Першая сесія маладзёжнага парламента VI склікання пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў прайшла ў Гродне.
Выбраныя ў новы склад маладзёжнага парламента 125 дэпутатаў вучнёўскай і студэнцкай палат ва ўрачыстай атмасферы ў вялікай зале абласнога выканаўчага камітэта атрымалі пасведчанні.
— Гэты год юбілейны для маладзёжнага парламентарызму на Гродзеншчыне, 10 гадоў назад упершыню быў створаны маладзёжны парламент пры абласным і раённых Саветах дэпутатаў, — адзначыў старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук. — Гэта школа вопыту, лідарства, пошук таленавітых, актыўных маладых людзей. Гэта не проста дзелавая гульня, як магло здавацца напачатку. Сёння людзі прыходзяць сюды, каб рэалізаваць свае задумы, ідэі. За 10 гадоў членамі маладзёжнага парламента рэалізаваны сотні сацыяльных праектаў. Навучэнцы школ, прафесійных устаноў адукацыі і студэнты абменьваюцца ідэямі, і гэта сапраўды будучыня нашай краіны. Упэўнены, школа парламентарызму, створаная ў рэспубліцы, будзе і ў далейшым развівацца.
На Гродзеншчыне за 10 гадоў работы маладзёжнага парламента яго членамі рэалізавана больш за 800 сацыяльна значных праектаў і ініцыятыў. Гэта дазволіла прыцягнуць маладых людзей да актыўнага ўдзелу ў жыцці рэгіёна, да развіцця тэрыторый, дзе жывуць маладыя людзі, да распрацоўкі і рэалізацыі эфектыўнай рэгіянальнай маладзёжнай палітыкі.
Ганаровае месца ў прэзідыуме поруч з дэпутатамі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў І.Ф.Кітурка, М.Я.Анікеевай, А.М.Шышко, старшынёй маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Я.Макарэвічам занялі выбраныя старшыні камісій маладзёжнага парламента VI склікання. У сесіі таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў улады і арганізацый, якія падтрымліваюць моладзь, удзяляюць значную ўвагу рэалізацыі маладзёжнай палітыкі.
Старшыні камісій прадставілі тэзісы праектаў, якія яны выбралі для рэалізацыі. Сярод іх — ініцыятывы па развіцці вольнага часу моладзі, экалагічныя і іншыя праекты.
Ігар Жук уручыў падзячныя лісты абласнога Савета дэпутатаў куратарам раённых маладзёжных парламентаў.
Старшынёй маладзёжнага парламента VI склікання пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў выбраны Вадзім Гунько, студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.






