Сваімі сакрэтамі падрыхтоўкі пераможцаў прадметнай алімпіяды падзялілася Марына Казлоўская

- 12:14Персона

Дзеці, якія прайшлі алімпіядны рух, дрэннымі супрацоўнікамі не будуць, дзе б яны ні працавалі, пераканана Марына Казлоўская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Докшыц, якая падрыхтавала не аднаго пераможцу рэспубліканскага этапу прадметнай алімпіяды. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Філасофія выкладання

— Марына Вінальеўна, ваш педагагічны шлях складае больш за 30 гадоў. Што стала штуршком да выбару прафесіі?

— Магчыма, вызначальным момантам стаў мой удзел у алімпіядным руху па беларускай мове, калі вучылася ў глыбоцкай сярэдняй школе № 1. У тыя часы беларуская мова была вельмі папулярнай. Каб пасту­піць у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, давялося вытрымаць даволі вялікі конкурс. Пачынала працаваць педагогам-арганізатарам і настаўніцай пачатковых класаў у вясковай школе ў Глыбоцкім раёне, потым давялося быць намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Полацкім раёне, выкладаць рускую мову. Але заўсёды існавала імкненне вярнуцца да сваёй спецыяльнасці — беларус­кай мовы і літаратуры. Атрымалася гэта 26 гадоў назад, калі прыйшла ў сярэднюю школу № 1 Докшыц. Дарэчы, мяне не аднойчы запрашалі працаваць у мясцовую газету. Але я проста не магла здра­дзіць прафесіі і застацца без дзяцей, без школы. Не ўяўляю свайго жыцця без гэтага.

— Якую мэту вы ставіце перад сабой, калі прыходзіце на ўрок?

— Самае важнае — навучыць усіх дзяцей так, каб яны маглі паступіць у тыя навучальныя ўстановы, якія хочуць.

У нашай школе беларуская мова — гэта своеасаблівы пропуск у далейшае жыццё, паколькі большасць навучэнцаў здаюць яе на экзаменах. Другая задача — выхаваўчая. Імкнуся прывіць любоў да роднай мовы, зацікавіць прадметам, каб дзецям хацелася гаварыць на мове не саромеючыся.

— І пры гэтым вы падрыхтавалі шмат удзельнікаў алімпіяднага руху і стабальнікаў па ЦТ. Як вам удаецца распазнаваць і развіваць адораных дзяцей?

— Адораныя дзеці ёсць усюды, мая задача — знайсці гэтую зорачку, развіць яе, каб яна не згасла. Я не думала, што буду выкладаць прадмет на павышаным узроўні, гэта прыйшло неяк само з гадамі працы. Прыкладна з 2014 года пачала актыўна развівацца ў гэтым кірунку.

Навучэнцы Марыны Вінальеўны атрымалі 14 дыпломаў на вобласці і чатыры на рэспубліцы, сярод якіх два дыпломы І ступені і два дыпломы ІІІ ступені.

Ключ да поспеху

— Падзяліцеся сакрэтам: што галоўнае падчас пад­рыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяды?

— Навучыць дзяцей праца­ваць.

— Як гэтага дасягнуць?

Мы разам вучымся адказнасці, размяркоўваем час, каб усё паспець. Улічваючы загружа­насць сучасных дзяцей, плануем сумесную работу, вызначаем прыярытэты, імкнёмся лавіраваць у шчыльным школьным графіку. Я пераканана: дзеці, якія прайшлі алімпіядны рух, дрэннымі супрацоўнікамі не будуць, дзе б яны ні працавалі. Гэта ж такія пчолкі! І загартоўка ў іх адпаведная. Мая дачка таксама была алімпіядніцай і не шкадуе, што атрымала такі вопыт. Скончыла тры курсы спецыяль­насці “Усходняя філалогія” БДУ, нядаўна праходзіла стажыроўку ў Кітаі… Яшчэ адна мая выпускніца, якая паступіла ў медыцынскі ўніверсітэт, сказала: “Пасля рэс­публіканскай алімпіяды мне ўжо ніякія экзамены не страшныя”. Такі закладзены падмурак вельмі важны для далейшага жыцця.

Сам працэс падрыхтоўкі ўключае розныя віды дзейнасці. Шмат увагі ўдзяляю напісанню водгукаў. Я люблю іх правяраць, чы­таць думкі навучэнцаў. Часам не верыцца, што дзіця напісала. Збіраю гэтыя работы, захоўваю. Для мяне гэта скарб!

Алімпіядныя заданні штогод ускладняюцца і мяняюцца, што патрабуе вялікай гнуткасці і ад вучняў, і ад настаўніка. Нават крытэрыі і падыходы да напісання водгуку мяняюцца. Цяпер могуць прапанаваць напі­саць пост, буктрэйлер. І ўжо дзеці мяне вучаць, што гэта такое. (Усмі­хаецца.)

— Ад чаго яшчэ залежыць поспех?

— Канечне, ад здароўя і навучэнца, і настаўніка. Другое — сістэматычная, мэтанакіраваная праца не за месяц да алімпіяды, а пачынаючы з малодшых класаў. Я працую пастаянна, гэта такі бяс­концы кругаварот. Нават на летнія канікулы даю дзецям заданні.

Уменне планаваць, размяркоўваць час, імкнуцца да мэты і не здавацца — каштоўныя якасці ўдзельнікаў алімпіяднага руху, якія застануцца з імі на ўсё жыццё.

— З якімі цяжкасцямі сутыкаецеся?

— Два галоўныя нашы ворагі — недахоп часу і вялікая нагрузка на саміх дзяцей. Удзельнікі алімпіяднага руху звычайна старанныя, адказныя, яны імкнуцца атрымліваць выдатныя адзнакі і па іншых прадметах. Назіраю за імі і здзіўляюся іх працаздольнасці і стараннасці.

— А якія прыемныя бонусы атрымліваеце?

— Падрыхтоўка да алімпіяды вельмі аб’ядноўвае. Атрымлі­ваецца сапраўдная каманда, дзе дзеці хвалююцца адно за аднаго, дзеляцца перажываннямі, падтрымліваюць, не страчваюць сувязі і пасля школы. Я ніколі нікога не прымушаю. Яны самі імкнуцца, і мне гэта прыно­сіць задавальненне. Другі момант: працуючы з дзецьмі, я сама ўвесь час вучуся.

Няўдача — штуршок да новага поспеху

— Дапамагаеце дзецям пераадольваць стрэс?

— Адораныя навучэнцы вельмі ранімыя, адчувальныя. Таму псіхалагічнай падрыхтоўцы надаю вялікае значэнне. Вучу дзяцей прымаць няўдачы не як прыгавор, а як штуршок да росту. Расказваю ім пра тое, што бываюць выпадкі, калі не шанцуе, але апускаць рукі нельга. Тлумачу, навошта трэба плённа працаваць на падрыхтоўчым этапе: каб потым не крыўдзіцца на сябе. Я ім кажу: “Вы зрабілі ўсё, што ад вас залежала, вы стараліся. Вы для мяне ўсё роўна самыя лепшыя”. Бывае, дзеці плачуць ад расчаравання. А самы цяжкі момант для мяне — сустракаць навучэнца пасля аб’яўлення вынікаў.

— Ці можна спрагназаваць вынік удзелу дзіцяці ў алімпіядзе?

— Не думаю. Тут занадта шмат акалічнасцей: бывае, натхнення не было ці здароўе падвяло, хтосьці добра піша водгукі на грамадзянскую тэматыку, а выпала філасофская, бывае, на абласным узроўні заданні прасцейшыя, чым на раённым. У кожнага майго алімпіядніка свая гісторыя па­дзенняў і ўзлётаў.

— Якія якасці, на ваш погляд, неабходны сучаснаму настаўніку?

— Дасканала валодаць матэрыялам, выкарыстоўваць сучасныя метады і тэхналогіі ў выкладанні прадмета. Але ж ёсць рэчы, якія застаюцца нязменнымі для педагога: умець падтрымлі­ваць дысцыпліну ў класе, абавязкова рыхтавацца да кожнага ўрока.

Зараз магу правесці любы ўрок без падрыхтоўкі, але ніколі такога сабе не дазваляю. Абавязкова прадумваю да дробязей заняткі для кожнага класа нават у адной паралелі. Прызнаюся, сшыткі правяраць не люб­лю, а вось сам працэс падрыхтоўкі да ўрокаў лічу творчым, ён мяне і сёння зачароўвае. І, канечне, павінна быць шчырая цікавасць да дзяцей. Усе навучэнцы любяць увагу: і выдатнікі, і не выдатнікі. Таму стараюся ўбачыць у кожным запатрабаванні, жаданні, здольнасці.

— Які ваш дэвіз у прафесіі?

— Словы Андрэя Макаёнка: “Толькі больш працаваць і вучыцца”. Я даўно іх прачытала і зразумела, што яны мне вельмі блізкія. І, мабыць, таму мяне натхняюць дзеці, якія самі хочуць працаваць і вучыцца.

Марына ЖДАНАВА