за рабочым працэсам, ухіляўся ад узятых на сябе абавязкаў, Сяргей Рабертавіч нагадваў яму, што менавіта ад яго многае залежыць у агульнай справе, што кіраўнік павінен усім паказваць добры прыклад.

“У наш час, каб арганізаваць эфектыўную вытворчасць і не баяцца ўзяць на сябе адказнасць, кожнаму кіраўніку варта ўмець рабіць тое, што робяць яго падначаленыя, — адзначыў Сяргей Рабертавіч. — А да гэтага трэба прывучаць з ранняга дзяцінства. У ролі кіраўніка каманды паспрабаваў сябе некалькі разоў кожны выхаванец у маёй групе. Аднойчы адбылася вельмі цікавая сітуацыя. Я быў заняты дакументацыяй, а дзеці свабодна гулялі ў групе пад наглядам памочніка выхавальніка. У пэўны момант я зразумеў, што ў пакоі стала вельмі ціха. Заглянуў у групу і ўбачыў, што дзеці арганізавалі сваю дзейнасць самастойна. Вызначыўся лідар, які аб’яднаў усіх, і малышы сталі спакойна гуляць, нават тыя, хто звычайна не адрозніваўся дысцыплінай і паводзіў сябе шумна”.

З агеньчыкам натхнення ў вачах

Сяргей Рабертавіч быў выхавальнікам на працягу чатырох гадоў і за гэты час паспеў разабрацца ў многіх прафесійных тонкасцях, наладзіць добрыя адносіны з калектывам установы і з бацькамі выхаванцаў.

“Вось толькі Дзед Мароз з мяне на ранішніках быў непрафесійны, дзеці адразу пазнавалі мяне ў гэтай ролі, — усміхаецца Сяргей Рыко. — Адна з асаблівасцей майго характару такая: як толькі я дасягаю пэўнай мэты, пачынаю адчуваць сум, мне трэба заўсёды ісці наперад, вырашаць новыя задачы, развівацца, бачыць вынікі сваёй работы. Калі ў мяне ўсё добра складвалася як у выхавальніка, калі дзеці пачалі разумець мяне з паўслова і погляду, я засумаваў. Патрэбен быў новы штуршок і рух наперад. Узрадаваўся, калі мне прапанавалі пасаду намесніка загадчыка ўстановы, а праз два гады, у 2014 годзе, у 29 гадоў прызначылі загадчыкам ясляў-сада № 226 Мінска”.

Першае, што вырашыў зрабіць Сяргей Рыко на новай пасадзе, — наладзіць эфектыўную дзейнасць калектыву, крыху абнавіць яго. Галоўнай умовай здзяйснення такіх планаў стала жаданне супрацоўнікаў працаваць творча, з агеньчыкам натхнення ў вачах.

“За два гады ў гэтым кірунку нам удалося дасягнуць добрых вынікаў, — падкрэсліў Сяргей Рыко. — Нашы спецыялісты імкнуцца да самаадукацыі, да ўдасканалення прафесійнага вопыту, павышэння кваліфікацыйнай катэгорыі. Яны могуць пры неабходнасці дастойна прадставіць сябе і калектыў па-за межамі ўстановы, на конкурсах, падчас адкрытых заняткаў, а таксама наладзіць супрацоўніцтва з бацькамі. Не скажу, што мы сёння працуем ідэальна, ёсць у педагогаў шмат новых мэт і надзённых планаў.

Перада мной як перад кіраўніком нямала актуальных праблем, якія патрабуюць вырашэння. У першую чаргу весці карпатлівую работу па падтрыманні будынка ў належным стане. Мы паступова абнаўляем матэрыяльную базу, часткова — за кошт бацькоўскай дапамогі і сродкаў, атрыманых ад аказання платных паслуг. У наступным годзе планую наладзіць работу са спонсарамі. Адна з задач, якую агучваю перад калектывам і якую мы паспяхова вырашаем, — жыць па законах эканоміі і беражлівасці. У апошні час нам удалося значна знізіць спажыванне электраэнергіі. Усе лямпы ва ўстанове заменены на энергазберагальныя, іншыя рэсурсы таксама расходуем эканомна. Прывучаем да гэтага і дзяцей.

Работа з бацькамі — наступны надзвычай важны кірунак дзейнасці педагагічнага калектыву. Зразумела, што дзеці падобныя да сваіх бацькоў. Калі ў сям’і яны чуюць і робяць не тое, што трэба, то гэта абавязкова праявіцца і ў садзе. Педагогі могуць толькі карэкціраваць хібы выхавання. Сапраўды добрых вынікаў удаецца дасягнуць тады, калі наладжаны даверлівыя адносіны паміж установай і бацькамі.

Што мяне непакоіць сёння? Бацькі перасталі нармальна кантактаваць з дзецьмі, іх зносіны часта павярхоўныя. Дарослыя не заўсёды правільна разумеюць сваіх дзяцей. Часта прад’яўляюць да іх павышаныя патрабаванні, перагружаюць заняткамі, запісваюць у многія гурткі і тым самым наносяць моцныя псіхалагічныя траўмы. Даводзіцца тлумачыць бацькам, што не трэба асабістыя амбіцыі рэалізоўваць праз дзіця, не трэба ўскладаць на яго абавязак здзейсніць тое, чаго не ўдалося ім. Варта выявіць уласныя здольнасці малыша, тое, што ў яго атрымліваецца лепш за ўсё, што яму падабаецца. Можна толькі падказаць, каб дзіця зрабіла правільны выбар, а не вырашаць за яго.

Мяне вельмі хвалюе, што з кожным годам дзеці становяцца слабейшымі і фізічна, і псіхалагічна. Усё больш праблем у іх са здароўем. Імкнуся ўдзяляць гэтым пытанням сур’ёзную ўвагу, рабіць акцэнт на загартоўцы, больш дыферэнцыравана падыходзіць да фізічнай нагрузкі малышоў, падбіраць практыкаванні для іх з улікам стану здароўя кожнага і карэкціраваць тым самым існуючыя парушэнні”.

Навучыцца радавацца дробязям

“Я шчыры беларус з прымессю кубінскай крыві”, — прызнаўся раптам Сяргей Рабертавіч. Прозвішча Рыко (у перакладзе з іспанскай — “багаты”) ён узяў ад бацькі. У яго сям’і па бацькоўскай лініі ўсе кубінцы. Яго тата ў часы СССР прыехаў у Беларусь на вучобу, дзе і пазнаёміўся з беларускай Ірынай Балухцінай.

“Калі мне быў адзін год, бацькі паехалі на Кубу. Цэлы год я правёў у гэтай краіне. На жаль, мне не падышоў мясцовы клімат, у якім вялікая вільготнасць спалучаецца з высокай тэмпературай. У два гады маці са мной вярнулася ў Беларусь. Аб’яднацца нашай сям’і не дазволіў распад СССР, калі ранейшыя сувязі і кантакты паміж краінамі былі страчаны. Лісты, якія мы адпраўлялі на Кубу, напэўна, не даходзілі, — расказаў Сяргей Рабертавіч. — Мая запаветная мара з дзяцінства — убачыць сваіх родных з гэтай далёкай краіны. І ў мінулым годзе я з жонкай нарэшце ажыццявіў яе. Гэтая паездка дапамагла ўбачыць жыццё іншымі вачыма, больш аптымістычна. Уявіце, сярэдні заробак на Кубе — 25 долараў. Калі бацька сказаў мне: “На заўтра ў нас няма ежы”, я задаў пытанне: “Як знаходзіце выйсце з такой сітуацыі?” У адказ пачуў любімае чароўнае слова кубінцаў “маньяна”, маўляў, заўтра нешта прыдумаем. І сапраўды, на наступны дзень знаёмыя прывезлі бацьку мяшок з садавіной. Я быў уражаны, як можна так жыць, трэба ж усё планаваць, клапаціцца пра будучыню. Дзіўным было і тое, як кубінцы ўмеюць радавацца жыццю. У людзей няма чаго есці, а яны ладзяць свята, адно аднаго вадой паліваюць і г.д. Знік пэўны від прадуктаў з магазінаў — нічога, праз тры дні з’явяцца. На Кубе людзі вельмі жывыя ў зносінах, любяць весці задушэўныя сяброўскія размовы. У параўнанні з імі я адчуў сябе панурым чалавекам. І зразумеў, што проста адвык бачыць радасць у малым, у простых рэчах.

Жыццё такое, што ніколі не прадбачыш, калі сустрэнеш важных для цябе людзей і як гэта адаб’ецца на тваёй будучыні. Каб лепшае праявілася ў тваім жыцці, трэба верыць у гэта, быць аптымістам і ўмець радавацца нават дробязям. Калі мы зразумеем, што не ўсё так дрэнна, мы пачнём думаць творча. І ў нас вызваліцца прытоены нерэалізаваны патэнцыял. Да гэтага я заклікаю і супрацоўнікаў нашай дашкольнай установы”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.