Пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года” стала Ганна Іванова з Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

“Студэнт года” — дастойны выклік для паспяховых, рашучых і ўпэўненых у сваіх сілах юнакоў і дзяўчат. Самым яркім, працавітым і крэатыўным прадстаўнікам студэнцкай моладзі конкурс штогод дае цудоўную магчымасць не толькі заявіць пра ўласныя дасягненні, але і раскрыць у сабе нязведаныя рэзервы, каб дасягнуць новых вышынь.
— Студэнцкі праект накіраваны на развіццё лідарскіх якасцей, творчага патэнцыялу моладзі, стварэнне ўмоў для яе самарэалізацыі, — адзначыў першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў. — Конкурс садзейнічае прасоўванню маладзёжных ініцыятыў і праектаў, павышэнню прэстыжу ведаў, папулярызацыі прафесій. Сапраўднае свята маладосці, таленту і сяброўства! Нашы канкурсанты займаюцца навукай, творчасцю, спортам, грамадскай дзейнасцю, маюць сярэдні бал па выніках апошніх двух семестраў не менш за 8, многія з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Гэта людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія ніводнага дня не пражываюць марна і заўсёды імкнуцца наперад. Нярэдка “Студэнт года” становіцца для іх трамплінам, свайго роду стартавай пляцоўкай.

На сцэне актавай залы галоўнага корпуса ВДТУ за выхад у рэспубліканскі фінал спаборнічала выдатная сямёрка маладых талентаў з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта, Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта “МИТСО” і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Каманда прэтэндэнтаў на перамогу сёлета сабралася зорная. Так, другакурснік факультэта інфармацыйных тэхналогій ПДУ Данііл Журня — спартсмен, валанцёр і прызёр міжнародных конкурсаў у складзе студыі эстраднага танца Dancemix. Трэцякурсніца фінансава-эканамічнага факультэта гэтага ж універсітэта Вольга Касевіч вучыцца з сярэднім балам 10, удзельнічае ў рабоце студэнцкай інфармацыйна-сэрвіснай службы і клуба вядучых “Канферанс”, узначальвае навуковы савет факультэта. Гонар ВДУ імя П.М.Машэрава абаранялі Андрэй Кротаў — студэнт 3 курса факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый, член савета ўніверсітэта і студэнцкага савета, актывіст школы лідараў “Машэраўцы”, і Андрэй Малатоўнік — студэнт 3 курса факультэта хіміка-біялагічных і геаграфічных навук, пераможца рэспубліканскага конкурсу работ навучэнцаў даследчага характару па вучэбных прадметах. Студэнтка 2 курса факультэта эканомікі і бізнес-кіравання ВДТУ Ганна Іванова — лаўрэат і прызёр міжнародных конкурсаў і фестываляў; студэнтка 3 курса гуманітарнага факультэта Віцебскага філіяла
“МИТСО” Уладлена Баяндзіна — чэмпіёнка краіны па спартыўным каратэ і клініцыст універсітэцкай “Юрыдычнай клінікі”; студэнтка 3 курса фармацэўтычнага факультэта ВДМУ Вікторыя Шамко — актывістка БРСМ, валанцёр атрада “Добрае сэрца”, старшыня савета інтэрната № 3 універсітэта і студэнцкага савета факультэта. Як бачна, канкурэнцыя склалася надзвычай моцная. Настрой ва ўсіх удзельнікаў быў рашучы — а значыць, творчая барацьба абяцала быць напружанай, відовішчнай і захапляльна цікавай.
Удзельнікі нестандартна, артыстычна і кранальна шчыра прэзентавалі сябе і свае ўніверсітэты ў “Візітоўцы”, з захапленнем расказвалі аб будучай прафесіі ў конкурсе аратарскага майстэрства, дэманстравалі журы гатоўнасць справіцца з любой пастаўленай задачай і ўменне кантактаваць з аўдыторыяй, здзіўлялі неверагодным палётам фантазіі і творчымі нумарамі.

Скажу адразу: моладзь не проста апраўдала, а пераўзышла ўсе чаканні! Чым прывабліваюць дзяўчат простыя рамантыкі, што з’яўляецца для чалавека пуцяводным святлом і месцам сілы, як раскрыць сябе ў энергічнай рэпавай аранжыроўцы, праз інсцэніроўку фотаздымкаў, вобразы калег і вучняў або з дапамогай некалькіх пар абутку і пальчаткі Бясконцасці з сусвету Marvel? Чаму не трэба баяцца выйсці з зоны камфорту, навошта юрысту востры меч і вагі, у чым каштоўнасць падказак унутранага голасу, памылковасць трох галоўных міфаў пра фінансістаў і падабенства эканаміста да капітана карабля? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні гледачы даведаліся ў ходзе конкурсных выступленняў. Удзельнікі нестандартна, артыстычна і кранальна шчыра прэзентавалі сябе і свае ўніверсітэты ў “Візітоўцы”, з захапленнем расказвалі аб будучай прафесіі ў конкурсе аратарскага майстэрства, дэманстравалі журы гатоўнасць справіцца з любой пастаўленай задачай і ўменне кантактаваць з аўдыторыяй, здзіўлялі неверагодным палётам фантазіі і творчымі нумарамі.
Тым часам у зале за сваіх лепшых студэнтаў аддана хварэлі родныя, сябры і дружныя ўніверсітэцкія групы падтрымкі на чале з рэктарамі, прарэктарамі і дэканамі. Сярод экспертаў, якія ацэньвалі выступленні, былі намеснік старшыні гарвыканкама Віктар Глушын, член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Наталля Байда, старшыня Смаленскай абласной грамадскай арганізацыі Расійскага саюза моладзі Яўген Захаранкаў і Уладзіслаў Мірончык — ён прадстаўляў Віцебшчыну і ВДТУ ў фінале мінулагодняга конкурсу “Студэнт года” і заняў 2-е месца.
Пасля двух этапаў у лідары з невялікім адрывам па балах выйшаў Андрэй Кротаў, аднак у творчым спаборніцтве з высакародствам сапраўднага джэнтльмена саступіў харызматычнай прыгажуні з ВДТУ. Танец Ганны Івановай літаральна запаліў залу, падарыў усім прысутным мора пазітыву, а самой студэнтцы — заслужанае 1-е месца. У тройку лідараў па выніках абласнога этапу конкурсу ўвайшла таксама абаяльная, упэўненая і мэтанакіраваная Вікторыя Шамко. За актыўны ўдзел і дапамогу ў арганізацыі праектаў БРСМ Уладзімір Бабічаў уручыў Ганаровую грамату рэктару ВДТУ Андрэю Кузняцову.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена медыяцэнтрам ВДУ.





