Калі ў назве арганізацыі ёсць лічба 1, то гэта гучыць вельмі сімвалічна. Школа № 1, каледж № 1 ці дзіцячы сад № 1 — сапраўды, ужо адна гэтая лічба быццам вызначае першынство. У самым канцы 2009 года ў Гродне з’явілася дзяржаўная ўстанова адукацыі “Яслі-сад № 101”. Не проста першая, а сто першая. “Верасок” — такую назву атрымаў сад у новым мікрараёне горада.
З таго часу кірунак на першынство, на дасягненне высокіх вынікаў у рабоце стаў агульнай справай усяго калектыву ясляў-сада. Бо лічбы лічбамі, а без плённай працы дасягнуць высокіх вынікаў немагчыма. Забягаючы наперад, скажам, што першую адзнаку — падзячны ліст адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна за плённую працу — калектыў ясляў-сада № 101 атрымаў праз дзевяць месяцаў работы.
— З самага пачатку сваёй дзейнасці імкнуліся да таго, каб наша ўстанова мела сваю адметнасць, была цікавай нашым выхаванцам і іх бацькам, каб для дзетак стваралася прастора развіцця, — гаворыць загадчыца ясляў-сада Жанна Мікалаеўна Казловіч. — Разумелі, што калі пазітыўнае стаўленне да ўстановы сфарміравана, то вынікам стане давер да яе. Наш “Верасок” наведвае другое, а то і трэцяе пакаленне дзетак з адных сем’яў. І такі давер нас вельмі натхняе і сведчыць аб аўтарытэце педагагічнага калектыву.
Для стварэння пазітыўнага іміджу ясляў-сада вызначылі і план дзеянняў, які ўключаў работу з педагагічнымі кадрамі і бацькамі выхаванцаў. Запланаваныя мерапрыемствы мелі як тэарэтычны, так і практычны характар і ажыццяўляліся ў некалькі этапаў. На першым этапе вывучылі запыты бацькоў. Для гэтага выкарыстоўвалі анкетаванне, інтэрв’юіраванне, аналіз водгукаў. Гэта дапамагло вызначыць стаўленне не толькі бацькоў, але і дзетак да ўстановы і да педагагічных работнікаў.
Для пазнавальнасці дашкольнай установы важным палічылі стварэнне ўласнага візуальнага вобраза. Элементам фірменнага стылю “Вераска” стаў лагатып, які выкарыстоўваецца на шыльдзе, віншавальных паштоўках, дыпломах, сувенірах, бэйджах супрацоўнікаў, форме ўдзельнікаў танцавальнага гуртка.
Актыўна развіваецца сайт установы. У садку лічаць, што шырокае інфармаванне аб дасягненнях выхаванцаў і педагагічных работнікаў садзейнічае адкрытасці ўстановы, стварае ўмовы для ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, абмену інфармацыяй. Стварэнне максімальна адкрытай інфармацыйнай прасторы, у якой адсочваецца зваротная сувязь і рэфлексія, стала важным элементам станоўчага іміджу дашкольнай установы. Дарэчы, яшчэ ў 2017 годзе “Верасок” быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені аддзела адукацыі, спорту і турызму Ленінскага раёна Гродна ў конкурсе “Сайт установы адукацыі як рэсурс выхаваўчай работы”. На сайце прадстаўляецца і лепшы вопыт сямейнага выхавання, якім дзеляцца бацькі.
— Таксама ў нас ёсць свае традыцыі, — працягвае Жанна Мікалаеўна. — Сярод іх — актыўны ўдзел бацькоў, а таксама бабуль і дзядуляў ва ўсіх мерапрыемствах. Так, на спартыўным свяце “Малыя Алімпійскія гульні” сапернічаюць каманды выхавальнікаў і бацькоў, а гледачамі з’яўляюцца нашы выхаванцы. Перамагае сяброўства, што вельмі падабаецца дзеткам.
Да пяцігоддзя “Вераска” тут з’явілася “Дрэва развіцця”. На яго галінках сталі размяшчаць фотаздымкі тых супрацоўнікаў ясляў-сада, якія адзначыліся важкім укладам у яго работу. Гэта і выхавальнікі, і кухар, і іншыя спецыялісты. А на другой палове раскідзістай кроны — фотаздымкі выпускнікоў.
— Асаблівасць гэтай традыцыі ў тым, што з аднаго боку размешчаны выявы педагогаў, з другога — нашых выпускнікоў, за поспехамі якіх мы сочым пастаянна. Мы часта запрашаем творчых выпускнікоў на святы ў садок, і яны з задавальненнем выступаюць на нашых мерапрыемствах. Колькі радасці, калі падрослыя выпускнікі садка бачаць сябе на гэтым “Дрэве развіцця”, — расказвае загадчыца ясляў-сада № 101.
— Ёсць яшчэ адна традыцыя — пасадка дрэва выпускнікамі. Развітваючыся з “Вераском”, нашы “верасяты”, і іх бацькі дораць не толькі свае фотаздымкі, але і дрэвы. Так з’явілася алея выпускнікоў, — расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Таццяна Вацлаваўна Седа.
У 2019 годзе з’явілася новая традыцыя — музычны фестываль “І песні таксама ваявалі”, які праходзіць напярэдадні Дня Перамогі. У мінулым годзе ў яго ўключылі выкананне паэтычных твораў. Удзельнічаюць у фестывалі педагогі, бацькі, дзеці.
Яшчэ адзін напрамак фарміравання паспяховага іміджу ў “Вераску” бачаць у эстэтычным афармленні памяшканняў і тэрыторыі — групавых памяшканняў і гульнявых пляцовак, калідораў, холаў. Дарэчы, архітэктурныя асаблівасці садка — гэта вялікія холы на кожным з трох паверхаў. На першым паверсе аформілі выставачную прастору, дзе рэгулярна прадстаўляюцца выставы работ дзяцей і іх бацькоў. На другім паверсе размешчаны жывы куток — зона рэлаксацыі і пазнання прыроды — з рыбкамі, птушкамі, жывёламі, раслінамі. Трэці паверх аддадзены гісторыі і народным промыслам Беларусі.
— Мы будуем выхаваўчы працэс на трыядзе “сям’я — дзіцячы сад — родны горад”, — гаворыць Жанна Мікалаеўна. — Дзеткі бачаць членаў сваёй сям’і на мерапрыемствах, разам ствараюць творы для выстаў, удзельнічаюць у добраўпарадкаванні тэрыторыі, знаёмяцца з выявамі гістарычных помнікаў нашага роднага горада і вывучаюць яго гісторыю, могуць узяць у рукі вырабы народных майстроў. Гэтыя простыя рэчы ім зразумелыя, гэта павышае імідж сям’і, нашага садка, нашага горада, а значыць, гордасць за іх, закладвае асновы патрыятычнага выхавання маленькіх грамадзян нашай краіны.
У “Вераску” кажуць: “Мы прыходзім на работу, каб пражываць жыццё разам са сваімі выхаванцамі”. Дарослыя не проста знаходзяцца разам з дзецьмі, яны сапраўды жывуць іх інтарэсамі і паказваюць прыклад актыўнасці, пазітыўных дзеянняў. А доказ гэтага — шматлікія ўзнагароды за рознабаковую дзейнасць. 101-ы — пераможца конкурсу экалагічных праектаў “Вучымся берагчы электраэнергію”, дашкаліяды “100 крокаў да Алімпа”, конкурсу кабінетаў псіхолага, пераможца раённага этапу рэспубліканскага конкурсу даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык” у намінацыі “Дзіця і прырода”, конкурсу на лепшае развіццёвае асяроддзе ў групе ўстановы дашкольнай адукацыі, раённага конкурсу па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, раённага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “ДоМиСоль-ка” ў намінацыі “Сучасная харэаграфія”, абласнога конкурсу “Бяспечнае дзяцінства”, адзначаўся за лепшую арганізацыю харчавання, мае статус “Зялёная школа”. Рознабакова і пазітыўна.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.