Рэспубліканскі турнір юных фізікаў аб’яднаў 20 каманд з усёй краіны

- 15:23Образование

У атмасферы адкрытай дыскусіі, якая не пакінула навучэнцаў абыякавымі і натхніла на далейшую навуковую работу, прайшоў сёлетні ХXXI Рэспубліканскі турнір юных фізікаў, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Спаборніцтвы праходзілі на базе ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў анлайн-фармаце. Турнір складаўся з фізічных баёў, у якіх каманды па чарзе прэзентавалі свае даследаванні па прапанаваных заданнях, а таксама выступалі ў ролі апанентаў і рэцэнзентаў для іншых удзельнікаў.

У склад журы, якое ўзначаліў прафесар кафедры фізікі цвёрдага цела фізічнага факультэта БДУ, доктар фізіка-матэматычных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі Мікалай Паклонскі, увайшлі вядучыя навуковыя супрацоўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Па водзывах журы, навучэнцы прадэманстравалі ўменне рашаць задачы даследчага характару, праводзіць фізічныя эксперыменты, пераканаўча і дасведчана прадстаўляць атрыманыя вынікі, адстойваць свой пункт гледжання ў публічных дыскусіях.

У фінальным баі турніру сустрэліся каманды «Ліцэй БДУ — 11», «Ліцэй БДУ — 10» і зборная Нясвіжскага раёна.

У выніку захапляльных спаборніцтваў з дэманстрацыяй відовішчных фізічных эксперыментаў дыплом I ступені заваявала каманда навучэнцаў 11-х класаў Ліцэя БДУ. Дыпломы II ступені ўручаны зборнай камандзе навучэнцаў Нясвіжскага раёна, камандзе навучэнцаў 10-х класаў Ліцэя БДУ, зборнай камандзе № 1 навучэнцаў Ліцэя БНТУ. Дыпломамі III ступені ўзнагароджаны каманда навучэнцаў ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга гімназіі № 50 Мінска, каманда навучэнцаў сярэдняй школы № 11 Слуцка, зборная каманда № 2 навучэнцаў Ліцэя БНТУ, каманда навучэнцаў гімназіі № 5 Мінска імя герояў сустрэчы на Эльбе і каманда «РемерУмки» навучэнцаў гімназіі № 5 Віцебска імя І.І. Люднікава.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва Ліцэя БДУ