Якія формы работы з дзецьмі, накіраваныя на аздараўленне, прымяняюцца ў летні перыяд? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытала ў педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі з розных рэгіёнаў.

Аксана Запатылак, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці спецыяльнага дзіцячага сада № 17 Светлагорска, Гомельская вобласць:
— У нас ствараюцца ўсе ўмовы для рознабаковай дзейнасці выхаванцаў і падтрымання іх жыццёвага тонусу. Мерапрыемствы праходзяць на вуліцы, адпаведна, час прагулкі павялічваецца. Праводзяцца агульнаўмацавальныя працэдуры: паветраныя ванны, хаджэнне басанож па дарожцы здароўя, кантраснае абліванне ног, аднабаковае праветрыванне ў прысутнасці дзяцей і скразное — у іх адсутнасць. Яшчэ ў нашай установе адукацыі абсталявана спартыўная пляцоўка: валейбольная сетка, футбольныя вароты, баскетбольныя кольцы, ёсць месца для гульні ў гарадкі і стол для тэніса. Цікава і тое, што на тэрыторыі ўстановы арганізавана “Эказона” для прагулак і ціхіх гульняў дзяцей, а ў спякотныя дні функцыянуе пырскальны басейн. Нашым кіраўніком фізічнага выхавання ўжо запланаваны сумесна з навучэнцамі школ дзень здароўя, спартыўна-аздараўленчы геакэшынг, чэлендж “Здароўе ўмацоўваем усёй сям’ёй” і бацькоўская гадзіна “Гульні нашых татаў і мам”.

Наталля Лемяшэўская, выхавальніца старшай спецыяльнай групы дзіцячага сада № 5 Івацэвіч, Брэсцкая вобласць:
— У нашым дзіцячым садзе ў летні перыяд створаны ўсе ўмовы для арганізацыі аздараўлення дзяцей. Прадугледжваецца максімальнае знаходжанне дзяцей на адкрытым паветры, павялічваецца працягласць прагулак. На спартыўнай пляцоўцы будзем удасканальваць з выхаванцамі розныя віды руху, гуляць у рухавыя і спартыўныя гульні. Запланаваны акцыя “Расцём здаровымі”, квест “Шлях да здароўя” і праект “Са здароўем я іду, сяброўствам гэтым даражу”. Добрай традыцыяй стала правядзенне конкурсаў малюнкаў на асфальце на тэму “Вітаміны ўмацоўваюць здароўе”. Такі падыход забяспечвае аздараўленне і насычанае жыццё нашых выхаванцаў.

Марыя Шлапунова, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 118 Магілёва:
— Прыярытэтам для нас з’яўляецца арганізацыя дзейнасці дзяцей фізкультурна-аздараўленчай накіраванасці. Усе кампаненты такой работы штодзень рэалізоўваюцца на свежым паветры. З мэтай стварэння эмацыянальнага камфорту дзяцей у летні аздараўленчы перыяд арганізоўваем забавы, якія ўключаюць эксперыментаванне з выяўленчымі і прыроднымі матэрыяламі і замацоўваюць уяўленні аб відах мастацтва і сродках мастацкай выразнасці. Таксама мы стараемся прыцягнуць большую ўвагу да пытанняў бяспекі ў летні аздараўленчы перыяд, таму запланавалі правядзенне флэш-мобаў для супрацоўнікаў і бацькоў: “За бяспеку — разам”, “Выконваць правілы бяспекі = любіць сваю Радзіму”, “Вясёлая зарадка”. Усе намаганні нашага калектыву накіраваны на стварэнне спрыяльных умоў для аздараўлення выхаванцаў.

Таццяна Саўчанка, загадчык Кіраўскага дзіцячага сада, Віцебская вобласць:
— Летні перыяд — добры час для адпачынку, умацавання здароўя і развіцця дзяцей. Задача нашага калектыву — арганізаваць жыццё малышоў у дзіцячым садзе такім чынам, каб за лета кожны з іх атрымаў зарад бадзёрасці і правёў час з задавальненнем. Лета ўносіць вялікія змяненні ў арганізацыю адукацыйнага працэсу ва ўстанове адукацыі. Дзеці значна больш часу праводзяць на свежым паветры — гэта павышае імунітэт, рыхтуе дзіцячы арганізм да сустрэчы з восеньскай прахалодай і пахмурнымі днямі. Акрамя сонечных ваннаў, загартоўкі вадой і паветрам, аздараўленню спрыяе летняе меню. У яго ўключаецца вялікая колькасць свежай агародніны і садавіны, лёгкіх вітамінных страў. Гэтым летам малышам у нашым дзіцячым садзе не будзе калі сумаваць. Педагогі імкнуцца зрабіць жыццё дзяцей змястоўным, пазнавальным і цікавым. Напрыклад, праект “Пясочныя казачкі, мокрыя загадачкі” для дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту дапаможа ўмацаваць фізічнае і псіхічнае здароўе, зняць эмацыянальнае напружанне і развіць маторыку рук, а праект “Летняя вясёлка здароўя” для дзяцей 4—6 гадоў павысіць цікавасць да здаровага ладу жыцця. Нашы дзеці вельмі любяць спартыўныя гульні і забавы, таму гэтым летам іх чакаюць квест-гульня “Фарбы лета”, свята “Няхай заўсёды будзе лета!” і забаўка “Летам весела гуляем і здароўе захаваем”. Усяму гэтаму спадарожнічае спартыўная тэматыка. Дарэчы, асаблівая ўвага будзе ўдзелена захаванню бяспекі дашкалят. На гэта накіраваны акцыі “Лета чырвонае — пара бяспечная”, “Бяспечнае лета і мы”. Такім чынам, лета ў дзіцячым садзе — гэта насычаная пара, напоўненая радасцю і весялосцю. Усе намаганні работнікаў нашай дашкольнай установы накіраваны на аздараўленне і загартоўванне дзяцей, развіццё ў іх пазнавальных, камунікатыўных і творчых здольнасцей.
Настасся ЧАРКАНАВА





