Чым адметная сярэдняя школа № 7 Ваўкавыска і як наладзіць эфектыўны адукацыйны працэс, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў дырэктар установы Аляксандр Бакуновіч.

— Аляксандр Іванавіч, з чаго складаецца ваша формула паспяховага кіравання?
— Школа — складаны механізм, і вынікі яе дзейнасці залежаць ад кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу. Поспех кіраўніка шмат у чым вызначае каманда, якая знаходзіцца побач. Мне пашанцавала: з першага дня на пасадзе дырэктара як сельскай, так і гарадской школы поплеч працавалі калегі, да якіх можна было звярнуцца па параду і дапамогу ў любой сітуацыі.
Не адкрыю сакрэту, калі скажу, што кіраўніку вельмі важна ўмець выслухоўваць розныя пункты гледжання і прымаць рашэнні, абапіраючыся на патрабаванні і правілы, і пры гэтым быць карэктным з суразмоўнікамі і не паддавацца эмоцыям. Ніхто не застрахаваны ад памылак, але галоўнае — быць сумленным з сабой і іншымі.
Адзін з найважнейшых складнікаў поспеху ўстановы — кадравы патэнцыял. У нашай школе працуюць больш за 120 адданых сваёй справе настаўнікаў. 94% педагогаў маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, у нас тры настаўнікі-метадысты і чатыры выдатнікі адукацыі. Штогод на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы затрачваюцца немалыя сродкі. За апошнія 5 гадоў заменены ўсе аконныя і дзвярныя блокі, устаноўлена шматфункцыянальная пляцоўка для заняткаў спортам, праведзена рэканструкцыя стадыённых дарожак, адкрыты інжынерна-тэхнічны цэнтр з сучасным 3D-прынтарам, абсталяваны клас інтэграванага навучання. Музей установы “Гісторыя Ваўкавышчыны” ўдастоены звання “народны”. Дзякуючы гэтым складнікам і выводзіцца формула: кадравы патэнцыял + матэрыяльна-тэхнічная база = поспех.

Вырабы, надрукаваныя на 3D-прынтары
— Раскажыце пра асаблівасці профільнага навучання.
— У 2025/2026 навучальным годзе школу наведвае 1401 навучэнец. Для 99 вучняў арганізавана профільнае навучанне па дзвюх мадэлях фарміравання класаў. Па першай — у рамках працоўнага навучання — старшакласнікі асвойваюць прафесіі швачкі, слесара па рамонце аўтамабіляў і сталяра. Па другой мадэлі старшакласнікі паглыблена вывучаюць беларускую мову і матэматыку, рускую і англійскую мовы, хімію і біялогію.
Дарэчы, за два гады пяць навучэнцаў паказалі стабальныя вынікі на ЦЭ, два навучэнцы атрымалі максімальны бал на ЦТ.
Сёння ў нас працуюць профільныя групы педагагічнай, інжынернай, медыцынскай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Летась 87,5% навучэнцаў групы інжынернай накіраванасці паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі на профільныя спецыяльнасці. Як паказвае практыка, выпускнікі груп прафесійнай накіраванасці хутчэй адаптуюцца да ўмоў навучання ва УВА. Многія сур’ёзна займаюцца навуковай дзейнасцю, што сведчыць пра высокі ўзровень прафесійнага самавызначэння навучэнцаў.

— Школа актыўна супрацоўнічае з Купалаўскім універсітэтам. Што дае такое сяброўства?
— Кожнае лета пачынаючы з 2015 года на базе ГрДУ імя Янкі Купалы арганізоўваецца лагер “Настаўнік NEXT” для навучэнцаў педкласаў, у якім бывалі і нашы школьнікі. У выніку ў 2021 годзе намі заключаны дагавор з педагагічным факультэтам і складзены план сумесных мерапрыемстваў. А калі праз два гады з’явіліся групы інжынернай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці, мы пачалі супрацоўнічаць з інжынерным і ваенным факультэтамі.
Прадстаўнікі ўніверсітэта рэгулярна знаёмяць навучэнцаў з традыцыямі УВА і шматлікімі спецыяльнасцямі. Старшакласнікі наведваюць лекцыі, прафарыентацыйныя вэб-квесты, круглыя сталы, становяцца ўдзельнікамі і пераможцамі розных намінацый фестывалю педагагічных класаў, які ладзіць Купалаўскі ўніверсітэт. Для студэнтаў і выкладчыкаў педагогі нашай школы арганізоўваюць майстар-класы і ўрокі для дарослых. У сваю чаргу выкладчыкі ўніверсітэта праводзяць выязныя заняткі па падрыхтоўцы да алімпіяд, ЦЭ па беларускай і рускай мовах, матэматыцы і грамадазнаўстве.
За дзесяць гадоў школа і ўніверсітэт сталі сапраўднымі партнёрамі, наладзіўшы ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. ГрДУ дапамагае нам палепшыць якасць адукацыі і дае школьнікам дадатковыя магчымасці для развіцця. А УВА, дзякуючы нам, атрымлівае таленавітых абітурыентаў. Так, з 2022 па 2025 год у Купалаўскі ўніверсітэт паступілі 117 нашых выпускнікоў.
— Якая місія вашай установы адукацыі?
— Наша школа — навучальная ўстанова, дзе кожнае дзіця акружана цяплом, клопатам і дзе вучня ўспрымаюць як асобу з яе непаўторнымі магчымасцямі, інтарэсамі і патрэбамі. Мы рэалізуем практыка-арыентаваны падыход у адукацыйным працэсе і арганізоўваем навучанне з улікам запытаў дзяцей.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





