Уся разнастайная і шматгранная палітра музейнай дзейнасці Беларусі была прадстаўлена на мінулым тыдні ў Магілёве. У горадзе прайшоў ІІІ Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”.
Сёлета тэматыка форуму была вызначана як “Музеі ў новай крэатыўнай эканоміцы”. Адпавядаў тэме і дэвіз мерапрыемства: “Разбураючы стэрэатыпы, перамагаючы кансерватызм”. У спарткомплексе “Алімпіец” звыш 100 музеяў дэманстравалі свае лепшыя дасягненні, творчы патэнцыял, здольнасць да перамен, а таксама магчымасці супрацоўніцтва і інавацый. Сярод удзельнікаў было і 8 музеяў сістэмы адукацыі, якія таксама здзіўлялі прысутных сваімі цікавымі прэзентацыямі.
Як паведаміла загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Кравец, музеі навучальных устаноў прадставілі на форуме як традыцыйныя экспазіцыі, так і новыя крэатыўныя праекты.
— Школьныя музеі сёння не толькі ўдзяляюць вялікую ўвагу захаванню і вывучэнню гісторыка-культурных каштоўнасцей, але і пры дапамозе сучасных тэхналогій, інтэрактыўных форм работы да гэтай патрэбнай справы далучаюць навучэнцаў. І многія з дзяцей сур’ёзна захоплены краязнаўчай і пошукавай дзейнасцю, папаўненнем музейных экспазіцый. Гэта сведчыць пра тое, што нашы музеі ў поўнай меры выконваюць сваю галоўную функцыю, рэалізоўваючы сацыяльны заказ дзяржавы па выхаванні дастойных грамадзян, патрыётаў, — адзначыла Аляксандра Яўгенаўна.
Музеі ўстаноў адукацыі карысталіся вялікай папулярнасцю сярод наведвальнікаў форуму і атрымалі высокую ацэнку членаў журы. Напрыклад, у сярэдняй школе № 8 Гродна змаглі стварыць гісторыка-краязнаўчы музей “Дружба народаў”, у якім сінтэзуюцца культура і побыт нацыянальных дыяспар, што пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Сёння ў ім 8 экспазіцый, якія расказваюць аб адметных рысах беларусаў, рускіх, украінцаў, літоўцаў, французаў, немцаў і іншых народаў.
Нікога з прысутных на форуме не пакінула абыякавым экспазіцыя музея “Дзяцінства” сярэдняй школы № 2 Нароўлі. У часавай паслядоўнасці, пачынаючы з сярэдзіны мінулага стагоддзя, тут былі прадстаўлены арыгінальныя экспанаты, якія апісвалі дзяцінства чалавека ад нараджэння да жыццёвага станаўлення. Экспазіцыю з цікавасцю разглядалі і дарослыя, і дзеці.
Адметнымі былі і астатнія школьныя музеі, прадстаўленыя на форуме. У сярэдняй школе № 9 Барысава ёсць незвычайны народны музей, прысвечаны гераічнай гісторыі французскага авіяпалка “Нармандыя — Нёман”. На базе Ветрынскай сярэдняй школы імя Д.В.Цябута Полацкага раёна дзейнічае народны комплексны музей, які расказвае пра жыццёвы шлях вядомага земляка. Разнастайныя экспазіцыі можна ўбачыць у народным гісторыка-краязнаўчым музеі Махроўскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна і музеі гісторыі вёскі Дашкаўскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна. У сярэдняй школе № 199 Мінска функцыянуе літаратурны музей Пімена Панчанкі, які вылучаецца наяўнасцю многіх асабістых рэчаў паэта. А вось у музеі баявой славы сярэдняй школы № 34 Магілёва змаглі не толькі да драбніц апісаць гісторыю горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны, лёсы герояў, але і на аснове ўсіх гэтых звестак стварыць спецыяльную электронную энцыклапедыю.
— Творчыя калектывы музеяў устаноў адукацыі ў арыгінальнай форме прадэманстравалі праекты, прэзентавалі сваю дзейнасць у экспазіцыйнай праграме, падзяліліся вопытам работы. Абсалютна ўсе кіраўнікі, а гэта Валянціна Аляксандраўна Раманюк, Раман Іванавіч Арол, Васіль Васільевіч Чайка, Таццяна Віктараўна Лойша, Людміла Паўлаўна Жызнеўская, Галіна Мікалаеўна Бяляева, Сяргей Ягоравіч Лугавы, Таццяна Іванаўна Кудрэвіч, разам з навучэнцамі прадставілі свае музеі вельмі дастойнна, — падкрэсліла Аляксандра Яўгенаўна Кравец.
На цырымоніі закрыцця форуму ўсе прадстаўленыя школьныя музеі атрымалі дыпломы ўдзельнікаў. Акрамя таго, асобныя музеі былі адзначаны дадаткова. Так, музей “Дзяцінства” і музей “Дружба народаў” атрымалі дыпломы ІІІ ступені ў намінацыі “За лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму”, а музей “Гісторыя авіяпалка “Нармандыя — Нёман” — дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “За лепшую культурна-адукацыйную праграму”.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства.