Што рабіць, каб настаўнік з радасцю спяшаўся на работу, ведае дырэктар Ражанкаўскай школы Ала Цівінская

- 15:20Образование

Ражанкаўская сярэдняя школа імя Г.К.Хрыптовіча Шчучынскага раёна — прыклад сельскай установы адукацыі, дзе кожнае дзіця мае роўныя магчымасці для навучання, а кожны педагог улюбёны ў сваю работу. Для дзяцей тут дзейнічае віртуальная бібліятэка на калідоры школы, працуе “Разумнае люстэрка” ў “Дзіцячай акадэміі развіцця”. А дырэктар школы Ала Цівінская за плённую працу ўзнагароджана граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Шчыра кажучы, ніколі не задумваюся пра ўзнагароды за сваю прафесійную дзейнасць, — дзеліцца Ала Тадэвушаўна. — Працую так, каб навучэнцам і педагогам было лепш. Прызнаюся, часам заўважаю ў сабе сіндром выдатніцы. Калі толькі стала дырэктарам школы, мой калега Калікс Каліксавіч Хрыптовіч, адзін з найстарэйшых дырэктараў школ, на жнівеньскай нарадзе спытаў, чаго я хачу дасягнуць у жыцці. І я адказала: “Хачу, каб мая школа была самай зорнай і лепшай у вобласці!”

Я выпускніца Ражанкаўскай школы, якая са мной на працягу ўсяго жыцця. Працавала тут настаўніцай геаграфіі, пасля намеснікам дырэктара і ўрэшце дырэктарам. Упэўнена, што жыць і працаваць на роднай зямлі — мой лёс. Лічу, што мая мара, агучаная на той далёкай жнівеньскай канферэнцыі, цалкам спраўдзілася: мая школа — самая лепшая!

Адзін з маіх прынцыпаў — ніколі не сварыцца на дзяцей. Зламалі кветку, пашкодзілі мэблю — я спакойна пагавару з вучнямі, каб яны мяне пачулі. Умею знайсці падыход і да бацькоў навучэнцаў, нават у тыя моманты, калі яны прыходзяць да мяне, настроеныя не вельмі дружалюбна, бо ўжо ёсць праблема.

— Падзяліцеся сакрэтам, як знайсці падыход да кожнага чалавека?

— Мне здаецца, любому важнае яго жыццё, нешта асабістае: дзеці, унукі, радасці, захапленні. Заўсёды пры размове з чалавекам цікаўлюся яго здароўем. Захварэла наша настаўніца — тэлефаную ёй праз дзень, цікаўлюся, як яна, ці патрэбна дапамога. Паверце, я так раблю не для таго, каб выклікаць прыхільнасць да сябе, а каб чалавек зразумеў, што ў яго вераць, яго чакаюць. Цвёрда ўпэўнена, што крыкам нічога не даб’ешся. Хачу, каб калегі штораніцы ішлі на работу ў добрым настроі. З’яўляюцца прэтэнзіі да педагога — выказваю іх спакойна і толькі сам-насам. Трэба сказаць: калі б я не любіла сваю работу і школу, то нічога не атрымалася б. А мой намеснік Наталля Іосіфаўна Анд­руцэвіч лічыць: мой галоўны сакрэт у тым, што я паказваю кожнаму навучэнцу, педагогу, бацькам, што я на іх баку, што я зацікаўлена ў тым, каб дзіця было паспяховым, каб у яго ўсё атрымлівалася. І любы чалавек адкрываецца, калі адчувае ў адносінах да сябе сардэчнасць і ўвагу. Я вельмі люблю людзей.

З лютага мінулага года школа носіць імя свайго выпускніка воіна-інтэрнацыяналіста Генрыха Каліксавіча Хрыптовіча, які загінуў на вайне ў Афганістане.

— Што для вас значыць якасная работа дырэктара школы?

— Мой кіраўніцкі стаж — 19 гадоў. Дырэктар павінен умець наладж­ваць зносіны з людзьмі, пастаянна самаадукоўвацца, развівацца, ідучы ў нагу з хуткаплынным часам. Школа ў сельскай мясцовасці — гэта сацыякультурны цэнтр, яна павінна яднаць вакол сябе людзей, мясцовых жыхароў. Дырэктару трэба быць “людскім” чалавекам, хоць і няма такога паняцця. Але думаю, што ўсе мы разумеем, пра што ідзе гаворка.

— Як вам удалося стварыць і падтрымліваць у школе карпаратыўную культуру? Ведаю, што ў вашай установе прынята адзіная школьная форма не толькі для навучэнцаў, але і для педагогаў.

— Аніякіх праблем са стварэннем карпаратыўнай культуры не было. Я прыйшла да педагогаў і сказала: “Шаноўныя калегі, нашы дзеці ў форме, а як нам з вамі паказаць ім, што мы адна сям’я? Няўжо гэта правільна, калі настаўнікі могуць апранаць на ўрокі што заўгодна, а дзеці абавязаны на­сіць школьную форму? Можа, і нам трэба ўвесці адзіны элемент форменнага адзення настаўніка?” Педагогі згадзіліся, і цяпер кожны з нас мае для работы ў школе бардовыя элементы адзення пад колер камізэлек дзяцей.

 Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА