Сакрэтамі падрыхтоўкі навучэнцаў да ЦЭ і ЦТ падзяліліся педагогі гімназіі Ганцавіч

- 9:00Главная, Знак качества, Образование

Стабальныя вынікі на цэнтралізаваных экзаменах атрымалі сёлета 7 выпускнікоў устаноў адукацыі Ганцавіч. Больш за ўсё сертыфікатаў з найвышэйшым балам на рахунку навучэнцаў гімназіі: у Дар’і Леўкавец — па англійскай (настаўніца Алена Дайлід) і рускай (настаўніца Галіна Герман) мовах, а ў Ягора Грыцкевіча — па грамадазнаўстве (настаўнік Аляксандр Кавалеўскі). Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Батл на дзясятку

У настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі Ганцавіч Галіны Герман выпрацавана правераная часам уласная сістэма падрыхтоўкі да ЦЭ і ЦТ.

— У практыцы маёй работы Дар’я Леўкавец — чац­вёрты стабальнік, — расказвае Галіна Мікалаеўна. — Першыя 100 балаў былі ў 2015 годзе. Ёсць у мяне выхаванцы, якія атрымалі больш за 80 балаў. Так, у Ягора Грыцкевіча — 85 балаў. Безумоўна, я вельмі рада за сваіх вучняў і задаволена сваёй дзейнасцю. Тым больш што ў сёлетніх выпускнікоў я вяла рускую мову і літаратуру толькі з 10 класа, а не з 5-га, як гэта прынята ў нашай гімназіі.

Падрыхтоўка да ЦЭ і ЦТ вядзецца на факультатыўных занятках (дзве гадзіны на тыдзень) па дакладным плане, складзеным на аснове пэўнай паслядоўнасці паўтарэння матэрыялу па раздзелах мовы (спачатку разглядаецца арфаграфія, потым пунктуацыя і г.д.).

— Я спалучаю класічнае выкладанне з інтэрактыўным узаемадзеяннем. Імкнуся тлума­чыць навучэнцам тэму літаральна на пальцах. Абавязковае маё патрабаванне — вядзенне старшакласнікамі канспекта. Пераканана, што глыбокае веданне тэорыі фарміруе трывалыя практычныя навыкі. І калі мы пачынаем адпрацоўваць тое ці іншае правіла, вучань прыходзіць са сшыткам у 96 лістоў і запісвае тэорыю па ходзе тлумачэння яе настаўнікам. Калі ж ён прапусціў заняткі, то абавязкова перапісвае канспект у аднакласніка, — адзначае Галіна Мікалаеўна.

Затым разам з вучнямі педагог сціскае вывучанае правіла і прадстаўляе яго ў выглядзе схемы, таб­ліцы, кластара. Каб правіла замацавалася ў памяці, навучэнец занатоўвае яго ў выглядзе зразумелых толькі яму схем альбо малюнкаў. Так, для вывучэння дзее­прыслоўных зваротаў у сказе ў сшытках гімназістаў з’явілася “морда кота”, а для засваення аднасастаўных сказаў — “телега односоставных предложений”.

У вучнёўскіх канспектах ствараецца “Банк слоў”, якія выклікаюць цяжкасці ў напісанні. Напрыклад, пры вывучэнні прыслоўяў, якія пішуцца асобна, занатоўваюцца спосабы ўспрымання (на глаз, на вкус, на слух, на ощупь) або розныя пачуцці (на диво, на удивление, на смех, на дыбы). Для лепшага запамінання словы-выключэнні аб’ядноўваюцца ў адзін сказ: “Финка Алка села в трехтонку, оперлась о колонку и с кристальным взглядом поехала смотреть оперетку, а на кабине от ветра качалась антенка”.

— На этапе практычнай адпрацоўкі правіла навучэнцы рашаюць тэставыя заданні і па ланцужку каменціруюць іх уголас. Потым яны самастойна выконваюць тэсты аднаго тыпу з самаправеркай, выпісваннем арфаграфічных ці марфалагічных памылак і аналізуюць іх разам са мной. Абавязкова прыводжу прыклады памылак, дапушчаных навучэнцамі пры выкананні ЦТ і ЦЭ ў папярэднія гады. Затым заданні тэстаў вучні рашаюць дома, выпісва­юць памылкі і ў выпадку неабходнасці звяртаюцца да настаўніцы па кансультацыю, — тлумачыць педагог.

Пасля паўтарэння ўсяго тэарэтычнага матэрыялу Галіна Мікалаеўна арганізоўвае батлы па рашэнні тэстаў (два вучні роўных здольнасцей рашаюць тэст, хто перамагае — атрымлівае дзясятку). А яшчэ выкарыстоўвае
аўтарскі прыём “Пагоня за сотняй”: навучэнец рашае тэсты са зборніка за пэўны год, пакуль не атрымае 100 балаў. Гэта захапляе старшакласнікаў, павышае матывацыю, развівае працавітасць і ўседлі­васць.

Поспех вучняў на экзамене заснаваны яшчэ і на ўменні аналізаваць, і гэтаму сёння неабходна вучыць дзяцей, пераканана настаўніца. Таму на занятках актыўна выкарыстоўваюцца такія метады, як “Завяршы фразу”, “Мазгавы штурм”, “Метаплан”, “Міні-даследаванне” і інш.

Абавязкова арганізоўваецца кантроль засваення матэрыялу для паўтарэння: навучэнцам прапаноўваюцца слоўнікавыя дыктанты розных відаў, залікі ў пісьмовым выглядзе па асноўных правілах арфаграфіі і пунктуацыі, раздзелах сінтаксісу.

Г.М.Герман выкарыстоўвае пры падрыхтоўцы навучэнцаў да ЦЭ і ЦТ шэраг дапаможнікаў беларускіх аўтараў, сярод якіх — “Русский язык в таблицах и тестах” Т.Л.Талкачовай, “Русский язык. Пособие для подготовки к обязательному централизованному тестированию” В.Я.Гарбацэвіч і інш., “Русский язык: к 100 баллам шаг за шагом” Т.У.Балуш. Праўда, як прызнаецца настаўніца, за гады работы ў яе склалася сваё бачанне выкладання некаторых правіл — яно найбольш набліжана да матэрыялу падручніка і адпавядае тэставым заданням.

— Што абавязкова прывя­дзе да поспеху на экзамене? Маё глыбокае перакананне: вучоба — гэта праца, і калі ў 5 класе мне кажуць, што ўрок павінен быць у гульнявой форме, я гэтага не разумею. Паказваю дзецям, што яны прыйшлі вывучаць навуку, рускую мову, і гэта зусім не гульня, а напружаная дзей­насць. Таму ад вучня патрабуюцца сапраўдная цікавасць да прадмета і працавітасць. А цікавасць узнікае з даверу да настаўніка. І калі вучні выбіраюць для здачы на ЦЭ мой прадмет, радуюся: я ім паказала, што магу нечаму навучыць, і яны мне давяраюць. Галоўнае для педагога — любіць свой прадмет, быць цярплівым і адданым справе, — падкрэ­слівае Г.М.Герман.

Стабальныя вынікі на цэнтралізаваных экзаменах атрымалі сёлета 7 выпускнікоў устаноў адукацыі Ганцавіч. Больш за ўсё сертыфікатаў з найвышэйшым балам на рахунку навучэнцаў гімназіі: у Дар’і Леўкавец — па англійскай (настаўніца Алена Дайлід) і рускай (настаўніца Галіна Герман) мовах, а ў Ягора Грыцкевіча — па грамадазнаўстве (настаўнік Аляксандр Кавалеўскі).

У цесным тандэме

“Чым больш засяроджана я працую, тым больш мне шанцуе” — гэтыя словы Леанарда да Вінчы, па меркаванні настаўніцы англійскай мовы Алены Дайлід, раскрываюць сакрэт паспяховасці ганцавіцкіх гімназістаў на ЦЭ.

На думку Алены Яўгенаўны, поспех складаецца з многіх фактараў: прыродных здольнасцей навучэнца, яго працавітасці, стрэсаўстойлівасці, матывацыі і мэты ў жыцці, а таксама наяўнас­ці аптымальных вучэбных матэрыялаў і ўдачы. Вельмі важна, каб склаўся тандэм настаўніка і навучэнца, якія разуме­юць адно аднаго з паўслова і мэтанакіравана ідуць да адной мэты.

— Стварэнне ўмоў для паспяховай здачы ЦЭ і ЦТ — адна з задач педкалектыву нашай гімназіі. Гэта і адкрыццё профільных груп, і падбор настаўнікаў і навучэнцаў. Мэтанакіраваная работа звычайна вядзецца з 5 класа на стымулюючых занятках, у старшых класах дабаўляюцца факультатывы. Высокаматываваныя вучні займаюцца дадаткова ў канікулярны час. Сёлета ў мяне былі тры прэтэндэнткі на 100 балаў па анг­лійскай мове. На жаль, Яна і Паліна дапусцілі па дзве памылкі і набралі па 91 бале, а вось Дар’я атрымала максімальны вынік. Лічу, што менавіта ўдзел у алімпіядах па рускай мове прывучыў дзяўчыну да працавітасці, самастойнасці, стрэсаўстойлівасці, паспрыяў таму, што яна лягчэй разумела, запамінала і сістэматызавала вучэбны матэ­рыял, — гаворыць педагог. — Што тычыцца англійскай мовы, то з майго боку патрабавалася падаб­раць неабходны вучэбны матэ­рыял, выявіць і ліквідаваць некаторыя недахопы (напрыклад, былі пытанні па прыназоўніках, формах дзеяслова). Да канца года мае выхаванкі паспявалі за 45 мінут выконваць па два тэсты, разлічаныя на 4 гадзіны.

За 22 гады работы Алена Яўгенаўна назапасіла шмат дыдактычнага матэрыялу (сабрана база вучэбных відэа, прэзентацый, тэстаў, аўтарскіх распрацовак) для пад­рыхтоўкі да экзамену. Педагог пастаянна дапаўняе яго, уносіць змяненні. Кожную тэму яна імкнецца патлумачыць зразумела і даходліва, трэніровачныя практыкаванні размяркоўвае ад простага да складанага і комплексна ўключае ў работу, улічваючы заданні тэстаў, дзе адпаведная тэма сустракаецца.

На занятках актыўна выкарыстоўваюцца матэрыялы даследчай работы дзевяцікласніцы Ілоны Гайчук “Сакрэты лішніх слоў у межах ЦТ і ЦЭ”, якая была ўдастоена дыплома ІІІ ступені на абласным конкурсе “З навукай у будучыню” і якая была напісана пад кіраўніцтвам Алены Дайлід.

— Работа мае вялікую практычную значнасць. Заданне на знаходжанне лішніх слоў складае 25% усяго тэста і амаль палову часткі В. Справа ў тым, што дапаможнік па падрыхтоўцы да ЦТ і ЦЭ змяшчае інфармацыю, як правільна прымяняць тое ці іншае правіла, якое слова з’яўляецца лішнім, але не тлумачыць, чаму яно з’яў­ляецца такім. Аўтар азнаёмілася з заданнямі на знаходжанне лішніх слоў з моманту іх з’яўлення ў тэстах у 2010 годзе. Усе выпадкі лішніх слоў былі дакладна вывучаны для знаходжання агульных прымет, былі сфармуляваны правілы па кожным пункце і апісаны з прывядзеннем прыкладаў, — тлумачыць настаўніца.

Пры падрыхтоўцы да экзамену для кожнага класа ствараецца група ў Telegram і Viber, дзе выкладваюцца правілы, табліцы, спасылкі на анлайн-практыкаванні і інш. Педагог адказвае на пытанні, якія ўзніка­юць у дзяцей.

— З некаторымі навучэнцамі вядзём асабістую перапіску, калі ім патрабуюцца дадатковыя заданні па той ці іншай тэме. Усе неабходныя матэрыялы я маю ў электронным выглядзе, — дадае А.Я.Дайлід.

Урокі і стымулюючыя заняткі педагог імкнецца разнастаіць праглядам відэа, прэзентацыямі, гульнямі. Напрыклад, вельмі падабаецца старшакласнікам і падыхо­дзіць для фармату тэсціравання Jeopardy Game або “Свая гульня”. Навучэнцы пашыраюць свае веды ў гульнявой форме.

— Спадзяюся, што поспех Дар’і стане добрым стымулам для будучых выпускнікоў. Нашы юныя зоркі вучацца ў 8 класе. Ліза Валчок, напрыклад, ужо наведала тры этапы рэпетыцыйнага тэсціравання па англійскай мове і на адным з іх атрымала найвышэйшы вынік. Але мы разумеем, што самазаспакойвацца рана. Думаю, далейшая мэтанакіраваная работа прынясе запаветныя 100 балаў, — адзначае Алена Дайлід.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара