Таццяна Галубовіч: у пачатковай школе вучань успрымае настаўніка не столькі як крыніцу ведаў, а як блізкага чалавека

- 9:00Главная, Образование

Таццяна Галубовіч з сярэдняй школы Краснасельска Ваўкавыскага раёна дала пуцёўку ў жыццё сотням пачаткоўцаў. Выпускнікі не толькі ўспамінаюць пра яе з цеплынёй, але і давяраюць навучанне сваіх дзяцей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Калі мяне пытаюць, якім запомніўся першы настаўнік, то адразу адказваю: добрым, справядлівым і ўважлівым. Заўсёды толькі з удзячнасцю гавару пра сваю настаўніцу і па гэтай прычыне прывяла да яе свайго сына. Хачу, каб і яго ўспаміны пра школьныя гады былі напоўнены такой жа цеплынёй і шчырасцю, — дзеліцца жыхарка Краснасельска Алена Альховік.

Сёння яна ў водпуску па доглядзе дзіцяці. А да гэтага ў школе адказвала за смачныя абеды для вучняў.

— Таццяна Іванаўна часта паўтарала нам, што любую справу, за якую ўзяўся, трэба рабіць сумленна. Такога прынцыпу стараюся прытрымлівацца ва ўсім і з цікавасцю назіраю, як да гэтых жа ісцін поплеч з маёй першай настаўніцай ідзе сын Мікіта. З Таццянай Іванаўнай ён удзельнічае ў алімпіядным руху па матэматыцы і ставіць перад сабой смелыя мэты, — дадае Алена Альховік.

Будучы школьніцай, на ўрокі да Таццяны Іванаўны яна спяшалася ў Мачулінскую базавую школу. І ўжо на працягу 15 гадоў Таццяна Галубовіч з’яўляецца неад’емнай часткай калектыву школы ў Краснасельскім і ўсіх сваіх выпускнікоў памятае пайменна.

— Пачатковая школа — гэта асаблівая грань педагогікі. Тут вучань успрымае настаўніка не столькі як крыніцу ведаў, колькі як важнага і блізкага чалавека. Заўсёды стараюся стаць такім для кожнага вучня з дапамогай індывідуальнага падыходу, стварэння сітуацый поспеху і проста добрага слова, — адзначае Таццяна Галубовіч.

Яна ўпэўнена, што галоўнае, чаму важна навучыць пачаткоўца, — уменне фармуляваць мэту і вызначаць шлях да яе. Калі гэта становіцца добрай звычкай з ранніх гадоў, у будучыню выпускнікоў можна глядзець упэўнена і без хваляванняў.

— Магчымасць вучыць дзяцей сваіх выпускнікоў — вельмі прыемны момант для кожнага педагога. Гэта сведчыць пра ўзровень даверу да цябе як да настаўніка. Жаданне апраўдаць гэты давер — яшчэ адна нагода для ўдасканалення свайго майстэрства, — дзеліцца меркаваннем Таццяна Іванаўна.

Для яе шлях у педагогіцы пачаўся ў 1995 годзе. Праз рукі і, зразумела, сэрца педагога прайшло шмат выпускаў, і кожны з іх не падобны на папярэдні.

— Настаўнік — гэта самая дынамічная прафесія. Тут вельмі яскрава адчуваецца ход часу. Кожны набор патрабуе пошуку ўсё новых цікавых форм работы. Па адной формуле вучня 20 гадоў назад і сённяшняга да поспеху не прывядзеш. Заўсёды вучуся разам са сваімі выхаванцамі. І ўсё ж ёсць нязменныя велічыні ў нашай прафесіі: калі ты ідзеш да дзяцей з дабрынёй і павагай, яны плацяць тым жа, — дадае педагог.

Сёння яна адкрывае дзверы ў свет ведаў для 23 маленькіх чамучак. З лёгкім сумам паглядае на месяц на календары: май стане для Таццяны Іванаўны фіналам яшчэ аднаго шляху ў чатыры гады.

— У адносінах да дзяцей прытрымліваюся правіла “сваё дзіця”. Калі ў класе адбываецца сітуацыя, якая патрабуе майго ўмяшання, заўсёды мысленна фармулюю пытанне “Якія словы я падабрала б тут для размовы з уласным дзіцем?”. Гэта дапамагае ў справе шчырай зацікаўленасці ў поспеху кожнага дзіцяці. І размова не толькі пра вучнёўскі поспех, але і пра моманты ўдзе­лу і прыняцця ў калектыве, — расстаўляе выхаваўчыя акцэнты суразмоўніца.

Калі на ўроку яе вучні пачынаюць шумець, Таццяна Іванаўна часта пераходзіць на шэпт і запэўнівае, што такі прыём заўсёды дзейсны. Актыўна практыкуе педагог работу ў групах і парах: гэта дапамагае ёй згуртаваць вучнёўскі калектыў і вучыць дзяцей будаваць дыялог з аднагодкамі на шляху да агульнай мэты — ведаў.

— Сёння калектыўныя формы работы на ўроку асабліва актуальныя, паколькі сябрам нават для вучняў малодшых класаў нярэдка становіцца не сусед па парце, а новы гаджэт, — дадае Таццяна Галубовіч.

Яна робіць стаўку і на сумесныя формы работы з бацькамі. Педагог упэўнена, што клас — гэта не толькі дзеці, але і іх бацькі.

— Давяраць педагогу павінен не толькі вучань, але і яго мама з татам. Тады мы разам вырашаем адну выхаваўчую задачу, і пры такім тандэме кожнае намаганне будзе на карысць дзіцяці. Нават простая сумесна праведзеная спартакіяда — форма наладжвання даверлівых адносін з бацькоўскай грамадскасцю, — дадае педагог.

Для сваіх цяперашніх пачаткоўцаў, па словах Алены Альховік, Таццяна Іванаўна — непарушны аўтарытэт, як некалі і для яе самой.

— Калі Мікіта пайшоў у школу, я занялася няхітрымі матэматычнымі падлікамі ў адносінах і да малодшага сына. Калі ты добра ведаеш педагога, пераход з дзіцячага сада ў школу не становіцца стрэсавым момантам. Каб трапіць у рукі Таццяны Іванаўны, малодшаму трэба будзе пачаць вучобу крыху раней за аднагодкаў. Пакуль для мяне гэтае пытанне адкрытае, — з усмешкай гледзячы на педагога, дадае яе выпускніца і маці сённяшняга вучня Алена Альховік.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара