«Будучы медык, педагог павінны прыходзіць у прафесію па прызванні, а не толькі таму, што яны паступілі ў той ці іншы ўніверсітэт». Такое меркаванне выказаў у гутарцы з журналістамі міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец, закранаючы тэму замацавання маладых спецыялістаў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У прыватнасці, вялікая ўвага пастаянна ўдзяляецца прафарыентацыі і падрыхтоўцы па педагагічных, медыцынскіх і аграрных спецыяльнасцях. «Усё большую папулярнасць набывае навучанне па мэтавых накіраваннях, — падкрэсліў кіраўнік ведамства. — Па такім напрамку, напрыклад, як медыцына, мы выходзім на лічбы парадку 70 % ад агульнай колькасці бюджэтных месцаў. Гэта эфектыўны фармат работы з заказчыкамі кадраў, калі яна будзе пачынацца са школы і праводзіцца на працягу ўсяго перыяду навучання ва ўстанове вышэйшай адукацыі. Такая работа потым дазволіць не проста замацаваць маладога спецыяліста на першым рабочым месцы, а стварыць яму спрыяльныя і камфортныя ўмовы з поўным сацыяльным пакетам, дастойнай заработнай платай і магчымасцю прафесійнага росту».
Таццяна БОНДАРАВА
Фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі





