Сёлета прахадныя балы могуць быць вышэйшымі, чым летась

- 6:44Наша пошта

У Нацыянальным прэс-цэнтры прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам першага намесніка міністра адукацыі Аляксандра Іванавіча Жука і дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалая Сцяпанавіча Фяськова. Удзельнікі сустрэчы расказалі журналістам пра вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, асаблівасці ўступнай кампаніі гэтага года і магчымыя планы на будучыню.

Цэнтралізаванае тэсціраванне ў лічбах і фактах

Сёлета для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні зарэгістраваліся 141 555 абітурыентаў (гэта на 8,6 тысячы чалавек менш, чым у 2011 годзе, і амаль на 32 тысячы чалавек менш, чым у 2010 годзе).

Удзел у цэнтралізаваным тэсціраванні ўзялі 137 673 абітурыенты (2,74% ад агульнага ліку зарэгістраваных на іспыты не з’явіліся). 44 удзельнікі тэсціравання парушылі правілы правядзення ЦТ (выкарыстоўвалі мабільныя тэлефоны, шпаргалкі, даведачную літаратуру), за што былі выдалены з аўдыторый і пазбаўлены права працягваць экзамен.

Цэнтралізаванае тэсціраванне здавалі амаль 85% выпускнікоў школ, гімназій і ліцэяў 2012 года. Зрэшты, гэтая катэгорыя абітурыентаў склала ўсяго 40% ад колькасці ўдзельнікаў ЦТ, астатнія — выпускнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і выпускнікі ўстаноў розных тыпаў мінулых гадоў.

Першы аналіз вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання паказаў характэрную для апошніх гадоў асаблівасць: лепш за ўсіх уступныя іспыты здаюць выпускнікі ліцэяў, потым — гімназій, затым — выпускнікі сярэдніх агульнаадукацыйных школ бягучага года, а пасля — усе астатнія абітурыенты (выпускнікі прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і выпускнікі мінулых гадоў).

“Выпускнікі ліцэяў і гімназій маюць у сярэднім на 15—20 балаў больш, чым выпускнікі сярэдніх школ, і на 30 балаў больш, чым астатнія катэгорыі выпускнікоў, — паведаміў Аляксандр Іванавіч Жук. — Такім чынам, абітурыенты, якія загадзя робяць выбар будучай спецыяльнасці і мэтанакіравана рыхтуюцца да здачы ўступных іспытаў, маюць істотна лепшыя паказчыкі. Тыя ж, хто толькі ў апошнія паўгода-год пачынаюць працаваць з рэпетытарам, як правіла, не ў стане навярстаць упушчанае ў школе”.

Сёлета на ЦТ абітурыенты паказалі 123 стабальныя вынікі (летась — 65), прычым дзве абітурыенткі — выпускніца гімназіі Мінска і выпускніца школы Навалукомля — набралі сто балаў нават па двух прадметах. Адметна, што 36 стабальнікаў закончылі сярэднюю агульнаадукацыйную школу, 49 — гімназію, 25 — ліцэй і 11 чалавек — іншыя навучальныя ўстановы. Пераважная большасць стабальнікаў — выпускнікі 2012 года.

856 тэстаў былі выкананы абітурыентамі на нуль балаў, гэта значыць, што ім увогуле не будуць выда­дзены сертыфікаты. Вызначаны парог у 7 балаў не пераадолелі па рускай мове больш як 3,4 тысячы чалавек (3,67%), па беларускай —  больш як 1,1 тысячы (2,65%), па фізіцы — больш як 3,9 тысячы (9,45%), па матэматыцы — больш як 11 тысяч (11,27%) і г.д. Гэтыя людзі ўвогуле не змогуць сёлета прэтэндаваць на паступленне ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

Такі высокі працэнт “завалаў” па фізіцы і матэматыцы А.І.Жук патлумачыў даволі вялікай колькасцю ўдзель­нікаў тэсціравання па згаданых прадметах (матэматыка — 91 186 чалавек, фізіка — 41 400) і іх якасным саставам.

“Гэта традыцыйна самыя складаныя прадметы, — заўважыў Аляксандр Іванавіч, — і каб быць паспяховымі ў іх засваенні, трэба сістэматычна займацца і пастаянна працаваць над сабой. Дык вось калі паглядзець на сярэднія балы выпускнікоў гімназій, ліцэяў і агульнаадукацыйных школ бягучага года, то па фізіцы сярэдні бал ліцэістаў — амаль 43, гімназістаў — больш як 35, выпускнікоў школ бягучага года — амаль 21. Па матэматыцы, адпаведна, у ліцэістаў — больш як 53,5 бала, у гімназістаў — амаль 48, у выпускнікоў агульнаадукацыйных школ бягучага года — амаль 29 балаў. Па іншых прадметах — замежных мовах, грамадскіх дысцыплінах — сярэднія балы ў гэтых катэгорый абітурыентаў складаюць 55—60. У астатніх катэгорый абітурыентаў балы істотна ніжэйшыя, і гэта гаворыць пра тое, што толькі пастаянная і сістэматычная падрыхтоўка да ўступных іспытаў дае магчымасць атрымаць высокія балы. А тыя, хто прыходзіць на ЦТ, каб “пагадаць”, атрымліваюць адпаведныя вынікі”.

Першы намеснік міністра адукацыі таксама паведаміў, што для павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй і далей будуць павышацца патрабаванні і да студэнтаў падчас вучобы, і да абітурыентаў пры паступленні. Таму верагодна, што ў будучым годзе ніжняя планка прахаднога бала можа быць павышана да 10 ці нават вышэй.

Што да вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, якія паказалі гарадскія і сельскія выпускнікі, то яны супастаўляльныя, а па трох прадметах — геаграфіі, французскай і іспанскай мовах — узровень падрыхтоўкі сельскіх абітурыентаў нават вышэйшы, чым гарадскіх. “Такім чынам, можна гаварыць, што задача сацыяльнай падтрымкі сельскіх выпускнікоў вырашана і раздзельны конкурс паміж сельскімі і гарадскімі выпускнікамі ўжо не з’яўляецца неабходнасцю. Сёння сельскія дзеці могуць нараўне канкурыраваць з гарадскімі”, — адзначыў А.І.Жук.

У патэнцыяльных студэнтаў балы высокія

Сёлета ў дзяржаўныя і прыватныя ВНУ плануецца прыняць 91,5 тысячы чалавек (гэта на 14 тысяч менш, чым у мінулым годзе). На навучанне за кошт сродкаў бюджэту плануецца прыняць 32,2 тысячы чалавек (на 700 менш, чым летась), з іх на дзённую форму — 24,4 тысячы, на завочную — 7,8 тысячы.

Калі браць пад увагу, што на дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту павінны паступіць найбольш падрыхтаваныя абітурыенты (24,4 тысячы), то іх бал дастаткова высокі. Напрыклад, па матэматыцы ён роўны 58,57 (у 2011 годзе — 55), па фізіцы — 43,88 (45), па рускай мове — 63,88, беларускай — 63,1, англійскай — 67,98, біялогіі — 63,65, хіміі — 70,76.

“Увогуле мы чакаем, што сёлета прахадныя балы могуць быць некалькі вышэйшымі, чым у мінулым го­дзе, — паведаміў Аляксандр Іванавіч Жук. — На дзённую бюджэтную форму навучання ў ВНУ яны будуць ­удвая вышэйшымі, чым на платнае навучанне ў ВНУ ці на бюджэтнае ў ССНУ. На бюджэтныя месцы паступяць самыя дастойныя абітурыенты з высокімі баламі, і гэта стане гарантыяй таго, што якасць іх падрыхтоўкі будзе дастаткова высокай”.

Што тычыцца структуры сёлетняга прыёму, то захоўваецца тэндэнцыя апошніх гадоў: павялічваецца набор на прыярытэтныя напрамкі прыродазнаўчанавуковага, тэхніка-тэхналагічнага, будаўнічага профіляў. Сёлета набор на гэтыя профілі складзе прыкладна 40% бюджэтнага прыёму — каля 10 тысяч чалавек. Такая прапорцыя ў цэлым адпавядае структуры падрыхтоўкі спецыялістаў у еўрапейскіх краінах. Адначасова ў гэтым годзе скарачаецца бюджэтны набор на юрыдычныя спецыяльнасці — на 15% (175 месцаў), эканамічныя спецыяльнасці — амаль на 20% (518 бюджэтных месцаў), гуманітарныя спецыяльнасці — на 4% (54 бюджэтныя месцы). У 2013 годзе тэндэнцыя да павелічэння набору на прыярытэтныя напрамкі і скарачэння на найменш запатрабаваныя захаваецца.

Аляксандр Іванавіч Жук паведаміў, што ў апошнія гады Міністэрства адукацыі вядзе мэтанакіраваную работу па скарачэнні колькасці завочнікаў. Калі, напрыклад, два гады назад у прыватных ВНУ на дзённай форме вучылася толькі 30% студэнтаў і 70% — на завочнай, то ў мінулым годзе было адпаведна 34% і 66%, а сёлета 47% і 53%. У наступным годзе тэндэнцыя да скарачэння завочнай формы захаваецца.

“Ненармальна, калі выпускнік школы нідзе не працуе, а выбірае завочную форму, — заўважыў А.І.Жук. — Мы перакананы, што на завочнай форме павінны вучыцца тыя, хто ўжо працуе ці збіраецца працаваць па выбранай спецыяльнасці”.

Абітурыентам будзе прапанавана віртуальнае залічэнне

Аляксандр Іванавіч Жук паведаміў, што сёлета абітурыентаў чакае некалькі новаўвядзенняў. Так, па даручэнні Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў, падчас уступнай кампаніі будзе праводзіцца апрабацыя аўтаматызаванай сістэмы залічэння абітурыентаў. У мінулым годзе БДУІР першым апрабаваў гэтую сістэму, і яна спрацавала найлепшым чынам. А сёлета эксперымент будзе пашыраны, і ўжо 7 універсітэтаў (не толькі ў сталіцы, але і ў Брэсце, Гродне, Гомелі і Полацку) пры прыёме дакументаў на шэраг эканамічных і тэхніка-тэхналагічных спецыяльнасцей правядуць апрабацыю згаданай сістэмы ў віртуальным рэжыме. Абітурыентам, якія будуць пада­ваць дакументы на вызначаныя спецыяльнасці ў гэтыя ВНУ, будзе прапанавана прайсці анкетаванне і ўказаць па прыярытэтнасці пяць спецыяльнасцей, на якія яны хацелі б паступіць, калі б працавала аўтаматызаваная сістэма залічэння.

“Такім чынам, мы атрымаем дастатковую базу даных і з дапамогай спецыяльнай камп’ютарнай праграмы змадэліруем, як гэта працавала б у рэальнасці на прыкладзе сямі ўніверсітэтаў, — паведаміў першы намеснік міністра. — Гэта дапаможа нам выявіць моцныя бакі сістэмы, а таксама магчымыя збоі, каб удасканаліць механізм для яе выкарыстання ў перспектыве. Аўтаматызаваная сістэма залічэння павінна працаваць бездакорна”.

Другое новаўвядзенне тычыцца пашырэння магчымасцей для паступлення грамадзян краін ­ЕўрАзЭС. Дагэтуль яны паступалі на роўных з беларускімі абітурыентамі, праходзячы цэнтралізаванае тэсціраванне. Але Міністэрства адукацыі пасля ўзгаднення з Дзяржаўнай камісіяй прыняло рашэнне пашырыць магчымасці грамадзян краін ЕўрАзЭС і прадаставіць ім права паступаць на платную форму навучання па выніках субяседавання, як гэта адбываецца ў дачыненні да іншых замежнікаў, напрыклад украінцаў.

І яшчэ адно новаўвядзенне гэтага года з’явілася з улікам неаднаразовых просьбаў абітурыентаў і іх бацькоў. Так, цяпер дакументы ў прыёмную камісію мо­гуць прадаставіць не толькі асабіста абітурыенты, але і іх законныя прадстаўнікі. Для гэтага ў іх павінен быць дакумент, які пацвярджае статус законнага прадстаўніка, і ў выпадку адсутнасці арыгінала пашпарта абітурыента — натарыяльна завераныя ксеракопіі старонак пашпарта.

Па кім плача ваенкамат…

Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Сцяпанавіч Фяськоў паведаміў журналістам пра тое, як многія абітурыенты сваімі рукамі мо­гуць сапсаваць свае экзаменацыйныя работы.

“Сама форма цэнтралізаванага тэсціравання з’яўляецца настолькі зручнай, простай і дэмакратычнай, што вельмі многія, хто пры іншай форме здачы ўступных выпрабаванняў і не падумаў бы паступаць у ВНУ, плацяць невялікі рэгістрацыйны ўзнос і ідуць на ЦТ: маўляў, пайду — паспрабую. Па вялікім рахунку, ім усё роўна, паступяць яны ў ВНУ ці не, а таму і адносіны да тэстаў у іх адпаведныя”, — заўважыў Мікалай Сцяпанавіч.

Многія абітурыенты ўмудраюцца дапускаць памылкі нават ва ўласных прозвішчах, а гэта значыць, што ім патрабуецца замена сертыфікатаў. А некаторыя, не ведаючы адказаў, малююць у бланках карцінкі, пішуць бязглуздзіцу, здараецца, што і брыдкасловяць.

“Военкомат — страна чудес, зашёл на час — на год исчез”, — напісаў абітурыент у бланку адказаў. Вядома, ЦТ — гэта не творчы конкурс, таму паэзію аўтара ў РІКВ не ацанілі (магчыма, яе змогуць па вартасці ацаніць у ваенкамаце).

Мікалай Сцяпанавіч паведаміў, што абітурыенты, якія сапсавалі бланкі, дэманструючы поўную адсут­насць культуры, пазбаўляюцца права на атрыманне сертыфіката.

Галіна СІДАРОВІЧ.
sidarovich@ng-press.by