Сяргей Фанасаў: роля настаўніка змянілася з транслятара ў навігатара, ён вучыць крытычна мысліць, прымяняць веды

- 13:10Интервью

Калі неабходна мяняць стратэгію развіцця школы? Як штучны інтэлект зрабіць памочнікам і што чакае педагогаў у будучыні? Гэтыя і іншыя пытанні сталі тэмай для размовы карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” са старшынёй Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі Беларускага педагагічнага таварыства, дырэктарам сярэдняй школы № 1 Ліды Сяргеем Фанасавым.

— Сяргей Анатольевіч, як сёння кіраўніку школы ўзняцца над штодзённымі клопатамі, каб распрацоў­ваць стратэгію развіцця ­сваёй навучальнай установы? Што яна павінна ўклю­чаць і на які тэрмін можа быць разлічана?

— Пад стратэгіяй мы разумеем комплексны план, у якім вызначаны мэты і задачы для павышэння якасці адукацыі, прафесійнага развіцця педагогаў, стварэння камфортнага і сучаснага адукацыйнага асяроддзя і падрыхтоўкі вучняў да жыцця ў сучасным грамадстве. Распрацоўваючы лакальныя задачы для школы, мы павінны арыентавацца на глабальныя мэты на ўзроўні рэспублікі. У сувязі з гэтым, плануючы стратэгію развіцця сваёй школы, дырэктар найперш павінен абапірацца на нарматыўныя дакументы. Сёння гэта Канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года.

Стратэгія развіцця — гэта не аб’ёмны дакумент на стале, а компас, па якім мы рухаемся. Яна ніколі не можа быць выканана, бо ўвесь час дапаўняецца — гэта такі вялікі план на будучыню. Яшчэ яна можа быць кароткатэрміновай (на чвэрць, паўгода, год) і доўгатэрміновай. І можа мяняцца, бо з’яўляюцца новыя патрабаванні, ставяцца іншыя мэты.

Задача кіраўніка — зра­біць так, каб школа прытрымлівалася асноўных тэндэнцый у адукацыі:

  • арыентавалася на асобу навучэнца, каб найбольш поўна раскрыць яго здольнасці і задаволіць адукацыйныя патрэбы;
  • ажыццяўляла кампе­тэн­тнасны падыход да навучання, які выяўляецца ў выбары зместу, форм, метадаў і сродкаў навучання;
  • рэалізоўвала практыка-арыентаваны падыход, калі спалучаюцца тэарэтычныя веды і практычныя навыкі.

Школа — гэта жывы арганізм. Запыты навучэнцаў вельмі мяняюцца: сёння недастаткова проста ведаў з падручніка. Вучні хочуць разумець прымяненне ведаў на практыцы, ствараць прадукты, мець магчымасць памыляцца і спрабаваць зноў. Нарэшце з дзясятага разу атрымаецца ў кожнага.

Будучы настаўнікам інфарматыкі, магу сказаць, што, каб рашыць заданне па прадмеце, трэба рашаць, ра­шаць і ра­шаць. А калі вы яго выканаеце, то гэта не значыць, што яно зроблена вельмі добра. Таму неабходна працягваць шу­каць рашэнне, каб знайсці лепшыя варыянты. Гэтак жа і ў фізіцы, гісторыі, геаграфіі — заўсёды ёсць больш кароткія маршруты і больш цікавыя ідэі. Таму мы павінны вучыць дзяцей аналізаваць, параўноўваць, рабіць высновы — крытычна думаць. І мы ў сваёй школе робім стаўку на тыя формы дзейнасці, якія дазваля­юць гэтага дасягнуць.

Вучыцца аналізаваць

— Што вы арганізуеце для сваіх школьнікаў, каб яны вучыліся аналізаваць інфармацыю, каб павышалася іх матывацыя да навучання?

— Актыўна развіваем алімпіядны рух. Але ў межах школы ён павінен нацэль­ваць не на перамогу, а на паглыб­ленне ў прадмет. Гэта выдатны інструмент для пашырэння ведаў. У нашай школе алімпіядны рух масавы, што дазваляе навучэнцам набываць фундаментальныя веды па выбраным вучэбным прадмеце. Акрамя таго, групы, дзе займаюцца дзеці, рознаўзроставыя, і ў выніку, дзякуючы прынцыпу “роўны вучыць роўнага”, адбываецца вельмі карыснае кантактаванне паміж вучнямі — яны не толькі вучацца адно ў аднаго, але і натхняюцца. 

На занятках у прадметных алімпіядных школах дзеці вучацца вучыцца, ставіць вучэбныя мэты і дасягаць іх. Набыты вопыт яны аўтаматычна пераносяць на іншыя прадметы.

Удзел у алімпіядах развівае здольнасць канцэнтравацца на выкананні пастаўленай мэты, вучыць працаваць у камандзе, ствараць праекты, а таксама мець шырокае поле варыятыўных магчымасцей пры вызначэнні свайго прафесійнага лёсу.

Кожны другі навучэнец старшых класаў нашай школы становіцца пераможцам раённага этапу алімпіяды па вучэбных прадметах. На сённяшні дзень з 200 навучэнцаў 9—11 класаў 138 былі ўдзельнікамі раённай алімпіяды і 92 сталі пераможцамі. І гэта тыя лічбы, якімі мы вельмі ганарымся.

Яшчэ шмат увагі ўдзяляем развіццю праектаў. Актыўна развіваем навукова-даследчую дзейнасць навучэнцаў практычна па ўсіх вучэбных прадметах. У школе дзейнічае навуковае таварыства “Альфа”. У яго межах праводзіцца штогадовая навукова-практычная канферэнцыя для вучняў, пасля якой нашы дзеці ўдзельнічаюць у раённых, абласных навукова-практычных канферэнцыях, а таксама ў тэматычных, якіх сёння дастаткова шмат. Толькі сёлета 16 вучняў школы прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.

Нашы вучні займаюцца краязнаўчай работай, якая з’яўляецца вельмі важным элементам даследчай дзейнасці, паколькі накіравана не толькі на атрыманне ведаў, але і на разуменне гісторыі, а значыць — на паглыбленне сувязей і на развіццё асобы навучэнцаў.

У межах работы музея рэалізуецца патрыятычны інтэрнэт-праект “Асобы Перамогі”, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі і Лідчыны і 80-годдзю Вялікай Перамогі. Праект створаны для ўвекавечання памяці аб франтавіках і ўдзельніках партызанскага і падпольнага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны з дапамогай актыўнай сацыяльна значнай дзейнасці. У яго аснове — даследчая дзейнасць навучэнцаў.

У выніку “Асобы Перамогі” ўяўляюць сабой своеасаб­лівую галерэю, якая расказвае пра лёсы і баявое мінулае родных і блізкіх навучэнцаў школы, абаронцаў і вызваліцеляў Лідчыны, удзельнікаў партызанскага і падпольнага руху на тэрыторыі Лідскай партызанскай зоны. У школьным акаўнце праводзяцца анлайн-віктарыны, апытанні па названай тэме.

Працуем над пат­ры­ятыч­ным інтэрнэт-праектам “Па­знаём гісторыю Лідчыны разам”. У школьным акаўнце TikTok у адкрытым доступе размяшчаюцца невялікія відэаролікі краязнаўчага характару для азнаямлення з дзейнасцю школьнага музея, распаўсюджвання ведаў аб родным рэгіёне, напрыклад, на такія тэмы, як “1941—1944 гг.: трагедыя і боль Ліды”, “Жывая па­мяць пакаленняў”, “Курган Бяссмерця: гісторыя і памяць”.

— Для развіцця эмацыянальнага інтэлекту рэалізуеце валанцёрскія праекты?

— Так. У рамках дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў рэалізуецца валанцёрскі праект “Проста рабі дабро”. Ён створаны для тых, хто хоча дапамагаць, адчувае ў сабе жаданне і сілы рабіць нешта добрае і карыснае для тых, хто аб­дзелены ўвагай, клопатам і дапамогай. Сутнасць праекта ў напаміне пра тое, што любое вялікае дабро складаецца з мільёнаў маленькіх учынкаў. І пачаць можна з самага простага прама сёння.

Нашы валанцёры наведваюць і віншуюць са святамі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, жыхароў блакаднага Ленінграда, вязняў канцлагераў, праводзяць акцыі па ўборцы брацкіх магіл воінаў. Акрамя таго, аказваюць дапамогу сацыяльна неабароненым групам насельніцтва — дзецям-сіротам, інвалідам, пажылым людзям. Прапагандуюць здаровы лад жыцця сярод аднагодкаў: право­дзяць апытанні ў Іnstagram, акцыі, заняткі з элементамі трэнінгу.

— На ваш погляд, ці можа развіццё профільнай адукацыі стаць своеасаблівай панацэяй і зрабіць школу практыка-арыентаванай? І ці павінна яна такой станавіцца?

— Школа павінна быць практыка-арыентаванай. Але я не стаў бы супрацьпастаў­ляць фундаментальныя веды і практыку. Трывалыя тэарэтычныя веды — гэта той падмурак, без якога любая практыка павярхоўная.

Задача сучаснай школы — будаваць масты паміж тэорыяй і практыкай, паказваючы вучню, навошта патрэбны формулы, правілы, даты.

Сёння кожная агульнаадукацыйная навучальная ўстанова імкнецца да стварэння ўмоў, якія дапамогуць раскрыць здольнасці вучняў у любым напрамку. Ключавую ролю ў гэтай стратэгіі адыгрывае менавіта шматгранная прафілізацыя, якая мае шэраг асаблівасцей.

Развіццё профільнай адукацыі — гэта магутны і неабходны інструмент, які дазваляе старшакласнікам засяродзіцца, паглыбіцца ў тыя прадметы, якія ім цікавыя і патрэбны для будучай прафесіі, што значна павышае іх матывацыю. Прафілізацыя робіць школу больш практыка-арыентаванай. Але для развіцця профільнай адукацыі трэба больш шырока выкарыстоўваць кантэкставыя заданні. У нас па ўсіх профільных прадметах распрацаваны кейсы кантэкставых задач, прычым задач з рэгіянальнымі данымі.

У нашым горадзе ўжо некалькі гадоў працуе праект, у рамках якога не толькі навучэнцы, але і педагогі наведваюць прадпрыемствы з мэтай азнаямлення з патэнцыялам рэгіёна. Запрашаем да сябе практыкаў: інжынераў, журналістаў, спецыялістаў прадпрыемстваў, вайскоўцаў. Акрамя таго, у школе актыўна працуе праект “Выпускнік — выпускніку”. У яго рамках учарашнія выпускнікі, а цяпер студэнты прыходзяць у старшыя класы і расказва­юць пра сваю вучобу і будучую прафесію.  

У эпоху штучнага інтэлекту

— Штучны інтэлект у школе: як зрабіць яго эфектыўным памочнікам, а не ворагам? Наколькі можа змяніцца роля педагога ў эпоху штучнага інтэлекту?

— Выхаванне заўсёды было дыялогам пакаленняў, а пасрэднікам у гэтым дыялогу была кніга. Цяпер у дзіцяці з’явіўся яшчэ адзін выхавальнік. Спачатку гэта быў інтэрнэт, а зараз штучны інтэлект.

Штучны інтэлект як агонь, якім можна апячыся, а можна саграваць дом і гатаваць ежу. Забараняць яго бессэнсоўна. Наша задача — навучыць дзяцей і педагогаў правільна ім карыстацца.

Раней настаўнік быў галоўным носьбітам ведаў. Цяпер інфармацыя даступная ўсім. Роля настаўніка змянілася з транслятара ў навігатара. Ён дапамагае дзіцяці не заблудзіцца ў акіяне інфармацыі, вучыць крытычна мы­сліць, паказвае, як прымя­няць веды. Настаўнік фарміруе не толькі веды, але і каштоўнасці. Галоўнае — заха­ваць чалавечы асобасны пачатак. ШІ не заменіць жывога абмеркавання кнігі, бляску ў вачах вучня, які знайшоў рашэнне задачы, і суцяшэння мудрага педагога.

Мне падаецца, што нашым універсітэтам, якія рыхту­юць настаўнікаў, неабходна мя­няць падыходы ў навучанні. Яно павінна стаць максімальна практыка-арыентаваным. На сённяшні дзень лекцыя сябе зжыла. Студэнтам для разбору павінен прапаноўвацца загадзя падрыхтаваны матэрыял. У школах мы, па вялікім рахунку, перабудавалі ўрокі. Вядома, ёсць тыя, хто працуе ў традыцыйным фармаце, але большасць нас­таўнікаў так цяпер не працуюць. Прынамсі, у нашай школе. У нас педагогі аналізуюць матэрыял параграфа, устанаўліваюць сувязі паміж падзеямі, выкарыстоўваюць праблемны метад навучання, часта звяртаюцца да наг­ляднасці, арганізуюць работу ў групах. Уся іх дзейнасць накіравана на развіццё крытычнага мыслення.

Каб працягваць гэта рабіць далей, неабходна вывучаць магчымасці штучнага інтэлекту. Мы праводзім семінары, майстар-класы па выкарыстанні новага інструменту. Ёсць настаўнікі, якія ўжо нечаму навучыліся і дзеляцца з калегамі. Акадэмія адукацыі і абласныя інстытуты развіцця адукацыі прапануюць свае курсы. Штучны інтэлект вельмі дапамагае ў пошуку інфармацыі, яе структурызацыі, што ў сваю чаргу аблягчае падрыхтоўку да ўрока.

— Штучны інтэлект можа аблегчыць падрыхтоўку да ўрока вопытнаму педагогу. А калі да яго звяртаюцца маладыя настаўнікі, якія знаходзяцца ў працэсе засваення метадычных прыёмаў, ці не прывядзе гэта да прафесійнай дэфармацыі?

— Не прывядзе. Калі настаўнік пры падрыхтоўцы да ўрока карыстаецца штучным інтэлектам, то гэта, наадварот, добра. Весці ўрок, абапіраючыся толькі на падручнік, сумна і нецікава. А вось калі ў вашым арсенале кансалідаваны вопыт іншых педагогаў і шырокая інфармацыя па тэме, то ўрок стане куды больш яркім і запамінальным. Акрамя таго, калі настаўнік навучыцца разумець логіку робата штучнага інтэлекту, яго запыты стануць больш мэтанакіраванымі. Увогуле, я перакананы, што ніякі штучны інтэлект не заменіць работу настаўніка ў класе.  

 Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА