“Студэнт на дзень” — настаўнік на ўсё жыццё

- 13:00Выбар прафесіі

Атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі і спасцігнуць асаблівасці прафесіі за адзін дзень немагчыма, але пакаштаваць хлеб студэнта педагагічных спецыяльнасцей рэальна. У гэтым пераканаліся старшакласнікі сярэдніх навучальных устаноў, якія прынялі ўдзел у праекце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка “Студэнт на дзень”.

Ініцыятыва ператварылася ў жыццё ў мінулым годзе з лёгкай рукі выпускніцы педагагічнага класа студэнткі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ Дар’і Багушэвіч. Сваю прапанову дзяўчына агучыла на канферэнцыі ў лістападзе 2017 года. Яна патлумачыла, што падчас вучобы ў педкласе разам з аднакласнікамі хацела б больш даведвацца пра асаблівасці навучання ва ўніверсітэце, але такой магчымасці не было. Рашэннем стаў запуск пілотнай версіі праекта.

Выпускніца Гарэцкай сярэдняй школы Слуцкага раёна, а цяпер першакурсніца факультэта пачатковай адукацыі Дар’я Каляда ўдзельнічала ў праекце ў мінулым годзе і ўсе этапы знаёмства з установай, праз якія праходзяць цяперашнія старшакласнікі, праверыла на сабе.

— Аб праекце мне расказала намеснік дырэктара, яна ж і параіла наведаць факультэт пачатковай адукацыі. Я паслухалася і паехала. Канечне, часу было мала, але ўспаміны пра факультэт засталіся самымі цёплымі, нават пяшчотнымі. Цяпер, калі паступіла сюды, разумею, што ўсё зрабіла правільна. Кожны дзень — гэта нешта нечаканае і новае. Бывае, прыедзеш дадому, а ў цябе пытаюцца: “Што вы там на факультэце робіце: спіце, напэўна?” Якое там спім! Нам няма калі: у нас то наведванне якой-небудзь галерэі, паход у тэатр, то праект ці сустрэча з пісьменнікамі. І, вядома, вучоба!

Сёлета мерапрыемства праходзіла з 29 кастрычніка па 6 лістапада і ахапіла ўсе падраздзяленні ўніверсітэта. А ўдзельнікамі праекта сталі каля 230 навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці.

У адзін з дзён гасцей прымалі на факультэце пачатковай адукацыі. Пазнаёміцца з падраздзяленнем прыехалі дзяўчаты са школ № 168, № 86, № 42 Мінска, сярэдняй школы № 1 Крычава, Лагойскай гімназіі і Жодзінскай жаночай гімназіі.

Сціплых школьніц тут сустракалі ажыўлена і натхнёна. На ўваходзе ў корпус іх чакалі інтэрактыўныя пляцоўкі: фотазоны, віктарыны, секцыі, праз якія старшакласніцы змаглі даведацца пра жыццё факультэта пачатковай адукацыі. Валанцёры Дзіяна Літвіновіч, Настасся Канішчава і Алена Макась расказалі гасцям пра асаблівасці навучання, пазаўрочнае жыццё, выкладчыцкі склад, студэнцкія арганізацыі і калектывы. Дзяўчаты наперабой расказваюць пра ўражанні, атрыманыя на факультэце.

Дзіяна Літвіновіч знаёмілася са спецыяльнасцю не па чутках, а з першых вуснаў: факультэт пачатковай адукацыі скончыў родны брат, а таксама яго жонка. А Настасся Канішчава ўвогуле спадкаемца сямейнай традыцыі: яна — будучы настаўнік пачатковых класаў у трэцім пакаленні.

Другакурсніца Алена Макась, калі была яшчэ школьніцай, стала пераможцай праекта “Бітва за студак” — конкурсу, які праводзіўся газетай “Знамя юности”. У межах гэтага спаборніцтва вучні маглі на тыдзень стаць студэнтам пэўнай установы адукацыі. Па словах Алены, яна спачатку збіралася паступаць у МДЛУ, але калі трапіла ў педагагічны клас, зразумела, што перакладчыкам яна ніколі не будзе. Дзяўчына ўбачыла сябе студэнткай БДПУ імя Максіма Танка. Пазней школьніцу далучылі і да практыкаарыентаванага праекта: навучэнцы педагагічнага класа трэба было правесці ўрок у незнаёмым класе, з чым яна выдатна справілася.

— Гэта была цудоўная магчымасць рэалістычна ацаніць і свае сілы, і асаблівасці факультэта, вучэбнага працэсу, — дзеліцца вопытам другакурсніца. — Калі ехала дадому, на 100 працэнтаў была пераканана, што вярнуся сюды. Сказала пра гэта матулі, а яна заявіла: “Ні ў якім разе”. Калі ж яна зразумела, што гэтае жаданне замацавалася сур’ёзна, то пагадзілася. Так мара стала рэальнасцю. А бацькі і зараз дапамагаюць рознымі ідэямі.

Дзяўчаты-валанцёры лічаць, што першы настаўнік — гэта, па-сутнасці, другая мама, якую маленькія дзеці часам успрымаюць як самага блізкага і аўтарытэтнага чалавека. А валанцёрства, на іх думку, спрыяе станаўленню чалавечых якасцей, што не менш важна, чым прафесійныя кампетэнцыі педагога.

У гэты дзень усё было асаблівым: валанцёры сустракалі будучых выпускнікоў у футболках з выявай факультэцкага сімвала — сэрца. Па-першае, ён увасабляе дэвіз факультэта: “Сэрца аддаю дзецям”. Па-другое, назва валанцёрскага атрада, які прадстаўляюць дзяўчаты, — “Данка”.

Далей дапытлівых школьніц чакала наведванне лекцый і практычных заняткаў. Арганізатары праекта “Студэнт на дзень” перакананы: для таго каб паступаць на нейкі факультэт, трэба ведаць, што вывучаюць яго студэнты. Дзяўчаты атрымалі магчымасць завітаць на заняткі па выразным чытанні, каліграфіі, сучасных адукацыйных тэхналогіях, методыцы выкладання матэматыкі і на практыкум па рашэнні задач. Разам са старшакурснікамі школьніцы былі заняты ў абмеркаванні акрэсленых пытанняў і вырашэнні пастаўленых задач.

— Паспрабаваць сябе ў прафесіі мяне натхніла асоба першага настаўніка. Паўплывала яшчэ і тое, што я люблю дзяцей, — падзялілася вучаніца школы № 86 Мінска Ангеліна Карабань. — Гэты дзень быў цікавым і пазнавальным. Студэнцкае асяроддзе ўяўлялася мне менавіта такім. Спадабаліся розныя метады выкладання, напрыклад, сістэма распазнавання картак, давялося выкарыстоўваць сучаснае абсталяванне і дадаткі, якія прымяняюцца ў вучэбным працэсе.

— На першых парах нам было не зусім проста: па-першае, перастроіцца са школьных 45 хвілін на ўніверсітэцкія 120 атрымліваецца не адразу. Па-другое, мы не зусім валодаем прафесійнай тэрміналогіяй, — заўважыла адзінаццацікласніца сярэдняй школы № 1 Крычава Дар’я Воранава.

Апошнім пунктам падарожжа па факультэце пачатковай адукацыі для школьніц стала рэфлексія з дэканам факультэта Наталляй Ждановіч і намеснікам па выхаваўчай рабоце Ірынай Буторынай. Так, у нязмушанай атмасферы старшакласніцы паглыбіліся ў праекты факультэта, пазнаёміліся з яго традыцыямі, вылучылі для сябе асноўныя кірункі дзейнасці. Таксама дзяўчаты змаглі выказаць свае меркаванні наконт ініцыятывы “Студэнт на дзень”, падзяліцца ўражаннямі пра яе. Напрыканцы будучыя выпускніцы атрымалі невялічкі напамін пра гэты дзень (змайстраваныя студэнтамі заплечнікі), які заўсёды прыводзіць у БДПУ.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.