Рэктар БДУТ: «Нашы выпускнікі вельмі запатрабаваны на хімічных і харчовых вытворчасцях па ўсёй краіне»

- 16:26Абитуриент, Образование

Выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій вызначыліся з будучым месцам працы. Надоечы тут прайшло размеркаванне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гэтая значная для кожнага маладога чалавека падзея ў БДУТ адбываецца паэтапна. Спачатку праводзяцца інфармацыйныя сустрэчы на факультэтах, а пасля гэтага афіцыйная камісія вырашае, куды выпускнікі адправяцца на працаўладкаванне. Адразу задавольваюцца запыты ад базавых арганізацый і заказчыкаў кадраў. Як правіла, заявак заўсёды больш, чым студэнтаў, якія падлягаюць размеркаванню.

— Сёлета навучанне на бюджэтнай дзённай форме заканчвае 251 чалавек, а заявак на маладых спецыялістаў да нас паступіла 772. Ёсць спецыяльнасці, попыт на якія ў дзесяць разоў перавышае колькасць студэнтаў. Нашы выпускнікі вельмі запатрабаваны на хімічных і харчовых вытворчасцях па ўсёй краіне, — паведаміў рэктар БДУТ Максім Кіркор.

Каб улічыць пажаданні ўсіх зацікаўленых, падрыхтоўку да размеркавання ва ўніверсітэце пачынаюць загадзя. Заказчыкаў кадраў запраша­юць на гутаркі са студэнтамі, у ходзе якіх прадстаўнікі прадпрыемстваў прэзентуюць моладзі перспектывы работы на іх. Гэта дапамагае выпускнікам зрабіць дакладны выбар: на пераддыпломную практыку яны амаль заўсёды адпраўляюцца на вытворчасці, дзе бачаць прафесійную рэалізацыю.

— Сваё першае месца працы ведала да паступлення. Ужо ў школе вырашыла, што бачу сябе на кандытарскай вытворчасці. У БДУТ прыехала з мэтавым дагаворам ад ААТ “Чырвоны мазыранін”, якое знаходзіцца ў маім родным горадзе Нароўлі. Студэнцкія гады праляцелі непрыметна. Ва ўніверсітэце атрымала трывалую тэарэтычную базу, а практычныя навыкі адточвала на прадпрыемстве. У прафесіі не расчаравалася. На фабрыцы — сучаснае абсталяванне, выпускаецца разнастайны асартымент прадукцыі, ёсць магчымасці для кар’ернага росту. Настрой аптымістычны. Рада, што жыць і працаваць паеду на малую радзіму, — падзялілася выпускніца тэхналагічнага факультэта ўладальніца дыплома з адзнакай Мілена Шаргаева.

Яшчэ адна выдатніца, студэнтка хіміка-тэхналагічнага факультэта Ганна Ялавецкая, чакае размеркавання з пэўным хваляваннем. У БДУТ дзяўчына прыйшла па прыкладзе сваёй матулі, планавала працаваць на вытворчасці, але за час навучання змяніла прыярытэты.

— Тут вучылася мая мама, яна і зараз працуе па прафесіі. Я пайшла па яе шляху. Прыехала з Баранавіч, бо ўзровень адукацыі тут вельмі высокі. Вучобу ўспамінаю з цеплынёй, у нас былі цудоўныя выкладчыкі. Напэўна, дзякуючы ім, выразна вызначылася з жыццёвай дарогай. Зараз хачу займацца навуковай дзейнасцю. Ужо рэалізавала шэраг даследаванняў. У рамках студэнцкага гранта Міністэрства адукацыі займалася выяўленнем уплыву льняной макухі на функцыянальна-тэхналагічныя ўласцівасці вараных каўбас. Вынікі былі атрыманы станоўчыя, цяпер даследуем тое, як на склад мясных прадуктаў уплывае рапсавая макуха. Хачу паступіць у магістратуру, пасля — у аспірантуру. У планах — размеркавацца на нашу кафедру, працаваць у складзе навуковай школы доктара навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі Зоі Васіленка, — расказала Ганна Ялавецкая.

Адметна, што на размеркаванне ў БДУТ ідуць не толькі студэнты-бюджэтнікі, але і тыя, хто вучыцца платна. Прычым гэта іх уласнае жаданне.

— Работа па размеркаванні — выдатная магчымасць атрымаць прафесійны вопыт. Тым больш што пералік вытворчасцей істотны, выбраць, куды накіравацца, ёсць з чаго. Я спыніўся на прыватным кандытарскім прадпрыемстве, дзе маладым спецыялістам прапануюць добры старт. Спадзяюся трапіць менавіта туды, — адзначыў выпускнік платнай формы навучання тэхналагічнага факультэта Аляксандр Мажэйка.

Просьбы выпускнікоў кіраўніцтва ўніверсітэта стараецца задавальняць. Для маладых людзей падбіраюць варыянты працаўладкавання з лепшымі ўмовамі. Зусім хутка студэнтаў чакае абарона дыпломных работ. А пасля кваліфікаваныя інжынеры раз’едуцца па рэспубліцы, каб 1 жніўня прыступіць да работы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара