“Мы падтрымліваем адно аднаго не таму, што мы ў адной камандзе, мы падтрымліваем адно аднаго, і таму мы каманда” — гэтыя словы сталі своеасаблівым дэвізам педагогаў гімназіі № 37 Мінска.

— Рэсурсны цэнтр па інфармацыйных тэхналогіях гімназіі аб’яднаў педагогаў-аднадумцаў, якіх характарызуюць прафесіяналізм, мабільнасць, адказнасць і самастойнасць у прыняцці рашэнняў, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Таццяна Чалдышкіна. — Эфектыўнасць работы каманды ў многім абумоўліваецца дакладнасцю пастаўленай мэты, веданнем форм і метадаў арганізаванай работы. А наша асноўная мэта — удасканаленне інфармацыйна-камунікацыйнай культуры настаўнікаў, вучняў і бацькоў, развіццё адукацыйнай прасторы гімназіі, раёна, горада, павышэнне якасці адукацыі.
У гімназіі створаны ўніверсальныя інтэрактыўныя лабараторыі па матэматыцы, біялогіі і фізіцы, геаграфіі і гісторыі, лабараторыя моўнага паглыблення, дзве вучэбныя лабараторыі для пачатковых класаў, кабінет інфармацыйных тэхналогій, лабараторыя LEGORobolab, а таксама медыяцэнтр. Ва ўстанове выкарыстоўваецца сістэма электроннага навучання G Suite for Education як аснова мабільнага адукацыйнага асяроддзя. Метады і сродкі навучання, якія актыўна прымяняюцца ў рабоце, дазваляюць рэалізаваць тэхналогію перавернутага навучання, укараніць элементы інтэрактыўнага і дыстанцыйнага навучання, інтэграваць мабільныя і воблачныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе.
Для рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў выкладанні прадметаў педагогі распрацоўваюць інтэрактыўныя сродкі навучання. Настаўніца гісторыі Наталля Гошка стварыла камплект інтэрактыўных карт па гісторыі Беларусі. Так, інтэрактыўныя карты распрацаваны па такіх раздзелах вучэбнага дапаможніка для 8 класа, як “Беларускія землі ў сярэдзіне ХІІІ — XIV стагоддзі” і “Беларускія землі ў канцы XIV — сярэдзіне XVI стагоддзя”. Трэнажорныя заданні гэтых карт можна выкарыстоўваць на ўроку тлумачэння новага матэрыялу, на этапе адпрацоўкі і замацавання атрыманых ведаў і навыкаў, іх кантролю. Работа з картай пры тлумачэнні новага матэрыялу дазваляе ўключаць альбо выключаць паказ аб’ектаў у патрэбны момант, набліжаць выбраныя ўчасткі для больш дэталёвага разгляду, падсвечваць аб’ект для канцэнтрацыі ўвагі навучэнцаў, спрашчаць карту, знімаючы частку абазначэнняў, робячы яе больш нагляднай (напрыклад, паказаць межы той ці іншай краіны або схаваць іх), дапаўняць карту непасрэдна аб’ектамі падчас урока і інш. Наяўнасць падказак, аўтаматычнай праверкі і аналізу адказаў дазваляе навучэнцам працаваць з заданнямі як у класе, так і дома без дапамогі настаўніка. Размешчаная ў падказцы інфармацыя дае магчымасць паспяхова справіцца з заданнем, а пачуццё паспяховасці матывуе навучэнца на далейшае вывучэнне матэрыялу і атрыманне высокай адзнакі.
Вынікі ўдзелу навучэнцаў гімназіі ў конкурсах па інфарматыцы, робататэхніцы і праграмаванні высока ацэнены не толькі ў нашай краіне, а і за яе межамі.
Выкарыстанне інтэрактыўных карт па геаграфіі Таццянай Бародзіч дазваляе вырашыць адразу некалькі задач: візуалізацыі, даступнасці, індывідуальнасці, кантролю і самастойнасці. З мэтай развіцця прасторавага мыслення і логікі настаўніца матэматыкі Алена Пелеванюк распрацавала інтэрактыўныя мадэлі па розных курсах геаметрыі і стэрэаметрыі.
Сучаснае развіццё інфармацыйных тэхналогій патрабуе новых форм навучання школьнікаў. Адной з такіх тэхналогій з’яўляецца тэхналогія гейміфікацыі. Настаўніца інфарматыкі Юлія Сінкевіч адзначае, што ў выніку складання і праходжання тэстаў навучэнцы вучацца самастойна знаходзіць інфармацыю, сістэматызаваць яе. Каб ісці ў нагу з часам патрэбна інтэграваць у сучасныя вучэбныя заняткі элементы віртуальнай і дапоўненай рэальнасці. У навучэнцаў з’явілася магчымасць здзяйсняць віртуальныя экскурсіі на ўроках гісторыі і геаграфіі, узнаўляць дэталізацыю самых складаных алгарытмаў.
У сучасных умовах актуальнай стала работа псіхалагічнай ІТ-гасцёўні. З мэтай павышэння ўзроўню ведаў удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў пытаннях інфармацыйнай бяспекі распрацаваны лічбавы рэсурс “На грэбені хвалі ў лічбавым акіяне”. Маладыя спецыялісты далучаюцца да работы цэнтра інфармацыйных тэхналогій і становяцца паўнапраўнымі членамі ІТ-каманды.
У дзейнасці педагогаў ІТ-каманды важная роля належыць абагульненню і распаўсюджванню перадавога педагагічнага вопыту. Сярод педагогаў — 8 уладальнікаў прэмій Мінгарвыканкама, 10 педагогаў атрымалі гранты, з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі прафесійных конкурсаў педагагічнага майстэрства. А вынікі ўдзелу навучэнцаў гімназіі ў конкурсах па інфарматыцы, робататэхніцы і праграмаванні высока ацэнены не толькі ў нашай краіне, а і за яе межамі.
— Сумесная работа ІТ-каманды дазваляе натхняць адно аднаго, распрацоўваць сумесныя праекты, пашыраць свой вопыт. Кожны ўдзельнік каштоўны, бо толькі разам мы можам дасягнуць выніку, — адзначае Таццяна Чалдышкіна.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.





