Сертыфікат «Антыдвойка» і іншыя бонусы: Святлана Максіменка распрацавала сістэму матывацыі для пачаткоўцаў

- 9:05Главная, Образование

Выклікаць у дзяцей цікавасць да вучобы настаўніцы пачатковых класаў Прылепскай сярэдняй школы Смалявіцкага раёна Святлане Максіменка дапамагае ўласна створаная сістэма матывацыі. Бонусы, якія педагог прапаноўвае, спрыяюць павышэнню паспяховасці ў вучняў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Салодкі стол — абавязковы!

Увесь час, пакуль працуе ў школе, Святлана Аляксандраўна не толькі вучыць школьнікаў, але і сама вучыцца ў іх. На пытанне, што больш за ўсё любіць у сваёй прафесіі, настаўніца адказвае, што самае важнае і прыемнае для яе — зносіны з дзецьмі.

— Побач з імі адчуваеш сябе маладой, пастаянна атрымліваеш зарад бадзёрасці і энергіі, — дзеліцца педагог. — У школе я амаль 20 гадоў, пачынала сваю дзей­насць настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Праз некаторы час пакінула прафесію дзеля выбарнай пасады ў сельвыканкаме. Калі вярнулася, спачатку ішла на замену дэкрэтнага водпуску на некалькі месяцаў у 1 клас. А потым… Мяне проста пакарылі мае маленькія вучні! Мне дастаўся выдатны клас — 20 непаседлівых малышоў, кожны з іх са сваім характарам і тэмпераментам. Я вучыла іх, а яны вучылі мяне.

Дзякуючы чаму ў маленькага дзіцяці фарміруецца жаданне вучыцца? Што мае значэнне для школьнікаў? Святлана Аляксандраўна ўпэўнена, што любому вучню, асабліва ў малодшых класах, павінна быць цікава хадзіць на ўрокі:

— Для кожнага маленькага навучэнца важныя падтрымка і прыняцце яго такім, які ён ёсць. Калі гэтыя ўмовы выконваюцца, тады і дзеці бягуць у школу з задавальненнем.

Не трэба забываць і пра правільную матывацыю: за гады работы Святлана Аляксандраўна прадумала яе дэталёва і спынілася на тым, што мае большае ўздзеянне на фарміраванне асобы вучня.

— Што мы толькі не робім з дзеткамі! — працягвае настаўніца пачатковых класаў. — Перыя­дычна арганізоўваем жывыя куткі. Так, на заняткі прыносілі яшчарку, жука-плывунца, хрушчоў. Было і такое, што ў класе на працягу тыдня жыў трус, а не так даўно ў нас у гасцях быў жывы рак — яго многія бачылі ўпершыню.

Заняткі, якія арганізуе педагог, дапамагаюць пашырыць уяўленне аб жывой прыродзе, вучаць асновам экалогіі і беражлівасці. Прыгожая традыцыя — цырымонія чаяпіцця. Святлана Аляксандраўна арганізуе яе падчас вялікага перапынку і без усялякіх прычын. Педагог упэўнена, што гэта дапамагае дзецям зблізіцца і вучыць успрымаць настаўніка як роднага чалавека, якому можна давяраць:

— Я прыношу ў школу дамашняе варэнне, якое сама гатую, мы разам са­дзімся, п’ём чай, размаўляем, абмяркоўваем тое, што ў нас адбылося. На мерапрыемствах, якія прахо­дзяць у шосты школьны дзень, чаяпіцце і салодкі стол — абавязковыя. Прыемна, што бацькі нас падтрымліва­юць. У хлопчыка з нашага класа мама кандытар, яна гатуе вельмі смачныя пірожныя для ўсіх дзетак на дзень нараджэння. Экскурсіі — гэта таксама бонусы ў якасці заахвочвання за добрыя паводзіны і паспяховасць. За два гады, якія мы разам, пабывалі ў Дукорскім маёнтку, у Станькаве, у музеі авіяцыі і космасу, у музеі народнага мастацтва ў Раўбічах і інш. На восеньскіх канікулах запланавалі паездку ў Нацыянальную бібліятэку.

Каб яшчэ больш аб’яднаць дзяцей вакол сябе, настаўніца разам з вучнямі пачала выпускаць насценную газету. Па словах Святланы Аляксандраўны, вопыт аказаўся ўдалым, таму перыядычнае выданне ў 2 класе стане штомесячным.

