Рэспубліканскі конкурс «Здравствуй, мир!»: свае таленты на Магілёўшчыне прадэманстравалі звыш 5,5 тыс. дзяцей

- 12:57Образование

Абласны этап рэспубліканскага агляду-конкурсу «Здравствуй, мир!» адбыўся на Магілёўшчыне, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Для дзяцей конкурс стаў пляцоўкай, дзе можна было прадставіць свае творчыя таленты. Шансам паказаць сябе скарысталіся звыш 5,5 тыс. дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў з усіх раёнаў вобласці.

Сёлета агляд-конкурс праходзіў пад дэвізам «Радзіма мая, у марах, у песнях, у словах…». Члены журы абласнога этапу прагледзелі канцэртныя праграмы, якія складаліся з 564 выступленняў. Навучэнцы дэманстравалі свае здольнасці ў харэаграфічнай, вакальнай, фальклорнай, тэатральнай творчасці, інструментальнай музыцы, арыгінальным жанры і іншых напрамках. У намінацыях «Выяўленчае мастацтва», «Дэкаратыўна-прыкладная творчасць», «Анімацыйны фільм» была заяўлена 691 работа, — паведаміла намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Вольга Рамашкевіч.

У творчых нумарах на сцэне і ў разнастайных мастацкіх вырабах навучэнцы паказвалі, як любяць родны край, шануюць і берагуць спадчыну, ганарацца сваім народам і краінай.

Па выніках абласнога агляду дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама ўзнагародзілі звыш 1,5 тыс. дзяцей. Большасць з іх у бліжэйшы час зможа праявіць сябе на рэспубліканскім узроўні.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлены Магілёўскім абласным цэнтрам творчасці