Школа, дзе вучаць поспеху

- 12:35Гродзеншчына

“З паспяховай школы — у паспяховае жыццё” — пад такім дэвізам працуе калектыў сярэдняй школы № 39 імя І.Д.Лебедзева Гродна і вызначае як прыярытэты высокую якасць адукацыі, стварэнне атмасферы творчасці, клопат аб ахове і захаванні здароўя выхаванцаў, фарміраванне ў навучэнцаў актыўнай жыццёвай пазіцыі, выхаванне патрыятызму і талерантнасці.

Дырэктар школы Аксана Пятрова.

Школа мае свае адметнасці. Яна пачала праца­ваць у 2014 годзе і стала першай навучальнай установай у Альшанцы, новым буйным мікрараёне Гродна. Таму нядзіўна, што вучыцца тут пачалі больш за тры тысячы чалавек. Зараз у 93 класах вучацца 2246 навучэнцаў — у мікрараёне пабудавалі яшчэ адну школу, і гэта дазволіла “разгрузіць” 39-ю.

У школе 33 вучэбныя кабінеты, два камп’ютарныя класы, 6 лінгафонных кабінетаў, актавая і спартыўная залы, стадыён, два тэнісныя корты, трэнажорная зала, басейн, сталовая, медыцынскі і стаматалагічны кабінеты. Дзейнічаюць 28 гурткоў рознай накіраванасці: танцавальны, вакальны, тэатральны, выяўленчага мастацтва; спартыўныя секцыі па баскетболе, валейболе, футболе, гандболе, тэнісе, плаванні, барацьбе, цяжкай і лёгкай атлетыцы. На базе школы адкрыты філіялы музычнай школы № 1 Гродна і чатырох спартыўных школ: па цяжкай атлетыцы, вольнай барацьбе, плаванні, гандболе.

У школе арганізавана работа спартыўных і ваенна-патрыятычных класаў, профільных класаў на ІІІ ступені адукацыі, педагагічных груп.

Падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве з педагагічным факультэтам, факультэтам гісторыі, камунікацыі і турызме Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, з Гродзенскім філіялам інстытута правазнаўства. На базе школы адкрыты філіял кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ імя Янкі Купалы. Навучэнцы школы маюць магчымасць прымаць удзел ва ўніверсітэцкіх конкурсах, алімпіядах.

Вучні школы вывучаюць тры замежныя мовы: англійскую, нямецкую і кітайскую. З 2019 года вывучэнне кітайскай мовы вя­дзецца ў якасці першай замежнай. Створаны кабінет кітайскай мовы.

Пры супрацоўніцтве з гродзенскім філіялам Цэнтра медыяцыі і права вядзецца праца па навучанні школьнікаў бесканфліктным зносінам. Створаны кабінет медыя­цыі. Каманда медыятараў школы з’яўлялася пераможцам конкурсаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.

Прадставіўшы такую візітную картку сярэдняй школы № 39, яе дырэктар Аксана Анатольеўна Пятрова працягвае:

— Наша школа адаптыўная, у ёй вучацца дзеці з рознымі здольнасцямі і матывацыяй. Мэта педагагічнага калектыву — стварыць такія ўмовы, каб кожны вучань мог вызначыць індывідуальны маршрут развіцця і рэалізаваць яго.

Для дасягнення гэтай мэты тут выкарыстоўваюць праектны падыход. Так, у 2018 годзе пачалася рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці вучняў: інтэграцыя вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці ўстановы адукацыі — сацыякультурнага цэнтра рэгіёна”.

— На наш погляд, асабліва важна разглядаць гэтае пытанне ў кантэксце трансфармацыі ідэнтычнасці маладога пакалення, паколькі маладыя людзі выступаюць носьбітамі новых каштоўнасцей, мадэлей паводзін і культурных узораў, якія будуць перадавацца наступным пакаленням, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Антонаўна Богдан. — Усё гэта дазваляе разглядаць моладзь як патэнцыял развіцця беларускага грамадства, яго стратэгічны рэсурс. Вывучэнне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці і ўкараненне ма­дэлі па яе фарміраванні ўяўляецца асабліва актуальным таксама таму, што Беларусі ўласцівы поліэтнічнасць і мультыкультурнасць.

Прыступаючы да рэалізацыі праекта, педагагічны калектыў ставіў наступныя задачы: аптымізаваць мадэль фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці навучэнцаў праз інтэграцыю вучэбнай і пазаўрочнай дзейнасці ў рамках арганізацыі дзейнасці комплексаў-майстэрняў — навукова-даследчага, сацыяльна-педагагічнага, мастацка-эстэтычнага і фізкультурна-спартыўнага; павысіць якасць адукацыі праз пашырэнне варыятыўнасці асобасна арыентаваных праграм і форм навучання ў рамках рэалізацыі кампетэнтнаснага, этнакультуралагічнага, інтэгратыўна-тэматычнага падыходаў; укараніць у адукацыйны працэс змест прадметнай накіраванасці і пазаўрочнай дзейнасці па фарміраванні нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці навучэнцаў.

Педагогі ўключыліся ў практыка-даследчую дзейнасць па тэмах “Павышэнне ўзроўню нацыянальнай культуры асобы навучэнцаў праз інтэграцыю вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці”, “Развіццё асобы навучэнцаў з высокім узроўнем сфарміраванасці нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці праз фарміраванне даследчых кампетэнцый навучэнцаў”, “Фарміраванне нацыянальна-культурных кампетэнцый вучняў у працэсе выкарыстання кінетычнага пяску”, “Беларускія спартыўныя гульні — эфектыўны сродак выхавання нацыянальна-культурнай асобы”, “Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці ў працэсе рэалізацыі праектнай дзейнасці”, “Фарміраванне нацыянальна-культурных кампетэнцый вучняў праз далучэнне да духоўнай спадчыны”, “Выкарыстанне магчымасцей інфармацыйна-адукацыйнай прасторы і сродкаў масавай інфармацыі для фарміравання нацыянальна-культурных кампетэнцый навучэнцаў”.

— У 2021 годзе праект будзе завершаны. Заключны год рэалізацыі інавацыйнага праекта дазваляе гаварыць аб адчувальных зменах, якія адбыліся з удзельнікамі праекта, а таксама аб новым узроўні ўзаемаадносін паміж усімі прадстаўнікамі соцыуму, — гаворыць дырэктар школы. — Вынікі анкетавання па вызначэнні ўзроўню інавацыйнай дзейнасці на пачатак работы ў праекце паказалі, што 59 працэнтаў педагогаў паглынуты навінамі, пастаянна імі цікавяцца, заўсёды ўспрымаюць і ўкараняюць іх першымі, 24 працэнты апытаных цікавяцца навінамі, але не ўкараняюць іх усляпую, ацэньваюць мэтазгоднасць новаўвядзення, 17 працэнтаў успрымаюць новаўвядзенні як важную з’яву, але вялікай ініцыятывы не праяўляюць. У сакавіку 2020/2021 навучальнага года былі атрыманы наступныя вынікі: 75 працэнтаў педагогаў паглынуты навінамі, пастаянна імі цікавяцца, заўсёды ўспрымаюць і ўкараняюць іх першымі, 17 працэнтаў апытаных цікавяцца навінамі, але не ўкараняюць іх усляпую, ацэньваюць мэтазгоднасць новаўвядзення, 8 працэнтаў успрымаюць новаўвядзенні як важную з’яву, але вялікай ініцыятывы не праяўляюць.

З мэтай стварэння асаблівага асяроддзя, узмацнення імкнення вучняў да фарміравання нацыя­нальна-культурнай ідэнтычнасці сфарміравана сетка дадатковай адукацыі: арганізавана работа аб’яднанняў па інтарэсах “Беларус­кая батлейка”, “Вершаваная музыка”, “Гродназнаўства”, “Айчына”, клуба юных гісторыкаў “Мая Альшанка”, пошукавага клуба “Абаронца Айчыны”, творчай лабараторыі “Чароўная лялька”, секцыі “Краязнаўства” ў рамках навуковага таварыства навучэнцаў “Пошук”, прававога клуба “Прававеды”, лабараторыі юных даследчыкаў “Ад пошуку да ісціны”. Арганізаваны факультатыўныя заняткі “Прапільная разьба і выпальванне па драўніне”, “Святы і традыцыі”, “Творчая майстэрня”, “Храмы, замкі і палацы Беларусі”.

Члены вучнёўскай літаратурнай суполкі “Альшанскі перазвон” штогод выпускаюць аднайменны друкаваны альманах на беларускай мове. Папулярызацыі літаратурнай і выяўленчай творчасці дзяцей садзейнічае цеснае супрацоўніцтва з Гродзенскім абласным аддзяленнем грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

— Першы альманах “Альшанскі перазвон” мы падрыхтавалі ў 2018 годзе. На яго прэзентацыю запрасілі гродзенскіх паэтаў і пісьменнікаў, — расказвае кіраўнік аб’яднання, настаўніца беларус­кай мовы і літаратуры, кіраўнік мастацка-эстэтычнага комплексу-майстэрні Эма Уладзіміраўна Урублеўская. — Нашы навучэнцы з задавальненнем наведва­юць і набіраюцца вопыту прадметнай дыскусіі на розныя актуальныя літаратурныя тэмы ў грамадска-дыскусійным клубе “Словадром”, атрымліваюць веды і навыкі, займаючыся ў грамадскай літаратурнай школе. Ёсць у нас і дасягненні. У рамках рэалізацыі праекта “Першыя” кампаніі А1 дзеці ўдзельнічалі ў крэатоне “Першыя ідэі: тэхналогіі”. Наша навучэнка Віялета Архіпава ўвайшла ў тройку лепшых спікераў ідэй, а Дар’я Булаш атрымала каштоўны падарунак за лепшае валоданне беларускай мовай сярод амаль ста ўдзельнікаў 9—11 класаў Гродзеншчыны.

Члены “Альшанскага перазвону” ў гэтым го­дзе ­ўдзельнічаюць у міжнародным конкурсе-фестывалі паэзіі і паэтычнага перакладу “Берагі сяброўства”, а чацвёрты выпуск альманаха плануецца падрыхтаваць сумесна з адной са школ Смаленска.

Пераемнасць творчых школьных пакаленняў рыхтуе зараз настаўніца дадатковай адукацыі і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Вікторыя Валер’еўна Смолка. Яна арганізавала літаратурны гурток “Вершаваная музыка” для вучняў 3-х класаў і рыхтуе надзейную змену цяперашнім перазвонаўцам.

Асаблівая ўвага ўдзялялася далучэнню да ўсіх мерапрыемстваў бацькоў навучэнцаў. Трэба адзначыць, што ў школе вучацца дзеці з больш чым 400 мнага­дзетных сем’яў. Асноўнымі формамі работы з бацькамі былі бацькоўскія сходы, круглыя сталы, канферэнцыі, трэнінгі, інфармацыйная асвета. Арганізавана работа сямейнага клуба “Гармонія”. Для бацькоў падрыхтаваны памяткі і буклеты аб фарміраванні нацыянальна-культурных кампетэнцый навучэнцаў.

Самі бацькі сталі ініцыятарамі стварэння адкрытага таварыства “Здаровая Альшанка”, дзе яны разам са сваімі дзецьмі займаюцца на базе школы спортам: наведваюць трэнажорную залу, гуляюць у футбол, баскетбол, валейбол, вялікі і малы тэніс, займаюцца лёгкай атлетыкай.

Новыя грані з’явіліся і на міжнародным узроўні: заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з агульнаадукацыйнай школай-ліцэем № 22 Луцка (Рэспубліка Украіна), пачатковай школай імя Людвіга Заменгофа № 51 Беластока (Рэспубліка Польшча), з прагімназіяй Віечунай муніцыпалітэта Друскінінкая (Літоўская Рэспубліка), дзіцячым цэнтрам Алітуса (Літоўская Рэспубліка).

— Праведзеныя мерапрыемствы ў рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці вучняў: інтэграцыя вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці ўстановы адукацыі — сацыякультурнага цэнтра рэгіёна” дазволілі пашырыць веды навучэнцаў і педагогаў аб гісторыі сваёй малой радзімы, павысіць якасць адукацыі, статус і канкурэнтаздольнасць установы адукацыі, павысіць творчы ўзровень пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў і бацькоў. Педагогі атрымалі магчымасць выкарыстоўваць новыя спосабы рэалізацыі прадметнага зместу, новыя формы арганізацыі вучэбнай і пазавучэбнай выхаваўчай дзейнасці, трансліраваць вынікі інавацыйнага вопыту сярод настаўнікаў-прадметнікаў, бацькоў, — гаворыць Аксана Анатольеўна. — Фарміраванню нацыя­нальна-культурнай ідэнтычнасці навучэнцаў садзейнічала таксама спецыяльна арганізаваная на ўроках вучэбная дзейнасць. Праводзіліся інтэграваныя ўрокі, вялікая ўвага ўдзялялася выхаваўчаму патэнцыялу ўрока, выкарыстанню на занятках практыка-арыентаваных заданняў, заданняў, накіраваных на развіццё метапрадметных кампетэнцый.

У сярэдняй школе № 39 імя І.Д.Лебедзева лічаць праект перспектыўным і запатрабаваным педагагічнай грамадскасцю, накіраваным на пашырэнне сацыяль­нага партнёрства з іншымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. У гэтым годзе ў школе адкрыты раённы рэсурсны цэнтр “Фарміраванне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці навучэнцаў з дапамогай інтэграцыі вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці”. У красавіку гэтага года рэсурсны цэнтр прымаў у сябе метадыстаў і спецыялістаў, якія курыруюць выхаваўчую работу ў раённых аддзелах адукацыі Гродзенскай вобласці. А ў планах — ажыццяўленне новага праекта “Падарожжа вялікай краіны па малой радзіме. Пацерачкі нацыянальнай свядомасці”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.