Сурдаперакладчык і сурдапедагог — чым адрозніваюцца і дзе іх рыхтуюць

- 9:00Главная, Образование

У нашай краіне крыху больш за 9,5 тысячы інвалідаў з парушэннем слыху. Правадніком для іх у свет гукаў з’яўляюцца сурдаперакладчыкі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сябрамі Беларускага таварыства глухіх з’яўляюцца каля 8,4 тысячы чалавек. На сённяшні дзень у ­БелТГ ёсць рэестр перакладчыкаў жэставай мовы, які размешчаны на сайце таварыства. Мы вядзём гэты рэестр другі год і рэгулярна папаўняем яго. Зараз у ім крыху больш за 100 перакладчыкаў, якія прайшлі ў нас атэстацыю, атрымалі пасведчанне аб тым, што могуць аказ­ваць паслугі перакладу на мову ­жэстаў, — расказала намеснік старшыні Цэнтральнага праўлення БелТГ Таццяна Шэйман.

У Беларусі толькі дзве ўстановы рыхтуюць сурдаперакладчыкаў. У Лінгвагуманітарным кале­джы можна атрымаць спецыяль­насць “Лінгвістычнае забеспячэнне сурдакамунікацыі”, а затым асвоіць прафілізацыю “Пераклад жэставай мовы” ў рамках спецыяльнасці “Перакладчыцкая справа (з указаннем моў)” у скарочаны тэрмін навучання на перакладчыцкім факультэце МДЛУ.

— Безумоўна, перакладчыкі, якія атрымаюць вышэйшую адукацыю, будуць больш кваліфікаваныя і змогуць працаваць у тых установах, дзе патрабуецца больш высокая кампетэнцыя, напрыклад, на тэлебачанні, у судах і іншых арганізацыях, дзе просты перакладчык не заўсёды справіцца. Лінгвагуманітарны каледж выпускае сурдакамунікатараў, якія добра працуюць у тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання, — дадала Таццяна Міхайлаўна.

Паводле яе слоў, у спецыялістаў па сурдакамунікацыі сёння няма праблем з працаўладкаваннем.

— У бягучым навучальным го­дзе ў Лінгвагуманітарны каледж паступілі 3 нашы мэтавікі, што вельмі радуе. Да таго ж потым яны адпрацуюць у нас не менш за 5 гадоў. Мы гаворым сваім абласным і пярвічным міжраённым арганізацыям, што неабходна шукаць жадаючых паступіць на такую спецыяльнасць або накіроўваць на атрыманне гэтай прафесіі дзяцей глухіх бацькоў. Дарэчы, менавіта з такіх хлопчыкаў і дзяўчынак атрымліваюцца самыя лепшыя перакладчыкі жэставай мовы, — адзначыла Т.М.Шэйман.

Жэставая мова — паўнавартасная лінгвістычная моўная сістэма пазнання, развіцця і адукацыі. Згодна з Законам “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі”, гэта галоўная мова людзей з інваліднасцю па слыху, і, дарэчы, яна прызнана нароўні з дзяржаўнымі.

Штучная падрыхтоўка

Авалодаць жэставай мовай і стаць кваліфікаваным сурдаперакладчыкам можна толькі ў МДЛУ.

У 2023 годзе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце ўпершыню адбыўся набор на прафілізацыю “Пераклад жэставай мовы” спецыяльнасці “Перакладчыцкая справа”. Падрыхтоўка ажыццяўляецца ў скарочаны тэрмін (3 гады) на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На навучанне прымаюцца толькі выпускнікі Лінгвагуманітарнага каледжа па спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне сурдакамунікацыі”, якія паспяхова вытрымалі ўступныя экзамены.

— Летась адбыўся другі набор на гэтую адукацыйную праграму. У МДЛУ на навучанне прынята 12 чалавек з 49 выпускнікоў нашага каледжа. Сёлета мы плануем набраць групу з 10 чалавек, але і выпускнікамі каледжа стануць толькі 25 чалавек. Першы выпуск перакладчыкаў жэставай мовы з вышэйшай адукацыяй адбудзецца ў чэрвені 2026 года, — праінфармавала прарэктар па вучэбнай рабоце ўніверсітэта Алена Бяценя.

Навучанне ў Лінгвагуманітарным каледжы накіравана на падрыхтоўку спецыялістаў па сурдакамунікацыі, а ў МДЛУ — на падрыхтоўку вузкіх спецыялістаў — перакладчыкаў жэставай мовы.

— Нашы студэнты атрымліва­юць унікальны набор перакладчыцкіх кампетэнцый. Бо яны не толькі авалодваюць мовай жэстаў, але і дзвюма слоўнымі — анг­лійскай і італьянскай. Дарэчы, рыхтуем мы будучых спецыялістаў у цесным узаемадзеянні з БелТГ і Белтэлерадыёкампаніяй, якая дае базу для практыкі, а таксама актуальны навінавы відэакантэнт для выкарыстання на занятках па перакладзе, — адзначыла прарэктар.

Хоць асноўным заказчыкам кадраў на такіх спецыя­лістаў з’яўляюцца цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія курыруюць катэгорыю людзей з парушэннем слыху.

— На сёння спецыялістаў па сурдакамунікацыі хапае, аднак многія з іх пенсіённага ўзросту, таму на парадку дня пытанне падрыхтоўкі змены кадраў. Акрамя таго, ёсць запыт на перакладчыкаў-сінхраністаў па жэставай мове ў сферы тэлебачання. Гэта штучная падрыхтоўка, якая патрабуе працяглай практыкі, і над вырашэннем такой задачы мы таксама працуем, — падкрэсліла А.П.Бяценя.

Выдатным спецыялістам па сурдаперакладзе не стаць без такіх якасцей характару, як добразычлівасць, адкрытасць і шчырае жаданне дапамагчы. У гэтым пераканана будучы перакладчык жэставай мовы студэнтка 2 курса перакладчыцкага факультэта МДЛУ Ганна Янкавенка. Па яе прызнанні, спецыяльнасць яна выбрала выпадкова, хаця за гады вучобы ні разу не па­шкадавала пра гэта.

— Прахадныя балы ў МДЛУ былі занадта высокія, і шансы паступіць на бюджэт невялікія, нягледзячы на добрую паспяховасць у школе. Таму першапачаткова, паступаючы ў каледж, разлічвала працягваць навучанне ва ўніверсітэце, а спецыяльнасць на той момант была не такая важная, галоўнае — сувязь з лінгвістыкай. Так супала, што менавіта ў 2019 годзе ў каледжы адкрылася новая спецыяльнасць, па балах я прахо­дзіла, таму і паступіла, — сказала дзяўчына.

На пытанне, што самае складанае ў навучанні, адказала — першы год у каледжы. Яно і зразумела, бо трэба было адаптавацца да новых умоў навучання, новага выкладчыцкага складу і новых правіл. Да таго ж падручнікаў і літаратуры па спецыяльнасці было вельмі мала.

— У час вучобы ў каледжы ў нас было шмат практыкі па рабоце з глухімі на заводах і прадпрыемствах. Былі мы і ў тэрытарыяльных цэнтрах абслугоўвання насельніцтва, куды ў асноўным потым і размяркоўваюцца выпускнікі. Там мы на асабістым вопыце пачалі разумець псіхалогію і асаблівасці работы з людзьмі з павышанымі патрэбамі, — прыгадала Ганна.

Пасля заканчэння ўніверсітэта яна плануе працаваць у сферы перакладу любімых моў — англійскай і кітайскай. Пры гэтым упэўнена, што і валоданне жэставай мовай ёй спатрэбіцца ў прафесійнай дзейнасці.

Наогул я параіла б звярнуць увагу на гэтую спецыяльнасць тым, у каго ёсць прамы кантакт з глухімі або з людзьмі са слабым слыхам. Дзеці ў сям’і глухіх бацькоў — гэта ўвогуле прыроджаныя перакладчыкі, якія могуць унесці немалы ўклад у развіццё жэставай мовы ў нашай краіне, — пераканана Г.Янкавенка.

Праваднікі ў свет гукаў

Якія прафесійныя задачы вырашаюць сурдапедагогі?

У Беларусі сурдапедагогаў для работы з дзецьмі з парушэннем слыху рыхтуюць выключна ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ на спецыяльнасці “Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя” (прафілізацыя “Сурдапедагогіка”).

— Сурдапедагог — спецыя­ліст, які ажыццяўляе навучанне, выхаванне і карэкцыйную работу з дзецьмі з парушэннем слыху, забяспечвае ўмовы для іх адукацыйнай інтэграцыі і сацыяль­най адаптацыі. На сучасным этапе мяняюцца патрабаванні да кампетэнцый сурдапедагога, адпаведна, і падыходы да яго падрыхтоўкі, а таксама перападрыхтоўкі ўжо працуючых спецыялістаў ва ўстановах спецыяльнай, агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі, ЦКРНіР. Гэта звязана з тым, што на працягу апошніх 20 гадоў адбыўся прагрэс у сумежных галінах рэабілітацыі — медыцыне і тэхніцы, — паведаміла прарэктар па навуковай рабоце БДПУ Святлана Фяклістава.

Яна расказала, што ў Беларусі ўкаранёны аўдыялагічны скрынінг нованароджаных, які дазваляе выявіць парушэнне слыху ў першыя дні жыцця:

— Чым раней мы выявім праблемы са слыхам і пачнём працаваць з дзіцем, тым лепшы вынік атрымаем. Бо першыя тры гады з’яўляюцца сензітыўнымі і найбольш значнымі для развіцця слыху і маўлення дзіцяці. ­Цяпер пры наяўнасці скрынінгу мы можам максімальна рана пачаць праца­ваць з такімі дзецьмі.

Зведалі змяненні і тэхналогіі слухапратэзавання, якія выкарыстоўваюцца ў нашай краіне. З 2000 года пачалі выконваць кахлеарную імплантацыю, якая дазваляе вярнуць чалавеку да 80% слыху. Аднак тут вельмі важная і работа сурдапедагога, таму што без спецыяльнай педагагічнай работы не будзе дасягнуты максімальны эфект ад выканання аперацыі, дзіця з кахлеарным імплантам не зможа эфектыўна авалодаць слоўнай мовай, як дзіця, якое чуе з нараджэння.

— Сурдапедагог павінен працаваць як непасрэдна з дзіцем, так і ўмець кансульта­ваць бацькоў, бо, толькі дзякуючы сумесным намаганням, можна ўключыць функцыянальны слых. У нашай краіне ўжо склалася і эфектыўна функцыянуе сістэма ранняй комплекснай дапамогі. У кожным цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання, якіх у нас 141, бацькі такога дзіцяці могуць атрымаць неабходную дапамогу. Такім чынам, дзякуючы дасягненням у тэхніцы, медыцыне і педагогіцы, мы сёння маем магчымасць вываду дзіцяці з парушэннем слыху на шлях норматыповага развіцця, — растлумачыла Святлана Мікалаеўна.

Варта адзначыць, што названыя змяненні прывялі да істотнага пашырэння дыяпазону адрозненняў у развіцці дзяцей з парушэннем слыху, змянення іх якаснага складу. А гэта зна­чыць, што сёння значна ўзрастае адказнасць за педагагічную дыягностыку актуальнага ўзроўню развіцця дзіцяці з парушэннем слыху. Сучасны сурдапедагог павінен арыентавацца на такі новы крытэрый дыферэнцыяцыі адукацыі, як асаблівыя адукацыйныя патрэбы дзіцяці, а не на медыцынскі дыягназ. Такі пераход вызначае патрэбнасць змянення і агульнай стратэгіі навучання, выхавання і карэкцыйна-развіццёвай работы з дзецьмі з парушэннем слыху.

— У падрыхтоўцы сурдапедагогаў мы робім акцэнт на фармуляванні новых прафесійных кампетэнцый, якімі яны павінны авалодаць у працэсе навучання, — дадала прарэктар БДПУ.

Размяркоўваюцца выпускнікі педуніверсітэта ў спецыяльныя ўстановы адукацыі — да­школьныя і агульныя сярэднія, у пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі або працуюць ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання, дзе ёсць дзеці або групы дзяцей з парушэннем слыху. Акрамя таго, частка выпускнікоў працаўладкоўваецца ва ўстановы аховы здароўя.

— З гордасцю магу сказаць, што нашы выпускнікі-сурдапедагогі ўсё ж такі імкнуцца працаваць па спецыяльнасці, — акцэнтавала ўвагу С.М.Фяклістава. — Вядома ж, у рабоце сурдапедагога і сурдаперакладчыка дзесьці можна правесці паралель, але задачы ў іх розныя. Безумоўна, нашы студэнты вучацца жэставай мове, і мы ўдзяляем гэтаму значную ўвагу. Аднак толькі пасля праходжання адпаведных курсаў і авалодання неабходным аб’ёмам лексікі і стратэгіі перакладу яны змаглі б працаваць сурдаперакладчыкамі на прафесійным узроўні. Сёння, калі ёсць такі вялікі прагрэс у сумежных галінах рэабілітацыі, мы бачым нашу асноўную задачу ў тым, каб сфарміраваць у дзіцяці з парушэннем слыху маўленне як вядучы сродак сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства і наву­чыць яго пры неабходнасці выкарыстоўваць жэставую мову як дадатковы сродак.

Даведка

Сурдаперакладчык — спецыяліст па перакладзе вуснага маўлення на мову жэстаў і наадварот.

Сурдапедагог — спецыяліст, які ажыццяўляе навучанне, выхаванне і карэкцыйную работу з дзецьмі з парушэннем слыху, забяспечвае ўмовы для іх адукацыйнай інтэграцыі і сацыяльнай адаптацыі.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота прадастаўлены ўстановамі