У Верхнядзвінску дзіцячы сад у партнёрстве з масласырзаводам паспяхова праводзіць эксперымент па ранняй прафарыентацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Гадуй кадры змалку
— Мы дастаткова актыўна асвойваем сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, выкарыстоўваем эфектыўныя педагагічныя практыкі, шукаем новае і лепшыя знаходкі ўкараняем, — расказала загадчыца дзіцячага сада № 2 Верхнядзвінска Тамара Ракшня. — З 2016 года задзейнічаны мультымедыйны комплекс, які складаецца з інтэрактыўнай дошкі, праектара і ноўтбука. У 2020 годзе сярод першых у вобласці ў нас з’явіўся яшчэ інтэрактыўны столік. Павысіць такім чынам якасць адукацыйнага працэсу дапамог Верхнядзвінскі масласырзавод. Мы даўно сябруем. Раней гэта выяўлялася пераважна ў спонсарскай падтрымцы з боку прадпрыемства, у тым ліку пры набыцці абсталявання, спартыўнага інвентару. З мінулага навучальнага года разам рэалізуем праект “Дашкольнік у свеце сельскагаспадарчых прафесій і прафесій перапрацоўчай прамысловасці”.
Да эксперымента па ранняй прафарыентацыі педагогаў натхніў прыклад калег з дзіцячага сада № 3 Верхнядзвінска, дзе вынікова працуе дашкольнае лясніцтва. Параіліся і вырашылі выкарыстаць удалы фармат. Разам з тым выбралі адметны, вельмі актуальны на сёння напрамак. Перадумовай паслужылі якраз правераныя часам кантакты з масласырзаводам. Важкім аргументам на карысць новага сумеснага праекта была зацікаўленасць і падтрымка бацькоў. Тут варта дадаць, што значная колькасць дарослых у сем’ях выхаванцаў — работнікі названага прадпрыемства. Яго кіраўніцтва адобрыла перспектыўную ініцыятыву. Неўзабаве быў гатовы план работы і пачалося яго ажыццяўленне.
Хто і дзе стварае сыр?
— Непасрэдна ў эксперымент мы ўзялі дзве старшыя групы выхаванцаў ва ўзросце 5—6 гадоў, — адзначыла Тамара Анатольеўна. — На падрыхтоўчых занятках пагаварылі з дзецьмі і высветлілі, што яны ведаюць пра наш масласырзавод. У працяг расказвалі цікавыя факты пра яго мінулае, сучасную вытворчасць. Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці падрыхтавалі для нашых партнёраў віншавальную канцэртную праграму. Прычым усе песні ў рэпертуары былі звязаны менавіта з тэматыкай свята, вершы спецыяльна да яго склала наш музычны кіраўнік Любоў Гайкова.
Наступным крокам стала экскурсія на прадпрыемства, якое мае багаты вопыт па арганізацыі прамысловага турызму. Дзеці на свае вочы ўбачылі, дзе з’яўляецца сыр.
Заадно даведаліся, якімі смачнымі брэндамі славіцца родны горад, навучыліся разбірацца ў гатунках сыру. Убачылі этапы вытворчасці — ад прыёмкі малака да цэхаў упакоўкі. І, канечне ж, азнаёміліся з прафесіямі, запатрабаванымі на заводзе. Незабыўныя ўражанні выклікаў агляд зверху са шкляной галерэі, якая праходзіць пад столлю будынка і цягнецца ўздоўж цэха. У завяршэнне гаспадары гасцінна запрасілі сваіх сяброў і, магчыма, будучых калег на дэгустацыю прадукцыі.
