Свет імкліва мяняецца. Сёння доступ да ведаў амаль неабмежаваны. Але простай трансляцыі фактаў ужо
недастаткова. Задача педагогаў — развіць у кожнага дзіцяці ўнутраны патэнцыял, навучыць яго вучыцца, шукаць адказы на розныя пытанні, мысліць крытычна і быць самастойным. Менавіта на гэта накіравана коўч-пазіцыя настаўніка.

Настаўнік, які займае коўч-пазіцыю, перастае быць адзінай крыніцай ісціны і строгім кантралёрам і становіцца правадніком і навігатарам (не дае гатовыя рашэнні, а дапамагае знайсці свой шлях да іх), партнёрам у навучанні (будуе дыялог на роўных, прызнаючы каштоўнасць меркаванняў і намаганняў дзяцей), люстэркам (дапамагае ўбачыць уласныя моцныя бакі, усвядоміць цяжкасці і знайсці ўнутраныя рэсурсы для іх пераадолення) і садоўнікам (стварае спрыяльную глебу для росту, але не цягне парасткі ўверх сілай).
Як гэта праяўляецца на практыцы ў пачатковых класах? Замест прамога ўказання “Зрабі так” варта спытаць: “Як ты думаеш, з чаго лепш пачаць гэтае заданне?”, “Што табе ўжо вядома па гэтым пытанні?”, “Які першы крок ты зрабіў бы?”. Гэта заахвочвае вучняў да планавання і адказнасці.
Замест выпраўлення памылкі “Гэта няправільна” можна прапанаваць: “Што мы можам атрымаць з гэтай сітуацыі?”, “Што ты адчуў, калі гэта не атрымалася? Што можаш змяніць у наступны раз?”, “Якое іншае рашэнне магло б быць?”. Гэта вучыць успрымаць памылкі як частку працэсу навучання, а не як правал.
Замест вырашэння праблемы за вучняў лепш спытаць у іх: “Што табе перашкаджае выканаць гэтае заданне?”, “Што ты ўжо спрабаваў зрабіць? Які вынік атрымаў?”, “Што ты можаш змяніць у сваёй рабоце, каб дасягнуць лепшага выніку?”. Такі падыход развівае самастойнасць і ўменне знаходзіць выйсце са складаных
сітуацый.
Замест навязвання меркавання запытайце: “Якое тваё меркаванне наконт гэтага?”, “Што для цябе ў гэтым самае важнае?”, “Як ты можаш растлумачыць сваю пазіцыю?”. Гэта развівае ўпэўненасць у сабе, уменне фармуляваць думкі і аргументаваць свой пункт погляду.
Чаму коўч-пазіцыя настолькі важная менавіта ў рабоце з малодшымі школьнікамі? Па-першае, у гэтым узросце закладваюцца асновы будучага дарослага жыцця. Дзеці вучацца быць самастойнымі, адказваць за свае ўчынкі, прымаць рашэнні. Па-другое, у іх развіваецца ўнутраная матывацыя: калі школьнікі самі знаходзяць адказы і спраўляюцца з задачай, то адчуваюць поспех, які становіцца магутным стымулам для далейшай вучобы. Па-трэцяе, павышаецца самаацэнка: дзеці пачынаюць верыць ва ўласныя сілы і разумеюць, што здольны на многае. А ўпэўненасць у сабе — бясцэнны багаж, які можа даць педагог. Па-чацвёртае, развіваецца крытычнае мысленне: настаўнік вучыць выхаванцаў не проста прытрымлівацца пэўных інструкцый, а аналізаваць, сумнявацца і шукаць альтэрнатывы. Па-пятае, ствараецца атмасфера даверу: педагог становіцца для вучняў надзейным памочнікам, да якога можна звярнуцца з любым пытаннем у любы час.
Вядома, быць настаўнікам-коўчам у пачатковых класах не заўсёды лёгка. Гэта патрабуе цярпення, умення слухаць, задаваць пытанні і быць гатовым прымаць не заўсёды відавочныя адказы дзяцей, што немагчыма без пераасэнсавання звыклых падыходаў і выхаду з зоны камфорту.
Але вынікі таго вартыя! Мы выпускаем у сярэдняе звяно думаючых, адказных, ініцыятыўных і ўпэўненых у сабе дзяцей, гатовых да новых выклікаў, здольных вучыцца на працягу ўсяго жыцця.
Коўч-пазіцыя настаўніка пачатковых класаў — гэта не толькі модны трэнд. Гэта неабходнасць, магутны інструмент, які дазваляе раскрыць патэнцыял вучняў, развіць у іх самастойнасць і ўпэўненасць ва ўласных сілах. І я веру, што пры жаданні кожны настаўнік зможа быць коўчам для сваіх выхаванцаў, каб дапамагчы ім стаць паспяховымі і шчаслівымі людзьмі.
Аксана КАЛЯДА,
настаўніца пачатковых класаў
Жарабковіцкай сярэдняй школы імя М.Г.Мінкевіча Ляхавіцкага раёна




