Станты, піраміды, акрабатычныя элементы

- 9:30Дадатковая адукацыя

31 студзеня ў Палацы спорту Мінска прайшлі Рэспубліканскія спаборніцтвы і Кубак Беларусі па чырлідынгу. У іх удзельнічалі 13 клубаў з Гродзенскай, Гомельскай, Мінскай абласцей і Мінска. З вясны мінулага года гэта другія буйныя спаборніцтвы, дзе спартсмены маглі памерацца майстэрствам.

Пасля прыбыцця ўдзельнікі праходзяць мандатную камісію, якая вырашае, дапускаць каманду да спаборніцтваў ці не. Яна правярае медыцынскія даведкі і пратакол праходжання тэхнікі бяспекі. Далей каманда размінаецца, праходзіць парад удзельнікаў і прадстаўляюцца суддзі. Пачынаюцца спаборніцтвы.

Сёлета спартсмены выступалі ў пяці дысцыплінах: “Чыр-каманда”, “Фрыстайл пом каманда”, “Чырлідынг-шоу каманда”, “Чыр групавы стант” і “Фрыстайл пом двойка”. У аснове “Чыр” і “Чыр групавы стант” ляжаць станты, піраміды, выкіды і элементы акрабатыкі. У “Фрыстайл пом” і “Фрыстайл пом двойка” спартсмены выкарыстоўваюць пампоны на працягу ўсяго выступлення. Праграма павінна быць з візуальнымі эфектамі, групавой работай, пастаяннымі пера­страеннямі, чыр- і ліп-скачкамі, кручэннямі і акрабатычнымі элементамі. “Чырлідынг-шоу” — гэта базавыя станты, акрабатычныя і гімнастычныя элементы, піраміды першага ўзроўню. У праграму таксама ўвахо­дзяць блок харэаграфіі і чыр-частка. Самай масавай на гэтых спаборніцтвах была дысцыпліна “Фрыстайл двойка”.

У дзіцячай узроставай катэгорыі ў дысцыпліне “Чыр-каманда” выйграў клуб Dartly (Гродна), у “Фрыстайл пом камандзе” — Fortuna (Мінск), у “Чырлідынг-шоу камандзе” — Dance Сity (Мінск), у “Чыр групавых стантах” — Sky hamsters (Гродна) і ў “Фрыстайл пом двойцы” — Black fox (Мінск).

Сярод юніёраў у “Чыр-камандзе” першым стаў FidGym (Гродна), у “Фрыстайл пом камандзе” — Dance Сity, у “Чырлідынг-шоу камандзе”— Indigo (Гомель), у “Чыр групавых стантах” — Sky hamsters і ў “Фрыстайл пом двойцы” — Dance Сity.

Дарослыя ўдзельнічалі толькі ў трох дысцыплінах. У “Фрыстайл пом камандзе” перамог клуб Black fox, у “Чыр групавых стантах”— Dartly і ў “Фрыстайл пом двойцы” — Dance Сity.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Віктара ДРАЧОВА.