Настаўнікаў Селішчанскай сярэдняй школы Слуцкага раёна Наталію і Уладзіміра Кулакоўскіх рэдка можна ўбачыць паасобку. За 38 гадоў сямейнага жыцця і сумеснай працы ў адной школе яны так і не наталіліся ўзаемаадносінамі, а самыя вялікія перапынкі, якія яны могуць вытрымаць, каб не ўбачыцца, — 45 мінут урока. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Нават кабінеты маіх суразмоўнікаў знаходзяцца побач, праз сцяну. Ды і вучні ў іх, можна сказаць, агульныя: у Наталіі Міхайлаўны, настаўніцы пачатковых класаў, сёлета першакласнікі, а выпускны 4-ты яна перадала Уладзіміру Анатольевічу як новаму класнаму кіраўніку. Яна расказала мужу пра моцныя бакі сваіх вучняў, пра тое, як знайсці падыход да кожнага з іх, нават знаёміла мужа з бацькамі выпускнікоў. Разам Наталія і Уладзімір і на школьных мерапрыемствах, і на раённых конкурсах, спартакіядах, і ў турыстычных паходах, на школьных экскурсіях…
— Мы з Уладзімірам выраслі тут, у Селішчы. Калі былі студэнтамі і прыязджалі дадому, часта бывалі ў адной кампаніі сяброў. Калі ён вярнуўся з арміі, сустрэліся на танцах і ўжо сталі прыглядацца пільней адно да аднаго, а пазней пажаніліся, — успамінае Наталія Міхайлаўна.
Лагічным быў і шлях маіх суразмоўнікаў у прафесію. Так, у Наталіі Міхайлаўны быў перад вачыма прыклад — дзве настаўніцкія сям’і сярод сваякоў:
— Мой дом быў насупраць школы. У гэтай школе я вучылася, сюды ж і вярнулася працаваць. Тут у свой час працаваў дырэктарам мой родны дзядзька, а яго жонка была настаўніцай пачатковых класаў, праўда, у іншай школе. Іх дачка (мая стрыечная сястра) і яе муж таксама былі настаўнікамі. Але не толькі гэта паўплывала на мой выбар. Я заўсёды любіла маляваць, ствараць прыгожыя рэчы сваімі рукамі і знаходзіць агульную мову з дзецьмі. Вось і аб’яднала гэта ў сваёй прафесіі. Работа ў пачатковых класах — гэта мой маленькі свет. Свет шчырасці, адкрытасці і творчасці.

Настаўнік фізкультуры Уладзімір Анатольевіч таксама атрымлівае асалоду ад працоўнай дзейнасці. Ён жартуе, што яго прадмет — галоўны ў школе. І калі яго вучні нешта не вывучылі па матэматыцы ці гісторыі, то ўсур’ёз гавораць настаўнікам: “Галоўнае, каб мы былі здаровымі. Інакш і веды не спатрэбяцца”.
— Яшчэ ў дзяцінстве я палюбіў фізкультуру. Адказваў за спартыўна-масавы сектар: быў фізаргам класа, а потым і ўсёй школы. Памятаю, як у 8 класе нам далі тэму сачынення “Кім я хачу быць”, і ўжо тады я ўсвядомлена напісаў, хто хачу стаць толькі настаўнікам фізкультуры. Сваю мару я і ажыццявіў, скончыўшы Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры і Магілёўскі педагагічны інстытут імя А.А.Куляшова. Сапраўды, для мяне самае галоўнае — здароўе дзяцей. Хачу, каб мае вучні клапаціліся пра сябе, каб вялі здаровы лад жыцця і цяпер, і ў дарослым узросце, каб гэта стала іх жыццёвай патрэбай. А для гэтага мала прыходзіць на заняткі згодна з раскладам. Стараюся, каб мае вучні і па вечарах былі максімальна задзейнічаны ў спартыўных секцыях на іх выбар, — дзеліцца Уладзімір Анатольевіч.
Зрэшты, лад жыцця настаўнікаў Кулакоўскіх — найлепшы прыклад для вучняў. Муж і жонка ў пастаянным руху: то сплаўляюцца па Случы на байдарках ці лодках, то адпраўляюцца на рыбалку. Прычым менавіта Наталія Міхайлаўна — рыбачка, а муж толькі складае ёй кампанію, ставіць палатку, адказвае за касцёр і юшку. Па вечарах яны ходзяць на прагулкі, часта выязджаюць у сталічныя тэатры, штогод бываюць на “Славянскім базары”.
Зрэшты, паездкі па Беларусі — іх галоўнае агульнае захапленне. Кожныя свабодныя выхадныя і канікулы ў іх распісаны. Напрыклад, на наступныя запланавана наведванне Гродна і Ліды. Наталія Міхайлаўна шмат гадоў была старшынёй прафкама, таму яны з мужам далучылі да сваёй кампаніі і іншых калег. Разам яны аб’ехалі ўсю Беларусь: Ружаны, Косава, Навагрудак і дзясяткі іншых гарадоў і пасёлкаў з багатай гісторыяй. Малодшы сын Кулакоўскіх прапаноўвае бацькам аплаціць ім замежную паездку, але тыя ўпарта адмаўляюцца: “Навошта? Нам у Беларусі куды больш падабаецца”.
Уладзімір Анатольевіч прызнаецца:
— Калі мы толькі збіраліся пажаніцца, я ўсё баяўся, што не знойдзецца столькі агульных тэм для размоў, што нам з Наталіяй стане сумна. А аказалася, нам катастрафічна не хапае часу, каб нагаварыцца. Сам дзіву даюся!
Але пры гэтым, вядомая справа, мужу і жонцы даводзіцца вырашаць і спрэчныя моманты — сямейнага жыцця без гэтага не бывае. Каб рабіць гэта мірна, без крыўд і канфліктаў, у сям’і Кулакоўскіх ёсць сакрэт:
— Калі ўзнікае сітуацыя, якая можа перарасці ў спрэчку, мы садзімся і пачынаем дэбаты. Кожны выказвае сваё меркаванне, і так мы прыходзім да адзінага рашэння, якое задавальняе ўсіх. Гэта ўжо стала традыцыяй, якую перанялі нашы сыны — ужо ў сваіх сем’ях яны праводзяць такія дэбаты, — расказвае У.А.Кулакоўскі.
Наталія Міхайлаўна дапаўняе:
— Мужчыны па сваёй прыродзе больш стрыманыя, неканфліктныя. А мы, жанчыны, больш імпульсіўныя, нам асабліва важна адчуваць момант, калі трэба спыніцца і не ператварыць дэбаты ў спрэчку. А яшчэ трэба кахаць адно аднаго, падтрымліваць і дапамагаць. Усё, што робіцца ў сям’і, павінна быць узаемным — узаемапавага, узаемаразуменне, узаемападтрымка, узаемадапамога.
— А яшчэ нельга засяроджваць увагу на жыццёвых дробязях і праблемах. Калі трэба нейкую праблему вырашыць — вырашайце, а не атрымалася — праходзьце міма. Любы негатыў мае ўласцівасць назапашвацца. Не давайце яму запамінацца вам! — раіць Уладзімір Кулакоўскі.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара





