У гэтым навучальным годзе адкрыліся інжынерныя групы ў сярэдніх школах № 1, 3 Пружан. 1-я школа заключыла дагавор аб супрацоўніцтве з Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам. Пра гэта карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала начальнік раённага аддзела па адукацыі Ірына Казарэз.
— Стараемся максімальна задаволіць адукацыйныя запыты нашых дзяцей і іх бацькоў. У раёне вядзецца работа па рэалізацыі мерапрыемстваў дарожнай карты па развіцці сеткі профільных класаў інжынернай накіраванасці, — адзначыла Ірына Анатольеўна. — У гэтым навучальным годзе адкрыліся інжынерныя групы на базе сярэдніх школ № 1, 3 Пружан, дзе пачаў выкладацца факультатыў «У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію». Ва ўстановах праводзяцца тэматычныя сустрэчы, дыялогавыя пляцоўкі з паспяховымі прадстаўнікамі інжынерных прафесій («Урок ад прафесіянала», «Урок поспеху»), выпускнікамі ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія працуюць па спецыяльнасцях інжынернага профілю. Ладзяцца акцыі «Дзень з прадпрыемствам».
Калі казаць пра сярэднюю школу № 1 Пружан імя Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, то ўстанова падпісала дагавор аб супрацоўніцтве з БрДТУ. Яго выкладчыкі плануюць удзельнічаць у правядзенні заняткаў са старшакласнікамі — будучымі інжынерамі. У сваю чаргу нашы вучні змогуць наведваць універсітэт з экскурсіямі, паспрабаваць сябе ў ролі студэнта ў рамках праекта «Студэнт на адзін дзень».
Намечаны кірункі супрацоўніцтва сярэдніх школ № 1, 3 па рэалізацыі дарожнай карты з Пружанскім філіялам вытворчага ўпраўлення «Кобрынгаз». Ёсць зацікаўленасць у наладжванні сувязей з Пружанскім заводам радыёдэталей. Асноўная мэта — прафарыентацыя моладзі, падрыхтоўка кадраў, у тым ліку па мэтавых накіраваннях.
З гэтага навучальнага года таксама быў адкрыты ваенна-патрыятычны клас у сярэдняй школе № 5 Пружан, дзе ідуць факультатыўныя заняткі «Гатовы Радзіме служыць». У Ліноўскай сярэдняй школе створаны ваенна-патрыятычны клуб і рэалізуецца праграма аб’яднання па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю «Віраж» сумесна з вайсковай часцю 23324 Бярозы.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара