Танец пяра на паперы: унікальная методыка — графарытміка — дапамагае навучыць пісаць дзяцей і выправіць почырк

- 9:00Главная, Образование

Як графарытміка ўплывае на якасць пісьма, карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» растлумачыла аўтар унікальнай методыкі, спецыяліст па карэкцыі почырку, майстар-каліграф, педагог БДПУ Наталля Савіцкая.

Непрыгожых почыркаў няма

Навучыцца пісаць — самы цяжкі навык для сучасных пачаткоўцаў, гэта адзначаюць усе настаўнікі, — кажа Н. Савіцкая. — І нядзіўна — усяго за 1 секунду мозгу чалавека трэба выканаць мноства дзеянняў: кіраваць кісцю рукі, хутка думаць наперад. Па выніках даследаванняў, ад 70 да 90 % першакласнікаў літаральна змагаюцца з пропісямі, і часта беспаспяхова. Таму адна з маіх асноўных задач — навучыць маладых педагогаў, як працаваць з дзецьмі, каб пісьмо не было для іх стрэсам. Мая новая методыка — графарытміка — у гэтым вельмі дапамагае. Методыку распрацавала сама, бо па ўласнай ініцыятыве вяду заняткі і для дзяцей — кожны дзень бачу, што ім цяжка, а што, наадварот, выклікае цікавасць. У рабоце выкарыстоўваю рытм і тэмп музыкі — і дзеці, і дарослыя на яе вельмі добра адгукаюцца. Справа ў тым, што наша пісьмо мае пэўны рытм, таму я прыдумала цэлую сістэму музыкальна-рытмічных прапісных практыкаванняў. Гэта не толькі спрыяе акуратнаму напісанню, але і ўпарадкоўвае работу мускулаў рукі, робіць яе больш паслухмянай.

Менавіта заціскі рукі педагог лічыць галоўнай праблемай і дзяцей, і дарослых.

— Глядзіце, якая скаваная ў вас рука, — заўважае суразмоўніца, калі прапануе мне паспрабаваць напісаць што-небудзь. — Уся яна ад пляча да запясця нібыта нерухомая, у зоне спіны напружаны мышцы. Тое ж самае адбываецца і з дзецьмі — яны моцна і нервова сціскаюць ручку ці аловак, хутка стамляюцца, перажываюць, паступова ўрокі пісьма пачынаюць выклікаць у іх негатыўныя эмоцыі. Почырк становіцца неакуратным, неразборлівым, бывае, такое перанапружанне прыводзіць нават да скаліёзу. Таму першае, што мы робім на занятках, — расслабляем руку. Але і натрэніраваная кісць не гарантыя фарміравання акуратнага почырку, неабходны лёгкасць і плаўнасць. Гэтаму і дапамагае графарытміка.

Да кожнага навучэнца ў Н. Савіцкай падыход індывідуальны.

Лічу, што непрыгожых почыркаў няма. Задача педагогаў — не падвесці ўсе почыркі пад адзін шаблон, а захаваць унікальнасць кожнага. Таму будучых настаўнікаў вучу: дзіця не трэба прымушаць пісаць па строгім узоры, неабходна даваць яму пэўную свабоду, тады справа пойдзе хутчэй і прасцей.

Педагог падкрэслівае, што з дарослымі працаваць лягчэй, бо яны добра кантралююць свае дзеянні, ведаюць граматыку, ужо валодаюць навыкам пісьма. Таму з імі нават за паўгадзіны можна дасягнуць добрых вынікаў, напрыклад, у авалоданні школьным курсівам. Дзеці ж часта няўрымслівыя, з імі трэба пастаянна ўключаць фантазію, прыдумваць нешта займальнае. Напрыклад, маляванне фарбамі. Гэта добры спосаб натрэніраваць руку, а часам малюнак служыць і фонам для напісання розных шрыфтоў.

Што напісана пяром

На занятках па каліграфіі пішуць не ручкай, а пяром з чарнілам ці тушшу — толькі так можна выпрацаваць добры навык пісьма. У кабінеце Н. Савіцкай мноства відаў пёраў.

Самае зручнае для навучання — «зорачка», — расказвае педагог. — У асноўным ім пісалі ў савецкіх школах. Каб паставіць правільныя рухі пры пісьме, прымяняю метад «Рука ў руцэ» — бяру руку навучэнца ў сваю і выводжу літары. Відаў шрыфтоў сотні, на занятках самы папулярны —«Руская вязь». Таксама выкарыстоўваем англійскі, італьянскі курсіў. Ведаеце, калі почырк неразборлівы, гэта дрэнна адбіваецца на самім чалавеку, робіць яго няўпэўненым у сабе. Нават зараз, у камп’ютарны век, калі шмат дакументаў пішацца з дапамогай клавіятуры, почырк застаецца візітнай карткай чалавека.

Каб добра пісаць, трэба спачатку, як кажуць, набіць руку: навучыцца выводзіць роўныя, прыгожыя лініі. Графарытміка гэтаму дапамагае. Вось, напрыклад, усім знаёмы танец «Ча-ча-ча» — яго рытмічны малюнак адпавядае квадрату. Трэба злавіць рытм музычнай кампазіцыі і своечасова трапіць пяром у вяршыні гэтай фігуры. Гэта простае заданне, а вось «Павольны вальс» ужо больш цяжкае — на малюнку трохвугольнік, але і сама мелодыя больш складаная. Далей ідзе «Елачка», якая ўяўляе сабой складаны графічны малюнак. Трэба практыкавацца, хаця, заўважае педагог, і дашкаляты могуць справіцца з гэтым заданнем.

Пачынаць выпраўляць свой почырк ніколі не позна,— лічыць Н. Савіцкая. — Каліграфія ж — гэта не толькі пра пісьмо. Яна спрыяе ўсебаковаму развіццю асобы. Нават развіццю маўлення, творчых здольнасцей, музыкальнага слыху. Пры займанні каліграфіяй у чалавека пастаянна задзейнічана 1/3 частка галаўнога мозга, у ім фарміруюцца новыя нейронныя сувязі. А развіццё зрокава-маторнай каардынацыі і мускульнай памяці дазваляе дасягнуць аўтаматызму ў складаных рухах рукі. Дарэчы, мае практыкаванні можна прымяняць і з дашкольнікамі, пачынаючы ўжо з 3—4 гадоў. Некаторыя ўпэўнены, што почырк у людзей раней быў лепшы, таму што ў школах існаваў прадмет «Чыстапісанне», але гэты момант спрэчны. Сам прадмет быў нялёгкі, а нагрузка на дзяцей значная: трэба было за кароткі перыяд дасягнуць добрых вынікаў. Вучні часта адчувалі стрэс, асабліва леварукія, якіх перавучвалі.

Танец на паперы

Ідэя графарытмікі да Н. Савіцкай прыйшла праз танец: яна захапляецца харэаграфіяй. Танцуе ўжо больш за 10 гадоў. Так паступова прыйшло разуменне, што пісьмо — гэта таксама танец, толькі пяра на паперы.

У маім жыцці ўсё склалася нібыта выпадкова, — дзеліцца суразмоўніца. — Па адукацыі я інжынер, калісьці скончыла Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, але на работу трапіла ў Цэнтр дзіцячай творчасці ў Лагойску, дзе тады жыла, — вяла там тэхнічны гурток для дзяцей. Аднойчы калегі прапанавалі мне весці яшчэ і гурток па карэкцыі почырку, бо ў мяне самой ён быў добры. Напэўна, гэтаму паспрыяла чарчэнне, якім валодае кожны інжынер: уменне рабіць усё дакладна да дробязей. Пагадзілася, па ўласнай ініцыятыве пайшла на курсы каліграфіі і стала выкладаць ужо прафесійна. І сама захапілася гэтай дзейнасцю! Пачала ўдасканальвацца, прымала ўдзел у міжнародных конкурсах па каліграфіі — у Грузіі, Расіі. Потым прыйшла і свая методыка — графарытміка. Да таго ж скончыла курсы павышэння кваліфікацыі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Спачатку працавала с дзецьмі, а потым пачала выкладаць і для дарослых у БДПУ.

Педагог дадае, што каліграфія будзе актуальная заўсёды, нягледзячы на тэхнічны прагрэс. А заняткі музычным пісьмом дапамогуць не толькі сфарміраваць прыгожы почырк, але і паспрыяюць агульнаму эстэтычнаму выхаванню дзяцей.

Лізавета МІЦКЕВІЧ