— Ідэя спадабалася і дзецям, і бацькам, — дадае педагог. — Навіны і інфармацыю для нашага выдання школьнікі будуць падбіраць самі, галоўная ўмова — пісаць акуратна і без памылак. А яшчэ мы разам ставім спектаклі. Зараз рыхтуем пастаноўку “Муха-Цакатуха”.

Сітуацыі поспеху

Для павышэння паспяховасці ў навучэнцаў Святлана Максіменка прадугледзела іншыя цікавыя бонусы. Так, за выкананне класнай і дамашняй работы на дзясяткі вучань атрымлівае адзін бал, які ў наступным можа выкарыстаць для павышэння адзнакі па прадмеце за вусны адказ, а сертыфікат “Антыдвойка” ўручаецца на дзень нараджэння.

— Настаўнік павінен пастаянна ствараць сітуацыю поспеху для кожнага вучня незалежна ад яго індывідуальных здольнасцей, — упэўнена педагог. — Я ствараю спрыяльнае асяроддзе ў класе: выбудоўваю даверныя адносіны з дзецьмі, падтрымліваю, веру ў іх і не крытыкую за памылкі, а вучу не баяцца памыляцца, бо на памылках мы вучымся. Заўсёды нагадваю школьнікам, што не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Каб нам было цікава вучыцца, стараюся ў кожны ўрок унесці нешта новае, цікавае. У асноўным ідэі бяру з нашага школьнага, класнага жыцця, з мерапрыемстваў, назіранняў за дзецьмі, за іх захапленнямі. Што да выкладання, то выкарыстоўваю міжпрадметныя сувязі для развіцця сістэмнага мыслення і для павышэння эфектыўнасці ўрока. Асноўны прынцып маёй работы — тут і зараз.

Святлана Аляксандраўна ўпэўнена: настаўнік павінен не толькі вучыць, але і выхоў­ваць. Каб дасягнуць выніку, трэба быць сябрам для дзіцяці і ўзаемадзейнічаць з сям’ёй.

— Кожны ўрок мае сваю выхаваўчую задачу, — падкрэс­лівае настаўніца. — Часам неабходна спыніцца на нейкім выхаваўчым моманце, нават калі гэта ідзе ва ўрон заняткам, каб не страціць нешта больш каштоўнае. Прабел у ведах выправіць прасцей, чым у сістэме выхавання.

Для паспяховай і выніковай работы вельмі важная ўзаемасувязь “настаўнік — вучань — бацькі”. Яна ўсталёўваецца прасцей у пазакласнай рабоце. Гэта кансультацыі для бацькоў, бацькоўскія сходы, класныя, агульнашкольныя і суботнія мерапрыемствы, экскурсіі, грамадска карысная праца і інш. За час работы ўпэўнілася, што для баць­коў вельмі важна бачыць сваё дзіця ў асяроддзі аднакласнікаў, што яны сябруюць і падтрымліваюць адно аднаго. На бацькоўскія сходы і суботнія мерапрыемствы да нас амаль заўсёды ўсе школьнікі прыходзяць з мамамі і татамі.

Што можна назваць актуальнай ­праблемай у сістэме адукацыі? Акрамя нізкай культуры чытання, якая назіраецца ў пачатковай школе, настаўніца вылучае таксама адсутнасць увагі ў дзяцей. Святлана Максіменка лічыць, што гэта звязана з інфармацыйнай перагружанасцю: з выкарыстаннем тэлефонаў, іншых гаджэтаў, з няправільным рэжымам дня:

— Школьнікам трэба паўтараць некалькі разоў адну і тую ж інфармацыю. У пачатковай школе на ўроку заўсёды адбываецца змена дзейнасці. Калі раней гэты інтэрвал быў кожныя 15 мінут, то сёння — 5—10. У вучняў фарміруецца кліпавае мысленне, яны не бачаць сэнсу ў запамінанні, а хуткае пераключэнне паміж рознымі крыніцамі перашкаджае сканцэнтраваць увагу. Менавіта таму настаўнік павінен быць прыкладам для навучэнцаў. Не сакрэт, што хлопчыкі і дзяўчынкі паўтара­юць усё за педагогам, капіруюць яго паводзіны, фразы, жэсты, а значыць, нам трэба ва ўсім быць прыкладам для тых, каго вучым.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА