Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Мастоўскага раёна ўражвае ўжо з веснічак. Сцежка на прыгожай дагледжанай тэрыторыі вядзе да такога ж дагледжанага будынка школы, унутры якога жыве дружная і працавітая вучнёўска-педагагічная сям’я . Сям’я са сваімі традыцыямі, святамі і дасягненнямі. На парозе нас сустрэў руплівы гаспадар — дырэктар навучальнай установы Віктар Мечыслававіч Чэрнік, які расказаў пра гісторыю і адметнасці сваёй школы.
А школа ў Лунне — унікальная. Гісторыя адукацыі ў гэтай мясцовасці пачынаецца з 1865 года, калі было адкрыта народнае вучылішча. Да цяперашняга часу захаваўся адзін з будынкаў яўрэйскай школы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны навучанне было спынена, але ўжо ў 1944 годзе, пасля вызвалення Лунна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яго ўдалося аднавіць.
У 1956 годзе быў пабудаваны новы двухпавярховы будынак школы, дзе ў 1957 годзе адкрылі першы ў Беларусі школьны музей баявой славы. Заснавальнікам музея стаў заслужаны настаўнік БССР дырэктар школы Мсціслаў Уладзіміравіч Сямак. У 1964 годзе школе было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета. У 1984-м — пабудавалі трохпавярховы будынак школы, дзе адукацыйны працэс ажыццяўляецца і сёння.
Зразумела, што за гады дзейнасці школы ў Лунне многае змянілася і многае адбылося. Лунненская школа — гэта ўстанова адукацыі, якая пастаянна развіваецца і адкрыта для ўсяго новага. Ацэньваючы работу школы, бацькі і іншыя прадстаўнікі грамадскасці адзначаюць, што яна стала сапраўдным цэнтрам творчасці, талентаў і традыцый. Менавіта гэтыя словы сталі візітнай карткай навучальнай установы.
“У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння вёскі на 2005—2010 гады, у 2005 годзе быў праведзены капітальны рамонт школы, пасля якога яна набыла сучасны выгляд. У нас з’явіліся інтэрактыўныя дошкі, 2 мультымедыйныя ўстаноўкі, мабільны клас, 2 інтэрактыўныя комплексы, а ў 2020 годзе — дзякуючы візіту ў школу міністра адукацыі нашай краіны Ігара Карпенкі, трэнажорная зала”, — адзначыў Віктар Мечыслававіч.
Галоўнай рухаючай сілай падчас любых школьных пераўтварэнняў з’яўляецца педагог. Лунненскай школе заўсёды шанцавала на настаўнікаў — разумных, самаадданых, захопленых сваёй справай людзей. Сёння адукацыйны працэс ажыццяўляюць 27 педагогаў. Ва ўстанове адукацыі рэалізуюцца інавацыйныя і эксперыментальныя праекты. Педагогі ідуць у нагу з часам, выкарыстоўваюць у рабоце сучасныя тэхналогіі. Яны становяцца ўдзельнікамі семінараў, канферэнцый рознага ўзроўню. Так, вопыт работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні школьнікаў быў прадстаўлены на 19-й выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту, творчасці навучэнскай моладзі і адзначаны дыпломам ІІ ступені.
За творчыя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці педагогі школы атрымалі высокія ўзнагароды: тры ганаровыя граматы і тры граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, сем грамат Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, восем грамат Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта, дваццаць пяць грамат упраўлення адукацыі Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта, падзячныя лісты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Асобна хочацца расказаць пра дырэктара Лунненскай школы, дзякуючы якому ўстанова пастаянна развіваецца. У 2018 годзе В.М.Чэрнік атрымаў званне “Выдатнік адукацыі”, юбілейны медаль “100 гадоў Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь” і быў занесены ў Кнігу Славы Мастоўскага раёна. Гэта выдатны педагог і паспяховы кіраўнік, футбольны трэнер і арбітр (дзякуючы Віктару Мечыслававічу заззяла зорка беларускага футбола — варатара Сяргея Чэрніка). А яшчэ Віктар Мечыслававіч спявае!
“Усе мае дасягненні сталі магчымымі толькі дзякуючы педагагічнаму калектыву нашай школы. 32 гады дырэктарскай дзейнасці былі стымулам да творчых палётаў, удасканалення, развіцця навыкаў кіраўніцкай дзейнасці. Захоўваючы лепшае, кіруючыся прынцыпамі адкрытасці і ўзаемадзеяння, школа ідзе наперад. За гэты час прыйшоў да разумення простых ісцін: самая лепшая работа тая, ад якой атрымліваеш задавальненне. Усё, што зроблена з любоўю, застанецца жыць”, — адзначыў Віктар Мечыслававіч.
Прыярытэтная задача кожнай школы — стварыць умовы для забеспячэння якаснай адукацыі. У Лунненскай школе кожны навучэнец, у тым ліку з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, можа падняцца на прыступку вышэй. У школе навучаюцца 135 чалавек. Вучні становяцца пераможцамі абласнога конкурсу даследчых работ “Крышталёвая Альфа”, рэспубліканскіх конкурсаў даследчых работ, узнагароджваюцца прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і прэміямі Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта.
За апошнія 5 гадоў на конкурсах і канферэнцыях даследчых работ навучэнцы школы заваявалі 2 дыпломы І ступені рэспубліканскага ўзроўню і 7 дыпломаў — абласнога. Навучэнцы школы дасягаюць высокіх вынікаў і ў спартыўных спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.
Пераможцы алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый на лінейцы, прысвечанай заканчэнню навучальнага года, узнагароджваюцца не толькі граматамі, але і грашовымі прэміямі (дзякуючы ААТ “Чарлёна”). Адораныя навучэнцы ўзнагароджваюцца статуэткамі “Ніка”, спартсмены — медалямі.
Выпускнікі школы з’яўляюцца яе гордасцю. Сярод іх заслужаныя дзеячы культуры, майстры спорту міжнароднага класа, кандыдаты навук, урачы, настаўнікі, аграномы, добрыя рабочыя. Прыемна адзначыць, што ў школе працуюць настаўнікамі пяць яе выпускнікоў.
Гордасцю лунненскай школы з’яўляецца народны музей баявой славы. Ён вядомы не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі. У 2020 годзе ў конкурсе музеяў баявой славы стаў лепшым у краіне і быў узнагароджаны дыпломам I ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Вопыт работы школьнага музея быў прадстаўлены на 7-м Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Як адзначыла кіраўнік музея Ларыса Эйсмант, тут захоўваюцца 2039 экспанатаў. Найбольш каштоўнымі з’яўляюцца каменныя сякеры, скрутак Торы, асабістыя рэчы герояў вайны (І.Шарамета, А.С.Данілава, Ф.Соладава, Д.Кагана), пісьмы землякоў з фронту, кнігі з аўтографамі аўтараў. Пры гэтым музей увесь час папаўняецца гістарычнымі прадметамі розных гадоў. Экспазіцыя музея баявой славы Лунненскай сярэдняй школы складаецца з пяці раздзелаў:
1. Старажытныя помнікі лунненскай зямлі.
2. Гісторыя Лунна (ХІV—ХVстст.).
3. Побыт нашых продкаў.
4. Другая сусветная вайна.
5. Пісьменнікі і паэты нашай мясцовасці.
Зладжанай рабоце музея спрыяе клуб “Мы памятаем”, які сфарміраваны на базе аб’яднанняў па інтарэсах “Мультымедыя ў сучасным жыцці” і “Музейная справа” , а таксама савет музея, у які ўваходзяць кіраўнік музея, адміністрацыя школы, настаўнікі, навучэнцы. Матэрыялы музейных даследаванняў прадстаўляюцца на конкурсы, на аснове экспанатаў музея пішуцца творчыя работы, якія адзначаюцца дыпломамі розных узроўняў. Так, за 3 апошнія гады на рэспубліканскім узроўні заваявана 9 дыпломаў, на абласным — 15.
Праводзяцца экспедыцыі і паходы па месцах баявой славы. Школьнікі разам з педагогамі ўдзельнічалі ў мерапрыемствах па перапахаванні капсулы з зямлёй з брацкай магілы ў вёсцы Княжаводцы. Разам з тым у музеі лічаць, што погляд у мінулае немагчымы без сучасных інфармацыйных і комп’ютарных тэхналогій, таму запрашаюць і ў віртуальны музей, створаны на сайце школы. Тут жа ўвазе наведвальнікаў прапаноўваецца 3D-панарама народнага музея баявой славы. Акрамя таго, створаны электронны каталог музейных экспанатаў асноўнага фонду “Другая сусветная вайна”.
“Стацыянарны музей наведваюць госці не толькі з розных куткоў Беларусі, але і Расіі, ЗША, Нарвегіі, Польшчы, Украіны, Вялікабрытаніі, Ізраіля. Гасцям прапануюцца экскурсіі на беларускай, англійскай і рускай мовах. Колькасць наведвальнікаў музея з кожным годам павялічваецца. У 2020 годзе ў ім пабывалі 1539 чалавек, было праведзена 109 экскурсій”, — паведаміла Ларыса Уладзіміраўна.
Для ўдзельнікаў прэс-туру юныя супрацоўнікі школьнага музея таксама правялі экскурсію. Мы сталі ўдзельнікамі тэатралізаванай экскурсіі “Край, у якім мы жывём”. Даведаліся, што ўпершыню Лунна згадваецца ў гістарычных дакументах 1241 года, калі непадалёк манголы разбілі войска Міндоўга.
У “Актах Літоўскай метрыкі” ёсць звесткі аб тым, што Канстанцін Крашынскі, які страціў свае ўладанні на Смаленшчыне ў час вайны з Масквой, у 1505 годзе ў якасці кампенсацыі атрымаў двор Дубна над Нёманам, а на пустках у перыяд з 1505 па 1513 год пабудаваў палац Лунна.
Пасля смерці мужа Ганна Крашынская папрасілася пад апеку каралевы Боны. Частка зямель Лунна была перададзена дзяржаве. На іх у 1531 годзе на дзяржаўных землях у Лунне каралева Бона загадала закласці мястэчка і дала грошы на пабудову касцёла, які пасля любіла наведваць Эліза Ажэшка.
У лунненскай школе заўсёды пануе творчасць. Тут дзейнічае ўзорная студыя эстрадных спеваў “Фартуна”, танцавальны калектыў “Сузор’е”, якіх ведаюць не толькі ў раёне, але і ў вобласці.
Музычным кіраўніком і ідэйным натхняльнікам “Фартуны” з’яўляецца Ірына Сідар, з якой гэтая студыя і пачалася. “8 гадоў назад я прыйшла працаваць музычным кіраўніком у Лунненскую сярэднюю школу і ўбачыла перспектыўных і таленавітых дзяўчынак, якія жадалі спяваць. Прыйшла да дырэктара школы, расказала пра гэта, дала перспектыўны план і атрымала падтрымку. Прыйшлі першыя поспехі на раённым і абласным узроўні. Захацелася большага. Праз 5 гадоў падрыхтавалі праграму, прадставілі на суд вялікай камісіі і ў 2018 годзе атрымалі званне ўзорнай студыі, — адзначыла Ірына Іванаўна.
Склад удзельнікаў мяняецца, а жаданне працаваць з дзецьмі застаецца. Гэта вітае і падтрымлівае дырэктар, які разам з дзецьмі і педагогамі падрыхтавалі для нас невялікі канцэрт. Сказаць, што мы былі ўражаны, нічога не сказаць. Сучасная тэхніка, яркія модныя сцэнічныя касцюмы і прыгожыя галасы — з актавай залы мы з калегамі выходзілі ў захапленні.
“Ва ўсе часы стараліся і стараемся стварыць ва ўстанове адукацыі спрыяльныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу, рабіць жыццё навучэнцаў цікавым і разнастайным. Лічу, што нам гэта ўдаецца. Сёння школа з’яўляецца не толькі ўстановай адукацыі, але і цэнтрам культурнага жыцця аграгарадка. За час работы назапашаны пэўны вопыт і закладзены традыцыі, але хочацца верыць, што ўсё лепшае яшчэ наперадзе.
Не сакрэт, што ў адзіночку кіраваць школай цяжка. З гордасцю магу сказаць, што калектыў школы — гэта каманда аднадумцаў. Апошнія 5 гадоў у раённым конкурсе на лепшую арганізацыю работы па развіцці сістэмы адукацыі сярод школ раёна мы займаем лідзіруючыя пазіцыі”, — рэзюмаваў Віктар Мечыслававіч.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.