Два дырэктары ў адной сям’і — добра ці дрэнна?.. Кіраўнікі сярэдніх школ № 4 і № 1 Асіповіч Святлана і Сяргей Сувеевы гавораць, што сямейнаму жыццю дырэктарскія пасады не перашкаджаюць. Хаця дома і пануе здаровая канкурэнцыя, аднак агульнасць інтарэсаў яшчэ больш яднае і згуртоўвае.

Па настаўніцкай сцежцы
Святлана Яўгенаўна і Сяргей Пятровіч разам ужо 37 гадоў, праз гады яны пранеслі трапяткое пачуццё любові і захаплення адно адным — гэта відаць па позірках, якімі абменьваюцца муж і жонка, па цёплых усмешках, тонкім гумары.
— Педагагічную прафесію я выбрала невыпадкова, — расказвае Святлана Яўгенаўна. — Цікавасць і любоў да гісторыі прывіў мне, як, дарэчы, і многім вучням нашай школы ў пасёлку Ганчанскі Клічаўскага раёна, малады настаўнік Віктар Васільевіч Мігай. У той перыяд не было такога паняцця, як інтэрактыўныя ўрокі, а зараз я разумею, што гэты педагог праводзіў менавіта такія заняткі. Ён зараджаў энергіяй, у нас на занятках былі задзейнічаны і карты, і відэа, і дыяфільмы, і іншыя сродкі навучання. Настаўнік далучыў вучняў да ўдзелу ў рабоце музея, паходаў, экскурсій, вывучэння памятных мясцін. Ужо ў 9 класе я была цвёрда пераканана, што стану настаўніцай гісторыі.
Нягледзячы на тое, што ў Магілёўскім дзяржаўным інстытуце імя А.А.Куляшова на гістарычным факультэце быў вельмі высокі конкурс — 8 чалавек на месца, Святлана Яўгенаўна ў 1985 годзе паступіла туды. На 3 курсе там якраз вучыўся Сяргей Пятровіч.
— У той час педагагічная прафесія ў грамадстве вельмі высока цанілася. Настаўнікі — інтэлігенты, на якіх раўняліся і імкнуліся быць падобнымі, — уключаецца ў размову Сяргей Пятровіч. — Мы глядзелі на педагогаў і планавалі сваю будучыню. А з настаўнікамі мне вельмі пашанцавала. У Чарэйскай сярэдняй школе Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці, дзе я вучыўся, працавалі педагогі, якія ўмелі паказаць гісторыю знутры і захапіць ёй. Гэта дырэктар школы Аляксандр Васільевіч Касьянаў, гісторык па адукацыі, і класны кіраўнік Аляксандр Канстанцінавіч Астроўскі. Дырэктар сфарміраваў імідж школы як турыстычнай, спартыўнай установы, якая сапраўды стала культурным цэнтрам нашай вёскі. Мы шмат падарожнічалі, вывучалі гісторыю родных мясцін: Белай царквы, Чарэйскага возера… Да таго ж дома ў мяне была багатая бібліятэка, уся сям’я захаплялася чытаннем. Навінкі гістарычнай літаратуры з’яўляліся ў нас пастаянна. Гэта і прывяло мяне на гістарычны факультэт.
Маладыя людзі пазнаёміліся на сельскагаспадарчых работах у Верамейках. Юнака прывабіла сур’ёзнасць Святланы, яе разважлівы погляд на жыццё. Спачатку яны проста сябравалі, дапамагалі адно аднаму і не заўважылі, як сімпатыя перарасла ў каханне.
І калі дзяўчына вучылася на 5 курсе — пажаніліся. Пасля заканчэння ўніверсітэта малады спецыяліст накіравалася ўслед за мужам у школу вёскі Малая Вядрэнь Чашніцкага раёна, дзе Сяргей Пятровіч выкладаў гісторыю і працаваў намеснікам дырэктара.
— У першыя гады было няпроста, — прызнаецца Сяргей Пятровіч. — Здаецца, тэорыю ведаеш, а прымяніць яе на практыцы не зусім атрымліваецца. Нягледзячы на тое, што я прайшоў навучанне ў інстытуце ўдасканалення настаўнікаў, трэба было разабрацца, як арганізоўваць унутрышкольны кантроль, правяраць вучэбныя планы і інш., тым больш у вопытных калег. У той час гаварылі, што дырэктар у школе — гэта кіраўнік, а намеснік дырэктара — лепшы сябар настаўніка, які павінен разумець і падтрымліваць педагога. Вось гэтаму я і вучыўся. Вялікую дапамогу мне аказвала Таццяна Сафонава, якая была маім настаўнікам. Я ёй вельмі ўдзячны.
Святлана, прыехаўшы за мужам, працавала метадыстам у Доме піянераў Чашнікаў, арганізоўвала гуртковую работу і вельмі хацела працаваць па спецыяльнасці. І калі праз тры гады маладой сям’і прапанавалі работу ў Асіповіцкім раёне, Сяргей і Святлана пераехалі на новае месца жыхарства.
Здаровая канкурэнцыя
Сяргей Пятровіч выкладаў спачатку геаграфію, потым гісторыю і грамадазнаўства, набыў вопыт арганізацыі інавацыйнай дзейнасці, быў намеснікам дырэктара ў Вяззеўскай сярэдняй школе, Асіповіцкай беларускай гімназіі. Узначаліў сярэднюю школу № 1 Асіповіч імя Б.М.Дзмітрыева…
Святлана Яўгенаўна прыйшла ў сярэднюю школу № 4 Асіповіч настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства. Працавала некаторы час намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, потым ўзначаліла гэтую ўстанову адукацыі.
— Сямнаццацігадовы вопыт намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце даў магчымасць спасцігнуць многія адміністрацыйныя моманты знутры. Безумоўна, неабходна было паглыбляцца ў гаспадарчую дзейнасць, фінансавыя пытанні, нюансы арганізацыі харчавання і інш. А што тычыцца вучэбнай работы, то асаблівых праблем не ўзнікала. У першыя часы Сяргей Пятровіч многае падказваў, — адзначае Святлана Яўгенаўна.
— У кожнай рабоце ёсць свае нюансы, у кіраўніцкай таксама. На штосьці трэба звярнуць асаблівую ўвагу, а штосьці адпусціць. Нездарма ў дырэктарскім асяроддзі жартуюць, што некаторыя пытанні вырашаюцца самі, неабходна на іх толькі ўважліва паглядзець. Хапацца за галаву, панікаваць не варта, а трэба прааналізаваць сітуацыю, разабрацца ў ёй і прыняць рашэнне, — заўважае Сяргей Пятровіч.
Дырэктарам ёсць чым ганарыцца. Кожнаму хочацца, каб яго ўстанова была лепшай, гучала ў вобласці і рэспубліцы. Ужо трэці год запар лідарства ў раёне ўтрымлівае сярэдняя школа № 4. Яе вучні паспяхова займаюцца ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, актыўна валанцёраць, развіваюць творчы патэнцыял. Школа адметная сваімі педагогамі. У прыватнасці, тут працуе фіналістка конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2023” настаўніца англійскай мовы Юлія Шульгіна. Настаўніца фізікі Алена Мурашка развівае робататэхніку. Калі раней цікавасць да яе праяўлялі старшакласнікі, то зараз падключыліся і вучні пачатковых класаў. Дзякуючы настаўніку фізічнай культуры і здароўя Андрэю Вінакураву, узрастае цікавасць дзяцей да лыжнага спорту, біятлона. Настаўніца замежнай мовы Ганна Пярова актыўна вывучае кітайскую мову. Педагог пабывала на стажыроўцы ў Паднябеснай, і ў наступным годзе ў школе паспрабуюць увесці заняткі па кітайскай мове.
Установа Сяргея Пятровіча не адстае ад лідара, яна самая вялікая ў раёне. Тут склаліся свае традыцыі ў арганізацыі дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі. Дзеці вучацца ў педагагічных, інжынерных, аграрных, спартыўных класах, атрымліваюць STEM-адукацыю. У прыярытэце развіццё інтэлектуальнага і фізічнага патэнцыялу навучэнцаў, выхаванне ў іх грамадзянскасці і патрыятызму, садзейнічанне самавызначэнню школьнікаў. Ва ўстанове робяць стаўку на падрыхтоўку ўласных педагагічных кадраў. Так, праз некаторы час тут чакаюць настаўнікаў гісторыі, фізічнай культуры і здароўя, педагога-псіхолага.
— Паколькі мы шмат часу адпрацавалі ў педагагічных калектывах, выйшлі адтуль, то добра разумеем нюансы паводзін настаўнікаў, матывы іх учынкаў, напрыклад, чаму сёння педагог правёў добры ўрок, а ўчора заняткі не атрымаліся, — заўважае Сяргей Пятровіч. — Я гляджу на кіраўніцтва як на сістэму, дэлегую паўнамоцтвы сваім намеснікам, якія кіруюць рознымі працэсамі і дасягаюць тых мэт, якія мы сумесна ставім. Калі часам штосьці не атрымліваецца, шукаем прычыны і ліквідуем іх.
Заставацца чалавекам
Святлана і Сяргей Сувеевы перакананы, што ва ўзаемадзеянні з дзецьмі і бацькамі, педагогамі і супрацоўнікамі галоўнае для дырэктара сучаснай школы — заставацца чалавекам. Уменне ўзаемадзейнічаць з людзьмі, знаходзіць кампрамісы — адна з важных рыс кіраўніка, ключ да поспеху.
Школа павінна заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку і развіцці. А для гэтага ёй патрэбны настаўнікі з зіхатлівым позіркам і адкрытым сэрцам.
Рэалізуюць дырэктары і сумесныя праекты. На базе 1-й школы працуе ваенна-патрыятычны клуб “Волат”, адкрыты сумесна з РАУС. Яго наведваюць і вучні сярэдняй школы № 4. Для дзяцей праводзяцца тэарэтычныя і практычныя заняткі. Нядаўна ў школе быў уведзены ў эксплуатацыю цір. Сярэдняя школа № 1 з’яўляецца пунктам правядзення ЦЭ, а таму Святлана Яўгенаўна падключаецца да арганізацыі экзаменаў, разам з мужам працуе над стварэннем камфортных умоў для навучэнцаў.
— Кожную раніцу і вечар абмяркоўваем педагагічныя праблемы, — адзначае яна. — Безумоўна, руцінныя пытанні застаюцца на рабоце, а вось нестандартныя сітуацыі разглядаем дома. Я раюся з мужам, калі сумняваюся, як лепш зрабіць у той ці іншай сітуацыі. Ён выказвае сваю думку, мы разам аналізуем праблему, часам спрачаемся, але знаходзім рашэнне.
Вольны час муж і жонка любяць праводзіць разам. Ходзяць у лес па грыбы і ягады, чытаюць прафесійную і гістарычную літаратуру. Так, зараз Святлана Яўгенаўна перачытвае творы Т.Драйзера, а Сяргей Пятровіч — “Салярыс” С.Лема. Абстрагавацца ад работы дазваляюць каты, якіх у сям’і трое, кожны са сваім характарам і звычкамі, падарожжы па роднай Беларусі і за яе межамі, а таксама аграфітнес. І калі Сяргей Пятровіч аддае перавагу пасадцы агародніны, ягад (разам з сынам даглядаюць буякі), то Святлана Яўгенаўна захапляецца ландшафтным дызайнам і кветкаводствам. З ранняй вясны да позняй восені іх дом патанае ў кветках: спачатку ў цюльпанах, нарцысах, півонях, потым — у ружах, лілеях і інш. А яшчэ Сяргей Пятровіч у вольны ад работы час займаецца любімым хобі — шахматамі. Дома ў дырэктара каля 30 камплектаў шахмат і вялікая колькасць дыпломаў за перамогі ў спаборніцтвах.
Асаблівай гордасцю Сяргея Пятровіча і Святланы Яўгенаўны з’яўляецца сын, які скончыў БНТУ, працуе інжынерам-канструктарам, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у калег.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара





