На дылетанцкi погляд, барцоўскiя вiды спорту робяць дзiця неадчувальным да болю i жорсткiм. Зусiм не — упэўнены трэнер па самба i дзюдо педагог Цэнтра дадатковай адукацыi дзяцей i моладзi Камянца Рыгор Маеўскi.
— Сёння дзецi шмат гуляюць у камп’ютарныя гульнi, якія адрываюць ад рэальнасцi, не вучаць суадносiць свае дзеяннi i iх наступствы. У гульнi як адбываецца? Страцiў другое, трэцяе жыццё, перазагрузiўся i працягваеш з таго месца, дзе спынiўся, быццам нiчога не здарылася. Прыходзячы ў спорт, дзецi пачынаюць разумець, што ў жыццi перазахавацца нельга, яны вучацца мiласэрнасцi i спагадзе. Дзіця пачынае рэальна ўсведамляць свет і разумее, што чалавечае жыццё чагосьці варта. Калi ты падаеш, прапускаеш удары, на сваёй скуры адчуваеш дыскамфорт i пачынаеш разумець чужы боль, — дзелiцца назiраннямi Рыгор Рыгоравіч.
I дадае, што насуперак уяўленням пра тое, што барцоўскiя вiды спорту, — гэта кроў, пот i выбiтыя зубы, дзюдо i самба — нетраўматычныя вiды спорту.
— З той жа мастацкай гiмнастыкай яны i побач не стаялi. Мы пачынаем з маленькага ўзросту i рухаемся паступова, ад самага элементарнага да складанага: ад лёгкiх практыкаванняў, кулькоў i стоек плаўна пераходзiм да работы супраць сапернiка. Усё адбываецца павольна i паслядоўна. Гэта як траплiн, пэўная база, атрымаўшы якую, можна пераходзiць у любы спорт, — працягвае трэнер. — Я займаюся самба з малышамi ў цэнтры дадатковай адукацыi, i калi бачу добры прагрэс, здольнасцi, прапаную навучэнцам працягнуць трэніроўкі ў мясцовай дзiцяча-юнацкай спартыўнай школе “Пушча”, дзе выкладаю дзюдо. Гэта падобныя вiды адзiнаборстваў, рознiца ў шэрагу правiл i ў тым, што дзюдо — алiмпiйскi вiд спорту, да таго ж Беларусь у iм добра сябе зарэкамендавала.
Чытайце матэрыял Віталіны Несцяровіч у нумары ад 24 студзеня 2023 года.