Ужо 17-ы раз на тэрыторыі каманднага пункта 115-га зенітнага ракетнага палка дзейнічае кругласутачны ваеннапатрыятычны лагер для школьнікаў Брэсцкага раёна.
Па словах дырэктара лагера Мікалая Нігачоя, арганізацыя такога лагера на летніх канікулах ужо стала традыцыйнай. Усяго ў лагеры, арганізаваным у тры змены, адпачне 90 школьнікаў ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў з мнагадзетных, нядобранадзейных сем’яў. Дарэчы, зараз да свайго завяршэння набліжаецца трэцяя змена, падчас якой адпачываюць самыя дарослыя школьнікі.
Умовы знаходжання дзяцей і падлеткаў максімальна набліжаны да армейскіх: жывуць яны ў казарме, у 7.00 пад’ём, потым фізічная зарадка, заняткі, разнастайныя культурныя, прафарыентацыйныя і спартыўныя мерапрыемствы, у 22.00 адбой. Карыстанне мабільным тэлефонам ці планшэтам дазваляецца толькі на адну гадзіну — такі ліміт на выкарыстанне гаджэтаў. А яшчэ па ўнутраным распарадку ў харчаванні юных армейцаў (для дзяцей прадугледжана пяціразовае харчаванне на базе сталовай сярэдняй школы в.Вістычы) няма месца фастфуду, чыпсам, газіраваным салодкім напіткам. У рацыёне — здаровая збалансаваная ежа, садавіна, агародніна.
— Вялікі плюс ваенна-патрыятычнага лагера ў тым, што дзеці самі сябе абслугоўваюць, спраўляюцца з бытавымі цяжкасцямі і вучацца адказваць за свае ўчынкі. Многія з гэтых хлопчыкаў выхоўваюцца ў няпоўных сем’ях, стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, але тут іх аб’ядноўвае пачуццё калектывізму, згуртаванасці, узаемавыручкі, — адзначае дырэктар.
Кожны з дзевяці дзён знаходжання ў лагеры ў навучэнцаў распісаны літаральна па мінутах. У праграме лагера — тактычная падрыхтоўка, вывучэнне зброі, абмундзіравання, шматлікія спартыўныя мерапрыемствы (наведванне басейна, пляжны валейбол, лазертаг), насычаная культурная частка: паездкі, экскурсіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Незабыўныя ўражанні пакінулі музей касманаўтыкі ў Тамашоўцы, маёнтак Нямцэвічаў. У межах прафарыентацыйнай работы дзеці з цікавасцю наведалі смаўжовую ферму, цяплічны камбінат “Бярэсце”, коннаспартыўную ферму “Белая Русь”. Дарэчы, у распараджэнне лагера аддзелам адукацыі выдзелены аўтобус.
З вялікай цікавасцю наведваюць дзеці ваенныя аб’екты: пагранічныя заставы (у вёсках Тамашоўка, Дамачава), ваенізаваныя брыгады. У межах супрацоўніцтва адбываецца ўзаемадзеянне з сілавымі структурамі, МНС. Школьнікі атрымліваюць веды і ўменні па страявой і фізічнай падрыхтоўцы. У навучанні навыкам ваеннай падрыхтоўкі прымаюць удзел ваеннаслужачыя палка. Вячэрні час адведзены для творчасці. Можна паспрабаваць сябе ў ролі журналіста і выпусціць баявы лісток, бліснуць эрудыцыяй у творчых конкурсах, віктарынах і гульнях (шахматах, шашках).
— Арганізацыя ваенна-патрыятычнага лагера мае вялікае значэнне, — падкрэслівае намеснік камандзіра 115-га зенітнага ракетнага палка па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Аляксандр Сіраеў. — Такая работа накіравана на выхаванне патрыятызму ў падлеткаў. Гэта яркі прыклад таго, што арміі баяцца не трэба. У першую чаргу наша задача — паказаць дзецям, што тут ёсць што ўбачыць і ёсць чаму павучыцца. Звычайна ярка і запамінальна праходзіць адкрыццё змены. Уражвае выхаванцаў найперш выстава ваеннай тэхнікі, узораў стралковай зброі, экіпіроўкі вайскоўцаў, выступленне інструктара з вышуковым сабакам па затрыманні парушальнікаў дзяржаўнай граніцы. Разам з вайскоўцамі юнакі спасцігаюць азы агнявой і страявой падрыхтоўкі, вучацца выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай засцярогі. Гэта згуртоўвае маладых людзей, яны знаходзяць новых сяброў, узаемадзейнічаюць. Упэўніваюцца ў тым, што армія — гэта не пустая трата часу.
Навучэнцы, з якімі мне ўдалося пагаварыць, задаволены адпачынкам на тэрыторыі вайсковай часці. Нават да адсутнасці мабільных тэлефонаў і гаджэтаў ужо прызвычаіліся. Некаторыя вучні прыязджаюць сюды не першы раз. Сярод іх — навучэнец сярэдняй школы в.Вістычы Данііл Лізагуб.
— Мне прапанаваў паехаць сюды дырэктар школы. Я згадзіўся. Тут арганізоўваюцца пазнавальныя экскурсіі, праходзіць шмат турніраў па тэнісе, футболе, спартыўныя спаборніцтвы па падцягванні, адцісканнях. Мне гэта вельмі падабаецца, — расказвае хлопец.
— Я даўно хацеў трапіць у гэты лагер, і маме пашчасціла ўзяць пуцёўку, — далучаецца да размовы навучэнец сярэдняй школы в.Чэрні Данііл Тарасенка. — Тут робяць з хлопчыкаў сапраўдных мужчын. Вайскоўцы — добразычлівыя, кампанейскія людзі. Мы навучыліся разбіраць аўтаматы, надзяваць процівагазы, раскрываць і складаць парашут, хутка запраўляць пасцель, строіцца. Мы ездзім на экскурсіі. Напрыклад, нядаўна наведалі каняферму. Гэта было вельмі крута! У мяне ад лагера застаюцца толькі станоўчыя эмоцыі. Калі ў наступным годзе прадаставіцца магчымасць, абавязкова прыеду сюды зноў.
Наперадзе ў навучэнцаў яшчэ амаль два месяцы летняга адпачынку, аднак, упэўнена, у школьным сачыненні “Як я правёў лета” аднымі з самых яркіх стануць менавіта ўражанні ад ваенна-патрыятычнага лагера.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара.