Гордасць за землякоў
— Сказаць, што нашым дзецям спадабалася, будзе недастаткова — яны былі ў захапленні! Нават педагогі на экскурсіі адкрылі для сябе многа новага і карыснага, — падзялілася ўражаннямі мая суразмоўніца. — Далей на занятках мы замацавалі атрыманыя веды. Паступова ў малых змяніліся адносіны да праекта. Старэйшыя выхаванцы цяпер з гордасцю адчуваюць сябе далучанымі да вялікай важнай справы, малодшыя ім крыху зайздросцяць і рыхтуюцца прыняць эстафету. Узмацніць дасягнуты эфект дапамаглі падарункі партнёраў, уключаючы майкі з лагатыпамі і іншыя брэндзіраваныя элементы адзення, роставыя анімацыйныя лялькі, яркія змястоўныя буклеты і макеты прадукцыі, якія мы выкарыстоўваем для работы нашага рэсурснага цэнтра па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Праект стаў складнікам яго дзейнасці. Гэта невыпадкова, бо сапраўдныя грамадзянскасць і патрыятызм вырастаюць у тым ліку з працавітасці і адказнасці, адданасці выбранай справе, гордасці за здзяйсненні землякоў. Характэрны момант: са сказанага падчас экскурсіі дзецям асабліва запомніўся той факт, што працаваць на масласырзавод запрашаюць не проста людзей з пэўнай прафпадрыхтоўкай. У крытэрыі адбору кадраў уваходзіць любоў да прафесіі.
Арганізаваны ў 2023 годзе рэсурсны цэнтр на базе дзіцячага сада ажыццяўляе дзейнасць па трох асноўных напрамках: ранняя прафарыентацыя дашкольнікаў (вывучэнне свету прафесій і беларускіх прадпрыемстваў з акцэнтам на прадпрыемствах раёна), “Мая радзіма — Верхнядзвінск” (вывучэнне народных традыцый і рамёстваў, краязнаўства ў кантэксце гісторыі і сучаснасці) і “Мы памятаем. Мы ганарымся” (захаванне гістарычнай памяці і даследаванне падзей Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі і раёна). Педагогі не толькі карыстаюцца існуючымі матэрыяламі, але і самі ствараюць дапаможнікі, дыдактычныя гульні, лэпбукі, маршруты выхаднога дня, інтэрактыўныя экскурсіі і плакаты. У прыватнасці, ёсць у актыве экскурсія на масласырзавод. Яе аўтары — выхавальніцы Ірына Маслякова і Наталля Казак. Дарэчы, Ірына Аляксандраўна — кіраўнік рэсурснага цэнтра і лаўрэат заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.
Паколькі ў дашкольнай установе з кожным годам прыбывае робататэхнікі, падключаецца і гэты рэсурс. Хочацца вылучыць яшчэ адну распрацоўку Ірыны Масляковай у суаўтарстве з настаўнікам-дэфектолагам Кацярынай Астапчук (між іншым у яе і двух вышэйназваных педагогаў за плячыма вопыт пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”): гаворка пра інтэрактыўную гульню “Ад поля да прылаўка”. Гэтае знаёмства з вытворчасцю сыру і звязанымі з ёй прафесіямі пачынаецца на полі, дзе пасвіцца карова, і завяршаецца продажам у фірменным магазіне.
Аграрны вектар
— Да фірменнага магазіна з мэтай прафарыентацыі пакуль не дабраліся, гэта ў планах, — пракаменціравала Тамара Ракшня. — А вось па аграрным вектары рухаемся. Наш раён сельскагаспадарчы, ён у вобласці сярод лідараў. Плюс у структурным падпарадкаванні масласырзавода ёсць сельскагаспадарчае звяно. Таму лагічным працягам праекта мы бачылі знаёмства з сельгаспрадпрыемствам. Партнёры зноў пайшлі нам насустрач. Прызнаюся, былі пэўныя ваганні: ці зможам знайсці фармат, каб прывабіць дзяцей да сельскагаспадарчых прафесій? Дарэмна сумняваліся, бо новая экскурсія прайшла на выдатна! Калектыў “Ужыцы-Агра” падрыхтаваў для нашых выхаванцаў змястоўную сустрэчу, прадставіў увесь спектр сваіх прафесій.
“Ужыца-Агра” — адно з вядучых сельгаспрадпрыемстваў Верхнядзвінскага раёна. Безумоўна, сэрца гаспадаркі — машынны двор. Там выхаванцам прадэманстравалі ўзоры рознай тэхнікі, якая дзейнічае на працягу года.
Патлумачылі, якія магутныя машыны і перадавыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца падчас пасяўной і ўборачнай кампаній, для догляду палеткаў. Затым паказалі, як наладжана работа на сучаснай робатызаванай малочнай ферме. Асабліва каштоўна, што пра важнасць сваёй работы цікава, проста і даступна дзецям расказалі прафесіяналы: аграном і бухгалтар, механізатары і слесары, заатэхнік і загадчык фермы. Пасля таго як госці пабачылі спецыяльныя “домікі” для цялят і прайшлі імправізаваныя “прафесійныя пробы” — уласнаручна пакармілі жывёл, дзеці з надзеяй пыталіся ў выхавальнікаў: “Мы прыедзем сюды яшчэ?” Педагогам экскурсія падказала новую ідэю: запрасіць на канферэнцыю ў дзіцячы сад каманду партнёраў і абавязкова тых прадстаўнікоў сем’яў выхаванцаў, хто працуе або працаваў на масласырзаводзе і яго даччыных прадпрыемствах, каб яны расказалі менавіта пра сваю прафесійную справу.
Праект развіваецца
Намеры арганізатараў нестандартнага праекта сямейнай канферэнцыяй з прафесійным ухілам не абмяжоўваюцца. Падказкі для далейшага росту дае жыццё. Так, на Дзень горада ў Верхнядзвінску выхаванцы дзіцячага сада разам з дарослымі сыраробамі ва ўрачыстай калоне працоўных калектываў раёна творча прадстаўлялі сваю ўстанову і прадпрыемства-партнёра. Педагогі дапамагалі падрыхтаваць маляўнічы і кранальны флэш-моб, а самі прыйшлі да высновы: варта актыўней узяцца за работу ў фармаце агітбрыгады, распрацаваць і адрэпеціраваць кароткія сцэнарыі прэзентацыі праекта. І неабходна наладзіць супрацоўніцтва са школьнымі агракласамі раёна, у перспектыве — з профільнымі ўстановамі прафадукацыі. Задумваюцца ў дзіцячым садзе над стварэннем майстэрні Яна Сырароба. У аб’яднанні па інтарэсах “Дзіцячае ручное ткацтва” пад кіраўніцтвам выхавальніцы Наталлі Паўлюкевіч асвоілі выраб пазнавальнай сувенірнай прадукцыі пад патрэбы праекта і паступова пашыраюць асартымент. Нават узгаданая раней дэгустацыя ў рамках экскурсіі на завод мела без перабольшвання вытворчыя наступствы. Спачатку дзеці проста спрабавалі з заплюшчанымі вачыма на смак пазнаць папулярныя гатункі сыру. Затым верхнядзвінскія сыраробы даверылі ім сакрэт: аказваецца, прадпрыемства неўзабаве збіраецца наладзіць вытворчасць сыру спецыяльна для дзіцячага харчавання. Запрасілі выказацца, якім ён павінен быць. Прапанавалі з некалькіх дэгустацыйных узораў выбраць найпрывабнейшы і найсмачнейшы. І паабяцалі ўлічыць меркаванні маленькіх партнёраў-дэгустатараў пры выпуску новай лінейкі прадукцыі.
На календары лічаныя дні засталіся да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Педагогі з выхаванцамі зноў рыхтуюць святочны канцэрт для сяброў-сыраробаў — умацоўваецца новая традыцыя. Сёлета падарункам будуць не толькі творчыя нумары юных артыстаў, але і сатканыя дзецьмі сувеніры.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара