У Беларусі завяршыўся Рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Святочная кульмінацыя адбылася ў пятніцу ў Клецку і Нясвіжы. Гасцямі мерапрыемства сталі прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны і Мінска. Гэта і супрацоўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, спецыялісты галоўных упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў (камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама), якія курыруюць пытанні дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дырэктары і педагогі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Галоўнай пляцоўкай тыдня стаў Клецкі цэнтр дзіцячай творчасці і гарадская плошча, дзе разгарнуўся маштабны “Горад майстроў”. Усе кірункі развіцця сферы дадатковай адукацыі Міншчыны прадставілі 48 устаноў дадатковай адукацыі з 22 раёнаў і Жодзіна. Каб з імі пазнаёміцца, госці здзейснілі падарожжа па шасці інтэрактыўных пляцоўках.
Так, на пляцоўцы “Чароўная Бацькаўшчына” былі прадстаўлены творчыя кірункі па вывучэнні малой радзімы — ад калекцыі выцінанак з выявамі знакавых мясцін раёнаў да экспазіцыі лялек у народных касцюмах.
Пляцоўка “Кола часу” паказала дасягненні юных тэхнікаў: мадэлі караблёў, адрэстаўрыраваныя аўтамабілі, макеты гісторыка-культурных славутасцей Беларусі. Здзіўлялі таксама інавацыйныя тэхнічныя праекты — пачынаючы ад робатаў, ускладненых мадэлей квадракоптараў да тэхналогій дапоўненай рэальнасці і інш. Робаты высвятлялі адносіны паміж сабой, судамадэлісты разганялі хвалі ў штучным моры сваімі манеўровымі катарамі і беласнежнымі яхтамі і караблямі.
Пляцоўка “Скарбніца Жэўжыка” прыадчыніла дзверы ў свет прыроды. Пра сваю работу расказалі фларысты, арнітолагі, юныя вучоныя-эколагі. Напрыклад, педагогі Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Смалявіцкага раёна паведамілі пра аб’яднанне па інтарэсах “Фітатэрапія”, а таксама пра тое, як звычайныя рамонак, зверабой і мята могуць аб’ядноўваць пад дахам цэнтра дзяцей і іх бацькоў.
Паглыбіцца ў арт-сучаснасць дапамагла пляцоўка “Пад вясёлкавай дугой”, якая аб’яднала ў сабе найноўшыя віды выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тут былі прадстаўлены вырабы з фаамірану, палімернай гліны, праведзены майстар-класы па такіх тэхніках, як кропкавы роспіс, тэра, пейп-арт, клеявая філігрань, квілінг, карвінг, асамбляж і інш. Тут жа паказалі інтэграцыю кітайскай культуры ў беларускую.
У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Смілавіч актыўна вывучаюць творчасць свайго знакамітага земляка Хаяма Суціна — аднаго з самых вядомых у свеце мастакоў парыжскай школы. У арт-цэнтр “Вулей” прыязджаюць юныя мастакі з усёй Мінскай вобласці. На базе музея штогод праводзяцца міжнародныя пленэры і творчыя сустрэчы, вучэбныя семінары. Каб паўней паглыбіцца ў тонкасці французскага жывапісу, дзеці ў “Вулеі” вывучаюць французскую мову. Размаўляюць яны на ёй і падчас паездак у Францыю, дзе выстаўляюць свае палотны. А летась, напрыклад, юныя мастакі з арт-цэнтра прымалі ўзнагароды ў Люксембургскім палацы. Дзеці сябруюць з Дзяржаўным музеем выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна ў Маскве і арганізоўваюць міжнародны дзіцячы пленэр “Суцін і час” і шэраг іншых сумесных праектаў.
Дарэчы, у Мінскай вобласці — шмат замежных сяброў: заключана 88 пагадненняў аб супрацоўніцтве з больш як 30 краінамі свету. Апошняе з іх было заключана 16 жніўня з Чанчжоу (КНР). Цэнтр творчасці Нясвіжскага раёна актыўна прымае ўдзел у Днях культуры ў Аўцэ (Латвія), а Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна рэалізоўвае сумесны праект з цэнтрамі творчасці Масквы, Смаленска, Уладзіміра і Краснадара.
Тыя, хто трапіў на пляцоўку “У госці да Несцеркі”, даведаліся пра ініцыятывы педагогаў Міншчыны па прывіцці дзецям здаровага ладу жыцця, па папулярызацыі розных відаў спорту, а таксама пешаходнага і велатурызму, наведалі майстар-клас па праходжанні трас на перасоўным скаладроме і нават пабывалі на паказальных выступленнях па скорасным кампасціраванні.
На апошняй, шостай, пляцоўцы госці свята пазнаёміліся з маладзёжнымі лідарамі Міншчыны, якія ўдзельнічаюць у рабоце дзіцячых і маладзёжных арганізацый, маладзёжным парламенце, школьных СМІ, рэалізоўваюць ініцыятыву “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Актыўна працавалі прадстаўнікі школьных СМІ — навучэнцы з Клецкага і Нясвіжскага раёнаў.
Таццяна Валянцінаўна Апраніч, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, абышоўшы шматлікія інтэрактыўныя пляцоўкі, адзначыла: “На працягу года ўся сістэма дадатковай адукацыі Мінскай вобласці актыўна працавала для таго, каб у 2019/2020 навучальным годзе прапанаваць дзецям новыя формы работы. І гэта вельмі важна, бо дзеці заўсёды шукаюць тое, што іх зацікавіць. І сённяшні наш “Горад майстроў” гаворыць пра тое, што рэзервы ў развіцці дэкаратыўна-прыкладной, тэхнічнай творчасці, у сферы інфарматызацыі вельмі маштабныя. Хлопчыкі і дзяўчынкі могуць захапляцца не толькі дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, не толькі спортам, турызмам, не толькі канструяваць і развіваць свае навыкі ў сферы IT, але і быць лідарамі”.
Больш прадметная гутарка пра тое, чым жыве сёння сфера дадатковай адукацыі краіны, працягнулася на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па пытаннях дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якое праходзіла ў межах тыдня. З прывітальным словам выступіла старшыня Рэспубліканскага савета па пытаннях дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка. Яна ахарактарызавала сістэму работы сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Беларусі, акрэсліла асноўныя прыярытэты развіцця ў новым навучальным годзе.
Працягнуў гэтую тэму і больш засяродзіўся на выніках работы мінулага навучальнага года, вызначыў асноўныя кірункі на 2019/2020 навучальны год намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Мацюшонак. У прыватнасці, адной з першачарговых задач сістэмы ён назваў павышэнне кваліфікацыі педагогаў.
Знаёмства з вопытам работы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Міншчыны працягнулася ў Нясвіжы. Завітаўшы ў Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, госці даведаліся пра ініцыятывы, накіраваныя на арганізацыю вольнага часу дзяцей і моладзі, папулярызацыю розных відаў спорту, адраджэнне і захаванне культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа.
Так, пра нацыянальную культурную і гістарычную спадчыну Беларусі нагадалі ўдзельнікам паказальныя выступленні клуба “Баявая спадчына” ў музычным суправаджэнні ансамбля “Вір” з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна, майстар-класы па гістарычных танцах ад навучэнцаў Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна. Паглыбілі ў былую эпоху і сярэдневяковыя гульні, забавы (баі на мячах, баі мяшкамі, армрэслінг, перацягванне каната, настольныя сярэдневяковыя гульні, кіданне кольцаў, выкоўванне манеты і інш.).
Уменне развесяліць публіку прадэманстравалі педагогі, якія на пляцоўцы перад раённым Цэнтрам культуры і адпачынку літаральна за хвіліны сабралі каманды з прахожых — юных жыхароў горада. Тут прайшлі шоу мыльных бурбалак, анімацыйная праграма з удзелам мімаў, роставых лялек, жывых статуй, майстар-класы па аквагрыме і інш.
Завяршальным акордам мерапрыемства стала канцэртная праграма лепшых творчых калектываў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…”.
Прааналізаваўшы ўбачанае падчас свята, госці Міншчыны прызналіся, што гэта стане штуршком для іх далейшага развіцця. Асабліва гэтаму паспрыяюць новыя для сістэмы дадатковай адукацыі кірункі. Так, вельмі зацікавіў педагогаў STEM-цэнтр Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і яго аб’яднанне па інтарэсах “Планета навуковых цудаў”. Галоўнае правіла тут: пра простае і сучаснае — цікава і займальна. Пад кіраўніцтвам педагога Вольгі Шостак хлопчыкі і дзяўчынкі не проста вучацца самі паказваць сапраўдныя навуковыя цуды, але і дэманструюць іх навучэнцам ін шых школ горада.
Выклікаў цікавасць у прысутных адзін з апошніх праектаў Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму, прысвечаны юбілею Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, — “Зорачка на карце Барысаўскага раёна”. Як паведаміла дырэктар гэтай установы Анжэла Журавель, на працягу паўгода дзеці з педагогамі вывучалі ўсе мемарыяльныя дошкі і помнікі, размешчаныя на тэрыторыі горада і раёна, фатаграфавалі, знаёміліся з гісторыямі іх стварэння, а потым усю інфармацыю размяшчалі на сайце. Затым на кожны аб’ект стваралі QR-коды, з іх — рол-ап з картай раёна, дзе зорачкамі былі адзначаны ўсе помнікі. Кожны мог счытаць QR-код, праз яго выйсці на сайт і падрабязна даведацца пра неабходныя аб’екты.
Акрамя таго, удзельнікам было карысна пачуць і прафесійныя сакрэты ад калег. Чаго варта адна толькі сустрэча з самым знакамітым педагогам-керамістам Беларусі, членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, выдатнікам асветы Рэспублікі Беларусь, нязменным кіраўніком заслужанага аматарскага калектыву студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Скарбонка” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна М.А.Пратасеняй.
“Дзеці — такі народ, што ім дастаткова ўбачыць годную работу, і яны адразу загараюцца жаданнем зрабіць падобную. А ці захаваецца гэтая прага, гэтая цікавасць — залежыць ад педагога, — дзеліцца Мікалай Аляксеевіч. — Узяць керамічныя вырабы. Гэта вельмі цяжкая работа, якая патрабуе ад дзіцяці не толькі жадання, але і ўседлівасці, вытрымкі. Педагогу варта на першых этапах дапамагаць дзіцяці, каб справа не падалася занадта складанай, але ў той жа час трэба не перастарацца, каб у дзіцяці не склалася ўражанне, што без педагога яму не справіцца. Тут трэба знайсці залатую сярэдзіну”.
Але, мабыць, галоўнае — развівацца самому педагогу, не стаяць на месцы. Разам з навучэнцамі Мікалай Пратасеня адраджае тэхналогіі вырабу дзіцячай цацкі. Ён адзначае, што калі свістулькі добра вядомы беларусам, то амаль ніхто нічога не ведае пра беларускія бразготкі. “Між іншым першыя бразготкі былі якраз з гліны”, — адзначыў мастак, прадэманстраваўшы маленькі гліняны гарбузік — рэканструкцыю цацкі XI стагоддзя — і іншыя гліняныя цацкі, якімі нашы продкі маглі забаўляць сваіх дзяцей. Менавіта гліняныя бразготкі сталі спачатку тэмай вялікага даследавання педагога, а потым — цэлым пластом работы ў аб’яднанні, а ў 2015 годзе — і нагодай для ўручэння Мікалаю Аляксеевічу гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на адраджэнне і захаванне керамічнага мастацтва. Справу майстра шматлікія яго выпускнікі працягваюць і сёння, толькі ўжо ў якасці педагогаў. Кожны год адразу некалькі выпускнікоў М.Пратасені працягваюць сваю адукацыю ва УВА педагагічнага ці мастацкага кірунку. Ды і ў цэнтры працуе яго выпускніца, якая таксама стала керамістам.
Не менш людна было каля імправізаванай майстэрні калегі М.Пратасені па цэнтры Раісы Аляксандраўны Раманені, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі за значны ўклад у адраджэнне і захаванне традыцый народнага мастацтва саломапляцення, далучэнне моладзі да нацыянальнай культуры, кіраўніка заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Беларускі сувенір”, якая здзіўляла сваімі саламянымі лялькамі-салігарчанкамі.
Святлану Віктараўну Якіменка, дырэктара Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, таксама перапаўнялі ўражанні: “Сам антураж, сама атмасфера замкаў, традыцыі, гісторыя мінскай зямлі ўражваюць. Гэта тое, чым не кожны можа пахваліцца. І радуе, што гэта мае працяг у дзецях, у педагогах. Што тычыцца выставы, то тут сапраўды было чаму павучыцца. Вылучаюцца новыя тэхнікі: дэкаратыўна-прыкладная творчасць, у прыватнасці французскі стыль паслядоўнікаў Х.Суціна, шыкоўнае валенне з лямцу. Па-за канкурэнцыяй — выцінанкі. Гэта тытанічная работа, таму галерэя, якую нам прадставілі ў Клецку, дарагога каштуе. Уразіла нас адданасць педагогаў сваёй прафесіі, дух каманды. Здавалася б, Клецкі раён маленькі — усяго 3 тысячы дзяцей, але якія створаны для іх умовы! Былы кінатэатр стаў раённым цэнтрам дзякуючы не толькі падтрымцы дзяржавы, але і рабоце каманды педагогаў. Яны звілі сваё гняздзечка, удыхнулі ў яго творчасць, таму і такія добрыя вынікі. Падчас падобных сустрэч становіцца відавочным, што сфера дадатковай адукацыі сапраўды развіваецца і кожны можа перадаць вопыт сваім калегам”.
Т.В.Апраніч, падводзячы вынікі Рэспубліканскага тыдня, адзначыла: “Наша маштабнае свята — свята дзяцінства. Яно распачынае новы навучальны год, дае старт цудоўнаму праекту “Міншчына спартыўная” і, як і Дзень ведаў, становіцца зыходным пунктам новага вучэбнага перыяду. Таму мы жадаем кожнаму дзіцяці знайсці сябе, а кожнаму педагогу — знайсці новую тэхніку, каб зрабіць свет дзяцінства яшчэ больш яркім”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.