Сёстры-­блізняты Віялета і Лізавета Касінскія працуюць разам у сярэдняй школе № 59 Гомеля

- 12:19Первое рабочее место

З гэтага навучальнага года калектыў гомельскай школы № 59 гасцінна прыняў у свае рады маладых спецыялістаў — Віялету Уладзіміраўну і Лізавету Уладзіміраўну. Дасведчаныя настаўнікі акружаюць іх увагай і клопатам, падтрымліваюць у пытаннях выкладання. У сям’і дзяўчаты таксама адчува­юць надзейнае плячо, напрыклад, родная цётка — выхавальнік дашкольнай адукацыі і з цікавасцю слухае гісторыі маладых настаўніц пра будні ў 1 “Б” і 1 “В”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дзяўчаты з дзяцінства захап­ляліся прафесіяй педагога, і адна мара на дваіх — стаць настаўнікамі пачатковага звяна — здзейснілася пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна.

— Я са школьнай лавы была ў захапленні ад прафесіі і ведала, што стану педагогам, — гаво­рыць Віялета Касінская. — Мне здавалася, што настаўнік, які стаіць каля дошкі, самы ра­зумны, самы патрэбны і самы галоўны чалавек на свеце. Заўсёды хацела адчуць сябе ў такой ролі, расказваць усяму класу нешта цікавае і захапляльнае. Таму, калі надышоў момант паступлення, без ваганняў зрабіла свой выбар і не памылілася. Гэта сапраўды цудоўная прафесія.

Трапіць у школу № 59 сёстрам-блізнятам дапамог выпадак. Падчас пошуку месца для адпрацоўкі гамяльчанкі прыйшлі на субяседаванне разам. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце была ўражана іх энтузіязмам, і ў выніку маладых спецыялістаў запрасілі стаць часткай дружнага і згуртаванага калектыву.

— У школе нас сустрэлі вельмі цёпла, — успамінае Віялета Касінская. — Спачатку, праўда, усе былі здзіўлены, што нас дзве. Звярталіся і адразу ўдакладнялі: “Вы, здаецца, Віялета Ула­дзіміраўна, не памыляюся?”

Калегі дапамагаюць адчуваць упэўненасць, яны заўсёды гатовы падказаць, як правільна запоўніць неабходныя дакументы або класны журнал.

Дзеці, як і бацькі, настаўніц не блытаюць. Маладыя педагогі старанна падбіраюць школьны гардэроб, імкнуцца апранацца па-рознаму. Кожная з іх пад­крэслівае сваю індывідуальнасць.

Падчас урокаў Віялета Ула­дзіміраўна прымяняе правераны спосаб, які дапамагае пераключыць фокус увагі дзяцей:

— Галоўнае — быць зацікаўленай самой. Плануючы ўрокі, падбіраю не­звычайныя факты і ілюстрацыі. Актыўна выкарыстоўваю наглядныя матэрыялы: малюнкі, схемы, а таксама гульнявыя метады і прыёмы. Тады дзеці слуха­юць мяне на занятках затаіўшы дыханне і лепш успрымаюць матэрыял. Пры гэтым я не забываю пра дысцыпліну на ўроках, бо гэта таксама важна.

У класе Віялеты Уладзіміраўны 26 вучняў, і яна знаходзіць падыход да кожнага.

— Кагосьці трэба абняць, камусьці ўдзяліць больш увагі, дапамагчы знайсці страчаную рэч або зашпіліць гузік на кашулі, — пералічвае настаўніца. — І калі яны абдымаюць мяне, то гавораць: “Мы вас любім!” Гэта лепшая ўзнагарода. Я разумею, што знаходжуся на сваім месцы.

Віялета нарадзілася на 8 мінут пазней, чым Лізавета, і паміж імі існуе неверагодна цесная сувязь. Сёстры — лепшыя сяброўкі. Яны падобныя ў імкненні дасягаць мэты, матываваны на поспех у сферы педагогікі, гатовы працаваць у камандзе і важныя рашэнні прымаюць разам. Аднак характарамі адрозніваюцца: Лізавета спакойная і стрыманая, больш стрэсаўстойлівая, валодае арганізатарскімі здольнасцямі, Віялета — энергічная і камунікабельная, справядлівая і аб’ектыўная.

Нягледзячы на насычаную працоўную дзейнасць, сёстры знаходзяць час для сябе і блізкіх. Яны атрымліваюць асалоду ад вячэрніх прагулак па маляўнічым горадзе над Сожам, цёплых зносін з сям’ёй, чаявання са сваякамі. Гэтыя моманты адпачынку дапамагаюць ім ­зняць стрэс, перазагрузіцца, каб з новымі сіламі вярнуцца да любімай справы — выхавання маленькіх вучняў.

Як лічыць Лізавета Касінская, самае важнае — любіць сваю справу і прыходзіць у школу з радасцю:

— Трэба ўмець расстаўляць прыярытэты: на першае месца заўсёды ставіць вучняў, ніколі не вешаць нос і быць цікавым чалавекам. Часам думаю: гэта сапраўды са мной адбываецца і я стала настаўнікам? Але, калі адчыняю дзверы кабінета і да мяне спяшаюцца мае выхаванцы, разумею: гэта ўсё — рэальнасць. Кожны вучань як чысты ліст. Я хачу ўкласці ў дзяцей новыя веды і ўменні і аддаю ім часцінку сябе.

Не менш важным аспектам першага года работы стала падтрымка ў калектыве, пра якую гаварыла і Віялета. Заўсёды можам звярнуцца як да замацаваных за намі настаўнікаў, так і да іншых педагогаў. Усе імкнуцца дапамагчы разабрацца, штосьці падказаць — усе парады аказ­ваюцца дарэчы. Напрыклад, я вельмі хвалявалася перад першым бацькоўскім сходам. Мае эмоцыі было не параўнаць нават з адчуваннямі на адкрытых уроках, на якіх звычайна прысутнічае нехта з адміністрацыі школы. Калега параіла мне, з чаго пачаць сустрэчу, якія моманты абмеркаваць з мамамі і татамі, каб гэта не было допытам, якія словы лепш падабраць і як перайсці ад аднаго аспекта абмеркавання да другога. Дзякуючы каштоўным падказкам, усё прайшло на ўра.

У размове Лізавета Ула­дзіміраўна дзеліцца думкамі пра важныя якасці педагога:

— Настаўнік павінен прымяняць усе свае веды, уменні і навыкі толькі на карысць сваіх вучняў. Імкнуцца да самаразвіцця. А яшчэ быць добрым і строгім адначасова, каб дзеці разумелі межы, але і адчувалі клопат. Першы клас — гэта не проста пачатак школьнага жыцця, а падмурак для развіцця дапытлівасці, дысцыпліны і крэатыўнасці. Я для дзяцей як другая мама, якая і пагладзіць па галоўцы, і нагадае аб правілах паводзін. Гэта ўмацоўвае давер і аблягчае адаптацыю да школьнага жыцця.

Часта з сястрой дзелімся ідэямі, як зрабіць урок цікавым, інтэрактыўным. У нас пераважае гульнявая дзейнасць, нагляд­насць. Маленькім школьнікам вельмі падабаюцца рухавыя фізкультхвілінкі. З панядзелка па пятніцу школьнае жыццё б’е ключом: дзеці ў класе шчыра выказваюць свае эмоцыі, дасяга­юць першых перамог, вучацца пераадольваць няўдачы і засвойваюць нешта новае. Гэты штодзённы рытм — аснова іх росту, дзеці ўмацоўваюць уменне радавацца поспехам і вучацца на памылках. А паколькі кожны дзень у школе прыносіць новыя эмоцыі і ўражанні, гэта ро­біць нашу прафесію захапляльнай.

 Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з архіва суразмоўніц