Паважаць людзей, бачыць прыгажосць навакольнага свету, чалавечнасці вучыў Аляксея Скрыпніка знакаміты дзядуля

- 13:30В гостях у «Настаўніцкай»

Ці можа талент перадавацца на генетычным узроўні? А ці могуць перадавацца ў спадчыну чалавечнасць і далікатнасць? Адказы на гэтыя пытанні варта шукаць не ў біялогіі, а праз прызму таго, што асоба фарміруе асобу. І ніяк інакш. Пацвярджэнне гэтага — жыццёвы і творчы шлях двух мужчын, двух Аляксееў, дзядулі і ўнука: Аляксея Крушынскага і Аляксея Скрыпніка.

Знітаваныя лёсам

Сённяшні госць “Настаўніцкай газеты” — кампазітар, паэт, музыкант і выканаўца Аляксей Скрыпнік. Аляксей Валянцінавіч — настаўнік музыкі па класе гітары сярэдняй школы № 2 Копішча, лаўрэат міжнародных конкурсаў, дыпламант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў сферы культуры і мастацтва ў намінацыі “Эстраднае мастацтва”, член Беларускага саюза музычных дзеячаў, аўтар рамансаў і песень, інструментальнай музыкі, майстар ігры на класічнай гітары ў стылі фламенка.

А яшчэ лёс гэтага выдатнага творцы знітаваны з гісторыяй нашага выдання. Таму што Аляксей Скрыпнік — унук першага галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” Аляксея Сцяпанавіча Крушынскага.

Перад тым як пачаць аповед пра Аляксея Скрыпніка, хачу зрабіць невялічкае лірычнае адступленне. У 2005 годзе лёс падарыў мне шчасце асабіста сус­трэцца са знакамітым для нас, журналістаў “Настаўніцкай газеты”, чалавекам — Аляксеем Крушынскім. Мы рыхтавалі матэрыял да 60-годдзя выдання і завіталі ў госці да Аляксея Сцяпанавіча. Памятаю, як мяне ўразілі востры розум і памяць гэтага вельмі сталага чалавека. Памятаю, як ён быў рады, што пра яго не забываюць калегі па пяры, як з толкам ён расказваў пра сваю сям’ю, знаёмства ў Аршанскім падполлі з Канстанцінам Заслонавым і цяжкае ваеннае ліхалецце. Вялікая Айчынная яго не пашкадавала — забрала першую сям’ю. Але Аляксей Сцяпанавіч знайшоў у сабе сілы выс­таяць і даць пачатак новаму пакаленню.

Два вялікія сябры

Аляксей Крушынскі з унукам

— Мы з дзядулем былі два вялікія сябры, — пачынае Аляксей Скрыпнік. — Самае важнае, што мяне назвалі ў гонар Аляксея Сцяпанавіча. Дзядуля быў для мяне самым галоўным чалавекам, які выхаваў ува мне духоўнасць, патрыятызм. Ён выдатна валодаў словам і навучыў мяне пісаць сачыненні на беларускай мове, за якія я атрымліваў заўсёды найвышэйшыя адзнакі. Лічу дзядулю сваім духоўным правадніком, чалавекам вельмі інтэлектуальным, добрым, сціплым. Ён усё аддаваў людзям, усім дапамагаў.

Для мяне дзядуля — прафесіянал, залатое пяро. Ён навучыў мяне цаніць і паважаць людзей, бачыць прыгажосць навакольнага свету. Калі я напісаў песню “Мая Беларусь”, прысвечаную Радзіме, дзядуля ўзяў удзел у рэдагаванні слоў гэтага твора. І зараз памятаю, як ён сказаў: “Выступай, будзь шчаслівым, у цябе ўсё атрымаецца!”

Злавіць важную птушку

Аляксей Крушынскі расказ­ваў маленькаму ўнуку пра цяжкія гады Вялікай Айчыннай. Зразумела, хлопчыку гэта было цікава. Алёша часта гуляў у вайнушку і пытаўся ў дзядулі пра тое, што ён бачыў і перажыў на сапраўднай вайне, прасіў яго расказаць, як ён змог выжыць. Аляксей ведаў, што першую сям’ю Аляксея Сцяпанавіча расстралялі фашысты, але дзядуля ніколі не расказваў унуку пра смерць. Ён гаварыў: “Вайна — гэта самае страшнае, што можа адбыцца, лепш гэтага не ба­чыць”.

 — Дзядуля быў баявым паплечнікам Канстанціна Заслонава, у адным з атрадаў заслонаўскай брыгады служыў начальнікам разведкі, а потым і начальнікам штаба. Ён расказваў шмат гісторый пра знакамітага партызана і падпольшчыка, пра ваенныя по­дзвігі салдат, пра рэйкавую вайну, — працягвае аповед Аляксей Скрыпнік. — За галаву майго дзядулі гітлераўцы давалі 25 тысяч рэйхсмарак — за тое, што ён узяў у палон нямецкага генерала. Гэта надзвычайная гісторыя! Дзядуля нядрэнна валодаў нямецкай мовай і ў рэстаране прадставіўся генералу эстонскім немцам. А генерал гэты быў вельмі важнай птушкай з сакрэтнымі ваеннымі картамі! Аляксей Сцяпанавіч падышоў да гітлераўца і пачаставаў таго бургундскім. Гэты трафей партызаны адбілі ў немцаў у час адной з аперацый. Генералу эксклюзіўнае віно прыйшлося даспадобы — выпіў цэлую бу­тэльку. Потым разведчык прапанаваў прайсці да аўтамабіля, дзе генерал, маўляў, атрымае цэлую скрыню бургундскага віна. На гэта генерал купіўся, і на аўтамабілі дзядуля даставіў яго прама ў партызанскі атрад. Уяўляеце, якім смелым быў Аляксей Крушынскі і колькі запланаваных фашыстамі аперацый сарваў, даставіўшы партызанам генерала з ваеннымі картамі!

Журналіст і настаўнік

У лістападзе 1943 года Аляксей Крушынскі стаў галоўным рэдактарам абласной падпольнай газеты “Віцебскі рабочы”, якую ён узначальваў і ў мірны час да жніўня 1945-га. У тым жа жніўні КПБ адклікала яго з Віцебска, прызначыўшы на новую пасаду. Дзесяць гадоў ён прысвяціў “Настаўніцкай газеце”, фактычна стварыўшы з нуля галоўнае педагагічнае выданне нашай краіны. А ў 1956-м яму давялося пры­няць удзел у стварэнні беларускага тэлебачання, дзе ён узначаліў галоўную рэдакцыю прапаганды. У Аляксея Сцяпанавіча былі дзве вышэйшыя адукацыі: акрамя журналісцкай, яшчэ і педагагічная — ён быў настаўнікам гісторыі. Аляксей Крушынскі добра разумеў, як трэба выхоўваць пасляваеннае пакаленне. Ён быў знаёмы з Якубам Коласам: вялікі паэт Беларусі прыходзіў да яго ў рэдакцыю ў якасці шаноўнага аўтара. Аляксей Сцяпанавіч і сам быў значнай фігурай. Чаго толькі варты, напрыклад, той факт, што ён выступаў у Калоннай зале Дома Саюзаў у Маскве як прадстаўнік партызан Беларусі, дзе расказваў пра Канстанціна Заслонава. Дарэчы, Аляксей Крушынскі даваў рэкамендацыю К.Заслонаву для ўступлення ў Камуністычную партыю.

Пра залатое пяро Аляксея Крушынскага ўжо гаварыў яго ўнук. Пацвярджэнне пісьменніцкага таленту першага рэдактара “Настаўніцкай газеты” — яго кніга “Выбухі над Дняпром”, дзе адзін з галоўных герояў — Лясны — прататып самога Аляксея Сцяпанавіча. За баявыя заслугі Аляксей Крушынскі быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеней, ордэнам Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі, а за працу ў “Настаўніцкай газеце” быў удастоены ордэна “Знак Пашаны”.

— Дзядуля пісаў выдатныя вершы. У 1929 годзе ён напісаў верш “Сасёнкі”, які быў апуб­лікаваны ў газеце “Беларуская вёска”. Дзядуля памятаў яго да апошніх момантаў свайго жыцця і расказваў на памяць. Да таго ж Аляксей Крушынскі быў вельмі музыкальным, іграў на некалькіх музычных інструментах, у тым ліку на фартэпіяна. Ужо праз гады я перапрацаваў вальс, якому мяне навучыў дзядуля, ва ўласную музычную кампазіцыю для фартэпіяна “Душа”, — расказ­вае Аляксей Скрыпнік.

У доме Аляксея Сцяпанавіча заўсёды былі госці з ліку знакамітых і нават легендарных паэтаў і кампазітараў. Дом, дзе была кватэра першага рэдактара “Настаўніцкай газеты”, быў домам творцаў — журналістаў, паэтаў, пісьменнікаў. У прыватнасці, з Якубам Коласам яны абмяркоўвалі асаблівасці вясковых людзей, якія прайшлі вайну і змаглі адаптавацца да жыцця ў сталіцы.

“Настаўніцкая газета” стала для Аляксея Крушынскага плённым пасляваенным этапам, а сам галоўны рэдактар быў для калектыву выдатным педагогам — стрыманым, цярплівым і далікатным.

Ён быў сапраўдным інтэлігентам, заўсёды ў руху, вучыў сваю сям’ю, што трэба аддана працаваць і быць карысным Айчыне.

Праваднікі ў жыццё і творчасць

Ну а цяпер — пра паэта, кампазітара, выканаўцу Аляксея Скрыпніка. Ён пачаў выяўляць сябе як творца ва ўзросце 17 гадоў. Аляксей на той момант займаўся музыкай па класе гітары ў вядомага беларускага майстра Валерыя Уладзіміравіча Громава. Гітара натхніла пісаць музыку і вершы, за адзін месяц юным творцам было напісана 17 песень. Да гэтага Аляксей Скрыпнік скончыў мастацка-архітэктурны клас, і меркавалася, што ён стане мастаком. (Юнак зай­маўся ў майстэрні народнага мастака Беларусі вялікага жывапісца Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва.) Але гітара адыграла ключавую ролю ў жыцці Аляксея, даўшы яму імпульс да творчасці. Дарэчы, Аляксей напісаў і прысвяціў свайму знакамітаму настаўніку Л.Д.Шчамаляёву, удзель­ніку Вялікай Айчыннай вайны, раманс “Намалюйце партрэт”.

— Валерый Уладзіміравіч Громаў улюбіў мяне ў гітару, — гаворыць Аляксей Скрыпнік. — Дарэчы, мой дзядуля вельмі хацеў, каб я стаў журналістам, аднак я выбраў свой шлях. Школа гітарыста Валерыя Громава (аналагаў яго методыцы няма) вядомая ва ўсім свеце, бо ён працягнуў дынастыю знакамітых расійскіх педагогаў-гітарыстаў Ісакава і Масквіна, выхоўваючы навучэнцаў у школе класічнай ігры на гітары іспанскага майстра Андрэса Сеговія. Гэта лепшая гітарная школа, яна ўнікальная тым, што вучыць музыкантаў чатырохпальцавай сістэме ігры на гітары. Гэтую тэхніку я выкладаю зараз у сярэдняй школе № 2 Копішча (школа талентаў у Новай Баравой у Мінску). Дырэктар школы Кацярына Леанідаўна Сачак вельмі нас падтрымлівае. Дарэчы, мае вучні паказваюць ужо вынікі. Васьмігадовы Сцяпан Агейчык стаў лаўрэатам раённага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Дзеці. Талент. Музыка”, сыграўшы кампазіцыю ў стылі фламенка. У маім класе ўсе таленавітыя, усе зоркі, але ёсць ізумруды.

Зразумела, вопыт зносін з народным мастаком Беларусі Леанідам Шчамялёвым моцна паўплываў на мой лёс. Ён вучыў мяне пісаць карціны і гаварыў: “Не бойся фарбы, не бойся сілуэта, не бойся падаць колер! Забудзь пра ўсё, чаму цябе вучылі ў школе!” Таму што для мастака, жывапісца высокага ўзроўню было надзвычай важна ўбачыць асобу, талент.

Яшчэ адным правадніком у маім жыцці быў Уладзімір Георгіевіч Мулявін. Мы сустрэліся на яго дачы, і я выконваў песняру свае творы. Уладзімір Мулявін, паслухаўшы іх, сказаў, што мяне пацалаваў Гасподзь. Ён параіў мне заставацца самім сабой і шмат працаваць, як мне гаварыў і мой дзядуля Аляксей Крушынскі. Гэты ж прынцып я прымяняю ў рабоце з навучэнцамі, у нас у класе няма гультайства. Вучу дзяцей адчуваць сцэну, музыку, а не проста іграць ноты.

Я выконваў песняру свае песні на старой савецкай гітары. Перад выступленнем я папрасіў  Уладзіміра Георгіевіча дазволу сыграць на яго гітары “Гібсан”, але майстар сказаў: “Па-першае, сябрам не здраджваюць, а гітара — мой сябар. Па-другое, у маёй гітары — мой паток, мая энергетыка, таму я не магу даць яе табе”. Так атрымалася, што пасля смерці песняра яго гітара ўсё-такі пабывала ў маіх руках — у Беларускай дзяржаўнай філармоніі я выканаў на ёй твор “А мы ўсё шукаем”, які напісаў як прысвячэнне Уладзіміру Георгіевічу…

У гэтыя святочныя дні Аляксей Скрыпнік дае свой аўтарскі канцэрт “Прысвячэнне”. Са сцэны прагучаць у тым ліку творы, прысвечаныя яго дзядулю Аляксею Крушынскаму і стрыечнаму дзеду, Герою Савецкага Саюза, легендарнаму лётчыку-знішчальніку Аляксандру Гараўцу.

***

Такой атрымалася размова з музыкантам Аляксеем Скрыпнікам у сценах “Настаўніцкай газеты”. Гэта была размова пра памяць, творчасць, а галоўнае — пра жыццё. Таму што жыццё — найвялікшая каштоўнасць. І самая страшная вайна не можа пагасіць прагу да яго. Жыццё абавязкова знойдзе сабе дарогу і прарасце ў нашых дзецях, унуках, выхаванцах, вучнях.

Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва Аляксея Скрыпніка