Нягледзячы на свой малады ўзрост, сярэдняя школа № 35 Бабруйска імя П.І.Батава заняла пачэснае месца на адукацыйнай карце горада. Што сёння працуе на імідж установы адукацыі, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар школы Таццяна Васілеўская.

— Наша школа была пабудавана па просьбе жыхароў мікрараёна Маладзёжны, якія звярнуліся ў 2020 годзе да Прэзідэнта краіны падчас яго рабочага візіту на фабрыку “Славянка”. І на працягу 9 месяцаў была ўзведзена ўстанова адукацыі, якая адкрылася 1 верасня 2021 года. Школа аснашчана па апошнім слове тэхнікі, мае свой спартыўны комплекс з басейнам і трэнажорнай залай. У ёй створана адаптыўна-адукацыйнае асяроддзе для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: пандусы і ліфты, таблічкі на кабінетах дубліруюцца надпісамі са шрыфтам Брайля.
На пасадзе дырэктара я ўжо чатыры гады. Гэта вельмі каштоўны і цікавы вопыт, таму што ўсё даводзілася рабіць з нуля: займацца афармленнем школы, падбіраць педагогаў і згуртоўваць калектыў, фарміраваць імідж установы, закладваць традыцыі.
Кадры — гэта аснова любой установы адукацыі. Магу сказаць, што зараз выпадковых людзей у нашым калектыве няма. Такія людзі самі неяк паволі адсеяліся, а засталіся толькі тыя педагогі, якія сапраўды гатовы працаваць на вынік, якія разумеюць, як гэта рабіць.
На сённяшні дзень у нас працуе 124 чалавекі. Сярод іх як вопытныя настаўнікі, так і зусім маладыя педагогі (толькі сёлета іх прыйшло 8, а ўсяго ў школе працуе 13 маладых спецыялістаў). У цэлым па ўзросце педагогаў наша школа самая маладая ў горадзе. Сярэдні ўзрост настаўнікаў складае каля 40 гадоў.
Працэнт замацавання маладых спецыялістаў дастаткова высокі — 84. У штаце нямала маладых спецыялістаў, якія адразу заключылі першы працоўны кантракт на 5 гадоў. Прычым гэта не бабруйчане, а іншагароднія педагогі. Яны хочуць замацавацца, ім падабаецца горад, установа адукацыі. У далейшым у іх ёсць магчымасць атрымаць арэнднае жыллё, што немалаважна.
Таццяна Васілеўская скончыла Магілёўскі педагагічны каледж і Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова, прайшла перападрыхтоўку ў БДПУ па спецыяльнасці “Настаўнік-дэфектолаг”. Пачынала свой настаўніцкі шлях у Калаціцкай малакамплектнай школе Глускага раёна. Чатыры гады назад узначаліла школу-новабудоўлю № 35 Бабруйска імя П.І.Батава.
— Таццяна Францаўна, вы згодны, што імідж і рэпутацыя ўстановы адукацыі шмат у чым залежаць ад кіраўніка і яго каманды?
— Так, згодна. Без добрай надзейнай каманды дырэктар існаваць не можа. Мы ўсе працуем на адну мэту — дабрабыт нашых навучэнцаў. Мае галоўныя памочнікі — намеснікі па вучэбнай рабоце Святлана Плахоцкая, Наталля Новікава, Наталля Серада, намеснік па выхаваўчай рабоце Марына Шапашнікава і намеснік па гаспадарчай рабоце Сяргей Лукашонак. Гэта мая апора, мае пяць пальцаў, якія штодзень дапамагаюць вырашаць бягучыя праблемы і пытанні.
Наш педагагічны калектыў вельмі ініцыятыўны і творчы. У нас працуюць выдатныя педагогі-арганізатары Яўгенія Смарговіч і Ксенія Паўлава, крэатыўныя настаўнікі пачатковых класаў Ала Кісялевіч і Таццяна Шалыгіна, творчыя настаўнікі-прадметнікі Вольга Лавіцкая (вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Цуды з гліны”), Таццяна Дамашэўская, Інеса Лісоўская, Ірына Шчэрбіч, Таццяна Капусціна і інш. З натхненнем рэалізоўваюць праект па футболе настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Ірына Баланчук і Анатоль Мельнік.
Вельмі цесныя ў нас наладжаны ўзаемаадносіны з прафсаюзнай арганізацыяй на чале з Янай Вакарук. Толькі разам мы можам вырашаць усе задачы, адказваць на выклікі часу.
— Якога педагога вы б ніколі не ўзялі ў калектыў?
— Абыякавага, які не гарыць любоўю да сваёй справы, у якога няма адказнасці. Таму што педагог — не толькі настаўнік, але і выхавальнік. Шмат асабістага часу, душэўных сіл аддаюць настаўнікі на тое, каб якасна пабудаваць сваю работу.
Калі чалавек не гатовы дзяліцца душэўным цяплом з дзецьмі, бацькамі, ён не зможа працаваць у адукацыі.
Абавязкова пытаюся ў педагога, што ён дадаткова ўмее рабіць (спявае, танцуе, малюе), як глядзіць на ўключэнне ў нейкую калектыўную дзейнасць, ці гатовы ўзяць класнае кіраўніцтва. І калі ён адгукаецца на прапановы, ты разумееш, што з ім можна працаваць, камунікаваць. Калі ж настаўнік закрываецца, аддаляецца, ты бачыш, што будзе складана дастукацца да яго, данесці тую ці іншую ідэю.
Звяртаю ўвагу на адзнакі ў дыпломе. Калі па прадметах, якія выкладае педагог, яны невысокія, то ўзнікае пытанне: якую якасць ведаў ён дасць дзецям?.. Гляджу таксама на тое, што больш прыцягвае педагога ў рабоце: матэрыяльны бок пытання, што таксама немалаважна, альбо ён хоча сябе рэалізаваць. У апошнім выпадку на другі план адыходзіць адсутнасць вопыту. Усяму можна навучыць чалавека, які сам зацікаўлены ў гэтым.
— Якіх прынцыпаў вы як кіраўнік прытрымліваецеся ў рабоце са сваім калектывам?
— Кіраўнік павінен быць прыкладам для сваіх падначаленых. Як я магу патрабаваць дысцыпліны, выканання пэўных норм, калі сама не прытрымліваюся іх? Сярод асноўных маіх прынцыпаў — адказнасць (за ўсё, што адбываецца ва ўстанове адукацыі, адказнасць нясе кіраўнік, і ад таго, як ён пабудуе сваю работу, будзе залежаць агульны поспех), патрабавальнасць (калі пэўная задача пастаўлена, значыць, яе выкананне павінна быць абавязкова праверана). Імкнуся дэлегаваць паўнамоцтвы: кожны супрацоўнік павінен узяць сабе частку работы, за якую ён будзе адказваць, і разам у нас атрымаецца адна агульная справа. Імкнуся, каб у калектыве склаліся добразычлівыя адносіны, каб была ўзаемная павага і падтрымка. Таму што ўсе мы людзі, у нас бываюць розныя моманты ў жыцці, радасныя, шчаслівыя і не вельмі, і трэба з разуменнем ставіцца да тых праблем, якія ёсць у кожнага. Таму мой дэвіз — “Жыві так, каб потым не было сорамна азірнуцца назад”.
У прыярытэце — здароўезберажэнне
— Таццяна Францаўна, што сёння вылучае вашу школу сярод іншых устаноў адукацыі?
— З новага навучальнага года ў нас уведзена для вывучэння школьнікамі кітайская мова. Гэтае новаўвядзенне з’явілася не на пустым месцы. Для таго каб вывучаць з 3 класа мову Паднябеснай, мы правялі вялікую падрыхтоўчую работу. Летась нават аказвалі платныя адукацыйныя паслугі па вывучэнні кітайскай мовы.
З верасня 2024 года мы сталі рэспубліканскім рэсурсным цэнтрам па здароўезберажэнні. Перадумовы для гэтага таксама былі створаны: мы актыўна ўдзельнічалі ў праекце “Школа — тэрыторыя здароўя”, сталі ўладальнікамі дыплома І ступені ў абласным конкурсе “Здаровае харчаванне з дзяцінства — дабрабыт у будучыні”. Лічу, што які б разумны вучань ні быў, калі ён не здаровы, яму будзе некамфортна, адпаведна, ні аб якой якасці адукацыі гаворкі ісці не будзе.
Сёлета за бюджэтныя сродкі быў набыты інтэрактыўны фізкультурны комплекс. З яго дапамогай мы можам праводзіць цікавыя мерапрыемствы ў групе прадоўжанага дня, у шосты школьны дзень (эстафеты, спартыўныя спаборніцтвы). І гэта падабаецца дзецям, павышае іх матывацыю да заняткаў фізкультурай і спортам, да здаровага ладу жыцця.
У гэтым годзе школьнае асяроддзе аб’яўлена тэрыторыяй, свабоднай ад выкарыстання мабільных прылад. Паўстала пытанне: як жа мы будзем займаць дзяцей падчас перапынкаў? Адзін з напрамкаў у здароўезберажэнні — гэта развіццё рухальнай актыўнасці. У калідорах мы стварылі спецыяльныя гульнявыя зоны, каб дзеці маглі бавіць час у рухавых гульнях, мець зносіны адно з адным.
Здароўезберажэнне — гэта і арганізацыя харчавання. Вялікая колькасць дзяцей харчуецца ў школьнай сталовай. Сёлета за кошт сродкаў бюджэту набыта фаршамяшальная машына. Дзякуючы сродкам папячыцельскага савета, пазабюджэтнай дзейнасці, пастаянна абнаўляем абсталяванне, павялічваем пасадачныя месцы ў сталовай.

Калі гаварыць пра выхаванне грамадзяніна-патрыёта нашай краіны, то гэта, вядома ж, дзейнасць нашых ваенна-патрыятычных класаў мытнай накіраванасці. На павышаным узроўні старшакласнікі вывучаюць у іх матэматыку, англійскую мову, грамадазнаўства, рускую мову. Ужо шмат гадоў мы супрацоўнічаем з Магілёўскай абласной мытняй. Супрацоўнікі мытні — нашы частыя госці, яны расказваюць пра гісторыю мытнай службы, свае працоўныя будні, праводзяцца тэматычныя сустрэчы і экскурсіі для дзяцей, заняткі ў рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. Профільныя мытныя класы дазваляюць старшакласнікам падысці да выбару будучай прафесіі максімальна свядома. Дапамагае нам і БНТУ, з якім мы таксама цесна супрацоўнічаем.
Нашы сёлетнія выпускнікі мытнага класа — асаблівая гордасць установы. Гэта дзеці, якія дэманструюць высокія вынікі ў вучобе, прымаюць актыўны ўдзел у пазакласных мерапрыемствах, з’яўляюцца дыпламантамі спаборніцтваў самага рознага ўзроўню.
Яшчэ адзін напрамак, які паспяхова рэалізуецца ў школе, — экалагічны. Установа летась атрымала статус “Зялёная школа”. Нашы выхаванцы пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Вольгі Лавіцкай прымаюць удзел у экалагічных спаборніцтвах, конкурсах даследчых работ.
Матывуе на творчасць
— Вашы педагогі актыўна ўключыліся ў інавацыйную дзейнасць. Што гэта дае школе?
— Летась мы завяршылі рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў ва ўмовах інтэграцыі лічбавых і педагагічных тэхналогій”. Яго вынікам стала распрацоўка навукова-метадычнага забеспячэння (праграм, практычных заданняў і інш.) для ўкаранення мадэлі развіцця функцыянальнай адукаванасці, метадычныя рэкамендацыі для педагогаў.
Трэці год мы рэалізуем інавацыйны праект “Укараненне мадэлі выкарыстання драматызацыі як сродку духоўна-маральнага развіцця навучэнцаў (на прыкладзе традыцыйнага беларускага тэатра батлейка)”. Сёлета распрацоўваем сцэнарыі, робім тэатралізаваныя пастаноўкі, якія закранаюць пытанні духоўна-маральнага выхавання. Актыўны ўдзел у праекце прымае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алеся Карзубава, якая праводзіць заняткі аб’яднання па інтарэсах “Батлейка”.

Сёлета запланаваны выступленні вучняў з пастаноўкамі батлейкі ва ўстановах адукацыі горада, у тым ліку і для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Што дае інавацыйная дзейнасць школе, педагогу? Па-першае, гэта ўмацаванне іміджу ўстановы адукацыі, па-другое, павышэнне прафесійнага майстэрства педагогаў, таму што яны для сябе адкрываюць новыя напрамкі дзейнасці. Яны праводзяць адкрытыя ўрокі, майстар-класы, абменьваюцца вопытам. У новыя цікавыя формы работы ўцягваюцца дзеці. І гэта, безумоўна, падштурхоўвае калег, якія побач, да творчасці, да ўдзелу ў праектах. А чым большы прафесіянал, тым вышэй якасць адукацыі ў школьнікаў.
— Якой бачыцца школа ў найбліжэйшай будучыні?
— Хочацца і ў далейшым укараняць новае, перадавое, падказанае самім жыццём, каб школа працягвала дынамічна развівацца. Сёлета сканцэнтруемся на развіцці робататэхнікі і 3D-мадэлявання, выкарыстанні педагогамі ў адукацыйным працэсе тэхналогій штучнага інтэлекту. Будзем развіваць вывучэнне кітайскай мовы. Хацелася б наладзіць супрацоўніцтва з універсітэтам Канфуцыя, кітайскімі арганізацыямі і прадпрыемствамі. Плануем працягваць міжнароднае супрацоўніцтва з расійскімі калегамі, у прыватнасці з 20-й школай Рыбінска, якая таксама носіць імя Паўла Батава. Хочацца, каб далейшае развіццё атрымала музейная педагогіка. Ва ўстанове мы аформілі музейны пакой, прысвечаны П.І.Батаву і 65-й арміі. Тут сабраны экспанаты, дакументальныя запісы і архіўныя фатаграфіі, аформлены інфармацыйныя стэнды з гістарычнымі фактамі і нават можна на экране паглядзець фрагменты кінахронік і фільмаў пра гэтага выдатнага чалавека і военачальніка.
Упэўнена, у нас усё атрымаецца!
Бліцапытанне
Працоўны дзень дырэктара не абыходзіцца без…
Кубачка кавы і халоднага душу раніцай, спакойнага эмацыянальнага стану вечарам перад сном.
Самыя запамінальныя моманты ў кар’еры
Першы ўрок у 4 класе пад назвай “Горад майстроў”, які я дала, калі была студэнткай каледжа, і які быў высока ацэнены.
Першая лінейка ў якасці настаўніцы.
Адкрыццё 35-й школы з кіраўніком дзяржавы.
Тры адкрыцці, якія зрабілі падчас работы дырэктарам
Без калектыву не пабудуеш паспяховай установы.
Думай найперш пра людзей, праяўляй клопат і разуменне.
Захоўвай баланс паміж работай і асабістым жыццём.
Наталля Калядзіч
Фота аўтара





