Прычынай непаспяховасці вучняў малодшага школьнага ўзросту часцей за ўсё з’яўляюцца парушэнні вуснага і пісьмовага маўлення.
Моўныя парушэнні — сур’ёзная перашкода ў авалоданні малодшымі школьнікамі на пачатковых этапах навучання пісьмом і чытаннем, а на больш позніх этапах — у засваенні праграмнага матэрыялу. Гэта выклікае негатыўныя адносіны да вучобы, адмоўна адбіваецца на развіцці асобы дзіцяці, яго ўнутраным стане. Для вучняў, якія маюць спецыфічныя цяжкасці навучання, неабходна праводзіць заняткі, накіраваныя на карэкцыю і прафілактыку парушэнняў.
Нам, педагогам, прыходзіцца шукаць дапаможныя сродкі, якія дазваляюць аблегчыць, сістэматызаваць і накіраваць працэс засваення дзецьмі новага матэрыялу. Адным з такіх сродкаў з’яўляецца нагляднае мадэляванне. Успомнім усім вядомую дзіцячую азбуку: побач з выявай літары абавязкова прысутнічала яркая карцінка. Гэта і ёсць вучэбны прыём нагляднага мадэлявання.
У карэкцыйнай рабоце выкарыстоўваю прадметную карцінку, якая дапамагае малодшым школьнікам хутчэй справіцца з парушэннямі, што ўзнікаюць у вусным і пісьмовым маўленні. Каб задзейнічаць больш аналізатараў, выкарыстоўваецца прадметная карцінка на ліпучках. Гульні “Знімі чары са слова”, “Суаднясі лічбу з літарай”, “Пазнай слова па першых гуках” садзейнічаюць хуткаму развіццю гукалітарнага аналізу і сінтэзу, зрокава-прасторавай арыентацыі.
Пры чытанні вершаў, пераказе тэкстаў навучэнцы з асобных частак ствараюць прадмет цалкам. Напрыклад, падчас вывучэння верша пра бярозу дзеці з асобных частак ствараюць поўную карцінку. Дзякуючы наглядным мадэлям і асацыяцыям, яны бачаць, які ствол у бярозы, якія ў дрэва галінкі. Такая нагляднасць садзейнічае больш хуткаму запамінанню і ўзнаўленню інфармацыі праз некаторы час. Адным словам, нагляднае мадэляванне спрыяе засваенню тэмы на аснове лагічных сувязей. У выніку вучэбны матэрыял надоўга застаецца ў памяці школьнікаў.
Таццяна СЯМЁНАВА,
настаўнік-дэфектолаг Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна