Шырокі дыяпазон прафесій прапаноўвае Барысаўскі дзяржаўны каледж

- 9:00Главная, Образование

З якімі ўстановамі Расіі супрацоўнічае Барысаўскі дзяржаўны каледж і як там выхаванцаў дзіцячых садоў далучаюць да ранняй прафарыентацыі, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Міжнароднае супрацоўніцтва — неад’емная частка жыцця сучаснага грамадства. Дзякуючы яму навучальныя ўстановы блізкага і далёкага замежжа могуць вывучаць вопыт калег, абменьвацца высакаякаснымі вучэбнымі матэрыяламі і рэсурсамі.

— Для абмену вопытам у арганізацыйна-метадычнай, інфармацыйнай і кансультацыйнай сферах Барысаўскі дзяржкаледж заключыў дагаворы аб міжнародным супрацоўніцтве з чатырма ўстановамі прафесійнай адукацыі Расіі: Выбаргскім політэхнічным каледжам “Аляксандраўскі”, Карталінскім шматгаліновым тэхнікумам, Уфімскім мнагапрофільным прафесійным каледжам і Гарадзецкім Губернскім кале­джам. З апошнім вядзецца найбольш цеснае ўзаемадзеянне пачынаючы з 2000 года, — расказала дырэктар БДК Марына Несцярэнка.

Дэлегацыі барысаўскага і гарадзецкага каледжаў рэгулярна наведваюць адно аднаго і абменьваюцца вопытам па ўсіх напрамках адукацыйнага працэсу і практычнага навучання, развіцця вучэбна-матэрыяльнай базы.

— Нашы каледжы — мнагапрофільныя і маюць падобныя кангламераты прафесій. Калі мы былі ў гарадзецкім каледжы, то нас зацікавілі, напрыклад, сімуляцыйныя класы па суднаваджэнні, зварачныя майстэрні з новым абсталяваннем. Нам ёсць што пераняць у іх, — дадала Марына Уладзіміраўна. — А вось расійскія калегі на працягу апошніх гадоў вывучалі нашу ідэалагічную і выхаваўчую работу, якая ў нас на вельмі высокім узроўні.

Дарэчы, у сярэдзіне лютага гарадзецкія педагогі праходзілі стажыроўку ў БДК па тэме “Рэалізацыя сучасных адукацыйных тэхналогій ва ўмовах каледжа”. На аддзяленні прафесій грамадскага харчавання госці наведалі інтэграваныя заняткі па вучэбных прадметах “Тэхналогія прадукцыі сусветнай кухні”, “Арганізацыя вытворчасці і абслугоўванне ў аб’ектах грамадскага харчавання” на тэму “Французская кухня”. Самі правялі некалькі майстар-класаў і ўрокі ў групах педаддзялення.

У канцы красавіка барысаўская дэлегацыя адправіцца да расійскіх калег для абмеркавання вынікаў ІV Міжнароднага чэмпіянату “СтартПРОФІ”, які адбудзецца на базе Гарадзецкага Губернскага каледжа. Да таго ж у час сустрэчы педагогі абмяняюцца вопытам выкарыстання сучасных інавацыйных форм і падыходаў у шматузроўневай прафарыентацыйнай адукацыі, а таксама абмяркуюць арганізацыю міжнародных стажыровак навучэнцаў каледжаў.

— “СтартПРОФІ” — спаборніцтва для 5—7-гадовых дашкалят і дзяцей малодшага школьнага ўзросту (7—11 гадоў), якое праводзіцца па 16 кампетэнцыях. Сярод іх “Рэстаранны сэрвіс”, “Фларыстыка”, “Графічны дызайн”, “Робататэхніка”, “Мастацкі роспіс па дрэве”, “Аўтамадэляванне”, “Будаўнік”, “Кухарская справа”, “Тэхналогія моды” і інш. Наш каледж ужо двойчы ўдзельнічаў у гэтым чэмпіянаце. Летась хлопчык з да­школьнага цэнтра развіцця дзіцяці Барысава Ягор Кулевіч заняў 2-е месца ў кампетэнцыі “Дашкольнае выхаванне”. Ён прадставіў вучэбныя відэазаняткі па фізічным выхаванні, дзе выступіў у ролі выхавальніка і правёў гульню з аднагодкамі. Падрыхтавалі яго педагогі нашага каледжа. Варта сказаць, што спаборніцтва арганізавана на вельмі высокім узроўні. Па яго выніках пераможцы атрымліваюць падарункі і дыпломы, — праінфармавала М.У.Несцярэнка.

Яна пераканана, што для маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак такі чэмпіянат — магчымасць першага паглыблення ў прафесію, а для каледжа — магчымасць ранняй прафарыентацыі і знаёмства дзяцей з установай:

— Наш каледж — адзіны сярод беларускіх УССА ўдзельнічае ў “СтартПРОФІ”. Штогод нашы педагогі і навучэнцы право­дзяць карпатлівую працу па выяўленні дзяцей, якія маглі б стаць намінантамі чэмпіянату. Як яны іх знаходзяць — падчас педпрактыкі ў дзіцячых садах. Вось і зараз ідзе падрыхтоўка да чарговых спаборніцтваў. Гэтым разам выхаванец барысаўскага дзіцячага сада № 47 Уладзімір Дзямешка ў гульнявой форме правядзе занятак-экскурсію па заапарку з элементамі фізічных практыкаванняў. Спадзяёмся, што ўсё атрымаецца і мы зноў будзем у ліку прызёраў.

“СтартПРОФІ” накіраваны на выхаванне станоўчых адносін дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту да свету прафесій, фарміраванне ў іх першаснага паспяховага прафесійнага вопыту на аснове ўключэння ў даступныя віды дзейнасці, а таксама пашырэнне і ўзбагачэнне ўяўленняў дзяцей аб шырокім спектры прафесій, запатрабаваных на прадпрыемствах.

Днямі Барысаўскі дзяржаўны каледж наведала дэлегацыя прадстаўнікоў якуцкіх каледжаў. Яе азнаёмілі з арганізацыяй грама­дзянскага і патрыятычнага выхавання, дзеля чаго гасцям прадставілі выставу-прэзентацыю ваенна-патрыятычнага клуба “Спадчына” і авіямадэлі самалётаў і беспілотных лятальных апаратаў ДТСААФ. А яшчэ расійскія калегі былі вельмі ўражаны колькасцю навучэнцаў (2021) і памерамі БДК, у якім 5 вучэбных карпусоў і 4 інтэрнаты.

— У межах міжнароднага супрацоўніц­тва мы адаптуем перадавы вопыт іншых краін у сферы адукацыі і прэзентуем сябе, абменьваемся вопытам работы ў галіне арганізацыі адукацыйнага працэсу і прымянення інавацыйных тэхналогій навучання, праводзім сумесныя мерапрыемствы, арганізоўваем абмены і наладжваем культурныя сувязі, — падагульніла Марына Несцярэнка.

Палітра спецыяльнасцей

Колькі першакурснікаў сёлета чакае БДК — адна з самых вялікіх устаноў Мінскай вобласці?

— Мы ажыццяўляем падрыхтоўку рабочых кадраў і спецыялістаў практычна для ўсіх галін эканомікі: прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, лясной і сельскай гаспадаркі, машынабудавання і інш. А яшчэ мы рыхтуем будучых педагогаў — настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў дзіцячых садоў. Гэта значыць, дыяпазон нашых спецыяльнасцей і кваліфікацый дастаткова шырокі, — паведаміла дырэктар БДК Марына Несцярэнка.

На сённяшні дзень у каледжы вучыцца 2021 чалавек. З іх на ўзроўні прафтэхадукацыі — 1,3 тысячы навучэнцаў, якія авалодваюць 18 спецыяльнасцямі і 32 кваліфікацыямі. На ўзроўні ж сярэдняй спецыяльнай адукацыі на дзённым аддзяленні вучыцца 508 чалавек і 213 — на завочнай. Для іх адкрыты 7 спецыяльнасцей і 7 кваліфікацый.

Сёлета БДК чакае амаль 750 першакурснікаў: на ўзровень ССА плануецца набраць 255 абітурыентаў на бюджэт, а на ўзровень ПТА — 495.

— У ліку самых запатрабаваных спецыяльнасцей сярод паступаючых — “Грамадскае харчаванне” з прысваеннем кваліфікацыі “кухар-кандытар”. Таксама вялікую папулярнасць маюць спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” і “Да­школьная адукацыя”, дзе штогод дастаткова вялікі конкурс і высокі прахадны бал. А яшчэ два гады запар попытам карыстаецца такая спецыяльнасць, як “Эксплуатацыя і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі” з прысваеннем кваліфікацыі “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”, — расказала дырэктар каледжа.

Па яе словах, у гэтым го­дзе замест групы прадаўцоў — аператараў ЭВМ на­бяруць групу прадаўцоў — кантралё­раў-касіраў — касіраў гандлёвай залы. Акрамя гэтага, замест групы слесараў па рамонце аўтамабіляў — аператараў станкоў з ПК набяруць групу токараў — фрэзероўшчыкаў — аператараў станкоў з ПК. Летась была набрана група слесараў механазборачных работ — электраманцёраў ахоўна-пажарнай сігналізацыі, а сёлета адкрыты набор на слесараў-рамонтнікаў — электраманцёраў ахоўна-пажарнай сігналізацыі.

Вольга Разумава

— Другі год мы будзем набіраць абітурыентаў на спецыяльнасць “Стварэнне швейных вырабаў”, па якой яны атрымаюць дзве кваліфікацыі: “швачка” і “тэрмаапрацоўшчык швейных вырабаў”. Сёння гэты прафесійны напрамак запатрабаваны ў заказчыкаў кадраў са сферы лёгкай прамысловасці, а значыць, яго трэба развіваць. Нашы тэрмаапрацоўшчыкі будуць умець надаваць гатоваму вырабу прывабны знешні выгляд з дапамогай абсталявання вільготнай цеплавой апрацоўкі. Асноўнымі заказчыкамі такіх кадраў выступаюць айчынныя прадпрыемствы: Mark Formelle, “Світанак”, “Калінка”, “Купалінка” і інш., — праінфармавала Марына Несцярэнка.

А яшчэ сёлета яна прагназуе павелічэнне лічбаў прыёму па мэтавым навучанні:

— Прадпрыемствы з задавальненнем заключаюць дагаворы з мэта­вікамі, бо добра разумеюць, што гэта забяспечыць іх працоўнымі кадрамі праз 3—4 гады. Дарэчы, заказчыкамі кадраў выступа­юць звыш сотні арганізацый па ўсёй краіне, а таму кожны наш выпускнік будзе забяспечаны першым працоўным месцам.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара і з архіва БДК