Сапраўднай энцыклапедыяй Смілавіч называюць метадыста Чэрвеньскага раённага ВМК Людмілу Драпеза

- 9:05Главная, Образование

Унікальная архітэктура гарадскога пасёлка, яго храмы і паркі, жыццё і творчасць Хаіма Суціна, трагедыя Халакосту падчас Вялікай Айчыннай вайны — усе гэтыя старонкі гісторыі педагог зберагае ў сваім сэрцы і дзеліцца імі з іншымі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”. 

Прага да жыцця

З Людмілай Вацлаваўнай мы сустрэліся ў сярэдняй школе № 1 Смілавіч, дзе знаходзіцца музей Халакосту “Ведаць, каб памятаць, — памятаць, каб жыць”. Ён адкрыўся год назад дзякуючы вялікім намаганням тагачаснага дырэктара Ірыны Батура, і ўжо стаў вядомы, без перабольшання, на ўвесь свет. Педагог праводзіць экскурсіі па музеі для школьнікаў і розных дэлегацый, ведае ўсё пра страшную гісторыю яўрэйскага гета ў мястэчку Смілавічы. А яшчэ яна — старанная захавальніца гісторыі горада-пасёлка.

Людзі, блізкія да Людмілы Драпеза, кажуць: нястрымная энергія, прага да жыцця дапамагаюць педагогу быць у курсе ўсіх падзей, набываць веды, якімі не валодаюць нават карэнныя жыхары.

— У адукацыі я працую 50 гадоў, першыя 10 выкладала ў школе роднага Вілейскага раёна беларускую мову і літаратуру, — расказвае пра сябе педагог. — Ужо тады мела пасведчанне важатага-метадыста, ва ўсім раёне такіх важатых было только некалькі чалавек — мне вельмі падабалася працаваць з людзьмі. Пераехала я ў Смілавічы больш за 40 гадоў назад услед за мужам — настаўнікам фізкультуры, які, на жаль, трагічна загінуў. Большую частку прафесійнага жыцця працавала ў сярэдняй школе № 2, потым у турыстычна-краязнаўчым цэнтры Чэрвеньскага раёна. Тады і захапілася краязнаўствам і турызмам… З таго часу не магу насыціцца прыгажосцю, унікальнай гісторыяй нашага краю — ствараю буклеты, брашуры для дзяцей і дарослых. Галоўная мэта маёй асветніцкай дзейнасці — перадаць ім скарб ведаў пра родную зямлю.

Вяду Telegram-канал пра гісторыю Чэрвеньшчыны, прымаю ўдзел у выставах, у тым ліку міжнародных. У гэтым годзе на выставе “Адпачынак-2025” у “БелЭкспа” прадстаўляла заснаваны мной у сярэдняй школе № 2 Смілавіч музей “Гісторыя мануфактуры Беларусі”, а таксама музей смілавіцкага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Прастора Хаіма Суціна” і іншыя матэрыялы па гісторыі раёна.

Разам з калегамі метадычнага кабінета мы распрацоўваем маршруты па раёне, робім відэапрэзентацыі і прадстаўляем іх на выставах па турызме. Прыкладам з’яўляецца маршрут-экскурсія “Падарожжа па Ігуменскім тракце”, якая ўвайшла ў топ экскурсій па выніках правядзення абласнога і рэспубліканскага семінараў па турызме.

— На тэрыторыі сярэдняй школы № 1 Смі­лавіч , якой толькі што прысвоілі статус “Школа міру”, акрамя музея Халакосту, знаходзіцца помнік настаўнікам і вучням, якія ў 1941 годзе пайшлі на фронт і загінулі на вайне, — кажа намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вікторыя Палячкова. — На нашым будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка воіну-інтэрнацыяналісту Яўгену Мядзведзеву, які загінуў у Афганістане, — ён вучыўся ў гэтай школе, а яго сястра зараз працуе тут настаўніцай малодшых класаў. Кожны год у дзень воінаў-­інтэрнацыяналістаў мы право­дзім памятны мітынг, урокі мужнасці. Рэгулярна прымаем удзел у інавацыйным праекце “Кінаўрокі міру”. А Людміла Вацлаваўна Драпеза з гэтага года вядзе ў нас гурток “Юныя экскурсаводы” і кіруе новым музеем Халакосту.

Тонкія ніці

— Тэмай Халакосту ў Смілавічах я займаюся ўжо 17 гадоў, — успамінае Людміла Драпеза. — Звесткі пра яго мы з дзецьмі і педагогамі збіралі па ўсім раёне і напісалі вялікую даследчую работу. На рэспубліканскім конкурсе работ па тэме Халакосту ў Мінску яна заняла 1-е месца. Людзі ахвотна дзяліліся з намі інфармацыяй са сваіх сямейных архіваў.

Мы даведаліся, што ў сярэдняй школе № 1 Смілавіч настаўнічалі Феадосія Халадзінская і Аляксандра Лубочкіна, якія ратавалі яўрэяў падчас вайны. Дзякуючы нашаму даследаванню, жанчынам было прысвоена званне “Праведнік народаў свету”.

Мы перапісваемся з нашчадкамі выратаваных яўрэяў з усяго свету: сведак тых падзей ужо няма, але ёсць сваякі, якія выходзяць з намі на кантакт. Бывае, звязваем паміж імі тонкія ніці, якія былі разарваны гадамі.

Па музеі Халакосту Людміла Вацлаваўна можа вадзіць гасцей гадзінамі, спыняецца ля кожнага экспаната. Сярод іх — рэальныя рэчы людзей, якія загінулі ў смілавіцкім гета: туфлі, акуляры, пласкагубцы… Настаўніца раскажа пра любую дробязь, хаця, як яна заўважыла, дробязей тут няма — за кожнай рэччу свая трагедыя. А які багаты дакументальны матэрыял тут сабраны! Кнігі, фота, газетныя артыкулы. У музеі некалькі залаў, у адным — тыповая хата на вуліцы Яўрэйскай, як яе называлі ў Смілавічах да вайны: усе яўрэі жылі ў мястэчку вельмі дружна. Наступныя залы прысвечаны ўспамінам відавочцаў падзей на Саламянцы 14 кастрычніка 1941 года, калі 2 тысячы яўрэяў былі расстраляны немцамі. Сярод тых, хто пакінуў успаміны, Майсей Гарэлік, шаснаццацігадовы хлопец, — ён цудам выжыў у той яме, нават у кнізе “Памяць” Чэрвеньскага раёна ён значыцца загінуўшым.

Гасцінная зямля

Ужо некалькі гадоў запар Людміла Драпеза ўдзельнічае ва Усебеларускай экспедыцыі “Машрутамі памяці. Маршрутами адзінства”, прымае выязныя рэспубліканскія семінары Нацыянальнага агенцтва па турызме, якія праходзяць у Смілавічах. Апошні, дарэчы, адбыўся толькі што, у лістападзе: на ім быў прэзентаваны новы маршрут “Смілавічы — Чэрвень: ад мінулага да сучаснасці”. Людміла Вац­лаваўна праводзіць экскурсіі па Смілавічах для педагогаў з усёй краіны, а таксама з Расіі, Таджыкістана, Азербайджана. Усе яны абавязкова наведваюць музей Халакосту, а таксама “Яму”, ці “Саламянку” — так тут называюць месца масавага забойства мірных жыхароў.

— Адна з маіх апошніх брашур — “Даведнік па Чэрвеньскім краі”, — гаворыць Людміла Драпеза. — У гэтым годзе я прадстаўляла яго на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе краязнаўчых выданняў. З дапамогай калег нават пераклала даведнік на англійскую мову! Наогул наша Смілавіцкая зямля вельмі гасцінная, нам заўсёды ёсць што паказаць. Зараз працую над кнігай па духоўна-маральным выхаванні “Духоўнай радасці ззянне”, дзе расказваю пра храмы Чэрвеньскага раёна, асаб­ліва нашы Смілавіцкія — Казанскай іконы Божай Маці і святога Георгія Перамаганосца. Апошні ўнікальны тым, што ў ім захоўваюцца царкоўныя кнігі XVII—XVIII стагоддзяў. З настаяцелем храма мы плануем стварыць спецыяльны пакой для такой літаратуры, каб людзі маглі прыйсці і паглядзець яе. Арганізую экскурсіі і ў вёску Карзуны — там ёсць невялікі храм Аўгустоўскай іконы Божай Маці, якая асабліва дапамагае воінам. Яго будаваў сам архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан разам з вяскоўцамі, бо тут яго радзіма. У храме ўстаноўлены дзве пліткі, дзе выгравіраваны імёны жыхароў вёскі, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Як толькі знаходжу новае цікавае месца на Чэрвеньшчыне, збіраю школьнікаў з усяго раёна і вяду туды на экскурсію — у гэтым мая місія і прызванне.

Дарэчы, Людміла Вацлаваўна ўзнагароджана Архіерэйскай граматай у благаславенне за работу па духоўна-маральным выхаванні.

— Калі адкрыўся музей Халакосту, я напісала лісты-запрашэнні ў школы раёна — і многія адгукнуліся, — расказвае яна. — Мае юныя экскурсаводы з 7—8 класаў дапамагаюць мне праводзіць экскурсіі. Плануем з імі рабіць і невялікія інсцэніроўкі на ваенную тэматыку.

Разам са школьнікамі Людміла Вацлаваўна сабрала цікавы матэрыял і пра воіна-інтэрнацыяналіста Яўгена Мядзведзева. А на аснове гутарак з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны Чэрвеньскага раёна падрыхтавала з вучнямі зборнік “Маленькія гісторыі вялікіх перамог”.

— У мяне таксама сабраны багаты матэрыял пра ветэранаў афганскай вайны, — адзначае яна. — Многіх з маіх герояў ужо няма, але засталіся іх успаміны.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара