Наталля і Віктар Герцык працуюць настаўнікамі ва Ушацкай сярэдняй школе ўжо 36 гадоў. Роўна столькі ж гадоў і іх сям’і. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Шлях, наканаваны лёсам
Жыццё Наталлі Мікалаеўны амаль цалкам звязана з Ушацкай школай. Тут яна спачатку сама вучылася рашаць першыя ў жыцці задачы, а пасля стала вучыць гэтаму вучняў. Настаўніцкі шлях быў адзіным у яе марах з маленства, бо, жартуе гераіня, ён быў ёй наканаваны:
— Я нарадзілася 1 верасня, у Дзень ведаў, што для мяне было сімвалічным. У іншай прафесіі я сябе нават не ўяўляла. Падштурхнулі да такога выбару і асобы маіх першых настаўніц, класнага кіраўніка — я хацела быць падобнай на іх. Прыкладам стала і старэйшая сястра, якая 23 гады працавала дырэктарам 5-й гімназіі Віцебска.
З Віцебскага педагагічнага інстытута мая суразмоўніца вярнулася не толькі настаўніцай, але і жонкай настаўніка. Віктар паступіў туды на 2 гады раней за Наталлю, але пасля першага курса пайшоў у армію (якраз тады з ліку студэнтаў факультэтаў фізіка-тэхнічнага кірунку праводзілі спецнабор у войскі кантролю выпрабавання ядзернай зброі). Пасля службы юнак вярнуўся на 2 курс інстытута, дзе і пазнаёміўся з будучай жонкай.
— З Наталляй мы вучыліся на адным патоку факультэта, а потым разам трапілі на практыку ў школу Віцебска. Сумеснае планаванне ўрокаў, узаемадапамога і ўзаемападтрымка сталі стартам нашых сяброўскіх адносін, якія пазней перараслі ў каханне. Другі раз на практыку ў віцебскую школу мы ўжо наўмысна ішлі разам, а праз тыдзень пасля дзяржэкзаменаў ажаніліся, — расказвае Віктар Мікалаевіч.
Наталля Герцык працягвае:
— Пасля заканчэння вучобы я вярнулася ў родныя Ушачы, у сваю школу. Мяне цёпла сустрэлі былыя настаўнікі, якія сталі калегамі, але асабліва рады яны былі таму, што я прывезла сюды і мужа: мужчын-настаўнікаў заўсёды не хапае ў школе.
Зацікавіць, каб перамагчы

Усе 36 гадоў Наталля Мікалаеўна выкладае матэматыку, а Віктар Мікалаевіч — фізіку. У настаўнікаў выдатныя поспехі ў працы. Іх навучэнцы дзясяткі разоў станавіліся прызёрамі алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый раённага, абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўню. Штогод выпускнікі выбіраюць ЦЭ і ЦТ па фізіцы і матэматыцы, а іх вынікі часта прыбліжаны да 100-бальных. Найчасцей яны паспяховыя студэнты БДУІР, БНТУ, Полацкага і Віцебскага дзяржуніверсітэтаў і інш. Найчасцей абітурыенты выбіраюць інжынерныя спецыяльнасці. Сярод выпускнікоў ёсць і педагогі.
— Школьнікаў, якія жывуць выключна фізікай ці матэматыкай, не так шмат. Але яны ёсць. Такім, напрыклад, быў мой вучань Мікалай Кулікоў. Ён любіў нестандартныя задачы, галаваломкі. Хлопец сваёй зацікаўленасцю трымаў мяне ў форме, як спартсмена, — я стараўся заўсёды мець у запасе некалькі такіх заданняў. Коля быў пераможцам алімпіяд па фізіцы на раёне, меў дыпломы ІІ ступені на вобласці і на рэспубліцы. Пасля школы ён скончыў БДУІР, займаўся ў тэхнапарку праграмаваннем і камп’ютарнымі тэхналогіямі, зараз працуе ў IT-сферы, — расказвае Віктар Мікалаевіч.
Але найчасцей настаўніку даводзіцца не адбіраць апантаных фізікай дзяцей, а самому будзіць у іх гэтую зацікаўленасць.
— У большасці сваёй дзеці не надта любяць чытаць, тым больш тое, што выходзіць за межы школьнай праграмы, але пры гэтым ім падабаецца канструяваць. Часам яны самі могуць знайсці нейкую тэхнічную рэч у інтэрнэце, хочуць змайстраваць такую, але не ведаюць як. І я ім падказваю, дзе пра гэта можна пачытаць, ці даю матэрыялы — так дзіця разумее, што без чытання далей не зрушыш. А потым ужо мы разам паглыбляемся ў тэхнічную частку, што ў выніку часцей за ўсё выліваецца ў работы для навукова-практычных канферэнцый, — гаворыць Віктар Герцык.
Ён адзначае, што стараецца ўсе заданні прывязваць да жыццёвых сітуацый, а таксама выбудоўвае межпрадметныя сувязі:
— Мы падключаем малекулярную фізіку, калі вызначаем масу паветра ў класе. Вылічваючы атмасферны ціск, які на нас аказвае паветра, дзеці не толькі даведваюцца, што на нас ціснуць тоны паветра, але і ўспамінаюць вывучанае на біялогіі — як артэрыяльны ціск чалавека супрацьдзейнічае знутры, чаму некаторыя людзі адчувальныя да перамен надвор’я і г.д. Або задаю дзецям правакацыйныя пытанні кшталту “Ці можна ў гарах зварыць мяса?”. Дзеці здзіўляюцца: а чаму не? Так мы падыходзім да вывучэння ціску атмасфернага паветра, які на вышыні падае — разрэжвае паветра. І каб вучняў пераканаць, з дапамогай барометра праводзім дослед — параўноўваем паказчыкі атмасфернага ціску ў нашым класе і на першым паверсе: розніца ажно на 1 мм ртутнага слупка. А кожны міліметр — гэта 12 метраў перападу вышыні. Вось таму ў сваім адказе на пытанне пра мяса яны ўжо не такія ўпэўненыя. У гарах разрэжанае паветра, таму вада там закіпае не пры 100 градусах, а ўжо пры 60. Для нагляднасці бяром шкляную колбу, наліваем ваду і адкачваем з яе частку паветра спецыяльнай помпай, тым самым паніжаючы ціск. І нават без агню вада тут жа кіпіць — натуральна, з бурбалкамі, але пры гэтым колба проста цёплая, яе можна смела трымаць у руках. Зварыць у такой вадзе мяса не атрымаецца.
Абстрагавацца ад кніжных практыкаванняў стараецца і Наталля Мікалаеўна:
— Фізіка больш цікавая дзецям, бо ў яе аснове эксперыменты. Але і ў матэматыцы можна знайсці яркія падыходы. Напрыклад, звязаць задачы з нашым жыццём. Мы не проста вылічваем сярэднюю лінію трохвугольніка, шукаем даўжыню адрэзка ад а да б, а разлічваем даўжыню рыгеля для даху ў нашым будучым доме. Каб падчас рамонту не пераплаціць за лішнія трубкі шпалер ці банкі з фарбай, вылічваем памеры класа — даўжыню, шырыню, вышыню, “аднімаем” вокны і дзверы. На мінулым уроку з вучнямі выбіралі ва Ушачах магазін з самымі выгаднымі скідкамі.
Мае суразмоўнікі адзначаюць, што, улічваючы блізкасць іх прадметаў, ім у пары працаваць прасцей.
— Некаторыя кірункі перасякаюцца. Так, на фізіцы пачынаем нейкую тэму, але без матэматычных ведаў яна будзе няпростай. Таму я дома прашу Наталлю паўтарыць з класам пэўную тэму, каб я мог засяродзіцца толькі на фізіцы. Вось задача: адзін аўтамабіль павышае хуткасць, каб абагнаць іншы, а пасля вяртаецца да былой хуткасці. Трэба знайсці яго паскарэнне. Тут спатрэбіцца вытворная. А гэта — матэматычная велічыня. Можна вылічыць і іншым спосабам, але гэта даўжэй. Ці аб’ём. Яго таксама можна вылічыць і фізічна, і матэматычна. І калі дзіця валодае і тым, і іншым спосабам, то можа выбраць для сябе самы хуткі. Часта якраз матэматычныя прыёмы самыя хуткія, а выйграны час на алімпіядзе ці ЦЭ дорага каштуе, — тлумачыць Віктар Герцык.
Наталля і Віктар Герцык разам не толькі на рабоце. Выхадныя і водпускі яны любяць праводзіць у падарожжах ці на любімай дачы. Наталля Мікалаеўна вырошчвае там кветкі, а Віктар Мікалаевіч любіць вудзіць рыбу і збіраць грыбы.
Інжынерныя задаткі
Тэхнічныя гены перадаліся і дзецям Наталлі і Віктара. І сын, і дачка атрымалі спецыяльнасці інжынераў-праграмістаў у БДУІР на самых прэстыжных факультэтах. Прычым так атрымалася, што на іх поспехі ў вучобе тата з мамай уплывалі апасродкавана. Сын паступіў пасля 7 класа ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці. Але гэта было не наўмысна.
— Хоць Аляксандр быў выдатнікам, мы хацелі даць яму магчымасць параўнасць свае веды з ведамі самых матываваных навучэнцаў вобласці і ўбачыць рэальны ўзровень сваіх ведаў. Думалі, што няўдача пры паступленні падштурхне яго больш сур’ёзна адносіцца да вучобы. А сын не проста паступіў — яго вынік быў трэцім сярод усіх. І захацеў там застацца. Яго не пужала нават тое, што матэматыкі там было не па 4 гадзіны ў тыдзень, як у школе, а па 10. Відаць, на генным узроўні ён быў да гэтага гатовы, — расказваюць суразмоўнікі.
Іх дачка таксама марыла вучыцца ў гэтай установе, толькі не паспела — установа ўжо была пераўтворана ў кадэцкае вучылішча. Але гэта не перашкодзіла Ганне з залатым медалём скончыць школу і з чырвоным дыпломам БДУІР (спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў лагістыцы”).
Дарэчы, некалькі гадоў назад кабінет фізікі быў цалкам пераабсталяваны ў межах праграмы Міністэрства адукацыі па аснашчэнні кабінетаў. Тут было ўстаноўлена лабараторнае абсталяванне, мэбля, інтэрактыўная дошка, тэлевізар і г.д. Віктар Мікалаевіч яшчэ ініцыіраваў падключэнне і аб’яднанне камп’ютараў паміж сабой па сетцы. І не прагадаў. Цяпер эксперыментальныя заданні па фізіцы школьнікі выконваюць у тым ліку і праз інфармацыйныя тэхналогіі. І гэта спалучэнне ў будучай спецыяльнасці стала адным з самых папулярных у выпускнікоў маіх суразмоўнікаў. Але чакаецца, што хутка спектр яшчэ больш пашырыцца: з гэтага навучальнага года ў школе адкрыўся інжынерны клас, дзе фізіка і матэматыка будуць выкладацца на паглыбленым узроўні.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара





