Тэхналогія тымбілдынгу: вопыт работы з навучэнцамі класаў інтэграванага навучання і выхавання

- 14:10Образование

Вопытам работы з навучэнцамі класаў інтэграванага навучання і выхавання па тэхналогіі тымбілдынгу падзяліліся ў сярэдняй школе № 45 Магілёва.

Крэда калектыву сярэдняй школы № 45 Магілёва — “Ра­зам мы сіла”. Асноўная мэта педагогаў у рабоце з навучэнцамі класаў інтэграванага навучання і выхавання — выпрацоўка каманднага духу, барацьба з няўпэўненасцю ва ўласных сілах. Адным з прыярытэтных напрамкаў работы з’яўляецца тымбілдынг, які стаў неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу.

Што ўяўляе сабой гэтая тэхналогія? Гэта згуртаванне групы з дапамогай розных гульняў і мерапрыемстваў. Такая методыка дазваляе рэалізаваць наступныя задачы: наладжванне даверлівых адносін у калектыве, атрыманне навучэнцамі навыкаў эфектыўных зносін, павышэнне ўзроўню ініцыятыўнасці дзяцей, магчымасць для вучняў з АПФР ад­чуць сябе патрэбнымі, выконваючы тую ці іншую сацыяльную ролю ў гульні. Усе пералічаныя задачы могуць быць рэалізаваны праз розныя напрамкі адукацыйнага працэсу: выхаваўчыя мерапрыемствы, вучэбныя, факультатыўныя, карэкцыйныя заняткі, псіхолага-педагагічнае суправаджэнне навучэнцаў класаў інтэграванага навучання і выхавання.

Вопыт прымянення тэхналогіі тымбілдынгу паказаў, што найбольш паспяховымі і дзейснымі з’яўляюцца такія формы работы, як сюжэтна-ролевыя гульні, квесты, бінарныя ўрокі-падарожжы, калектыўная творчая дзейнасць, гульні-спаборніцтвы, распрацаваныя з улікам індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў.

Рэгулярнае выкарыстанне настаўнікамі, настаўнікамі-дэфектолагамі на бінарных уроках па вучэбных прадметах гульнявых практыкаванняў “Верныя сябры”, “Жывы вузел”, “Надзейная крэпасць” і іншых дае вучням з АПФР магчымасць не толькі зносін з аднагодкамі, але і атрымання практычных навыкаў узаемадзеяння, якія будуць садзейнічаць далейшай сацыялізацыі гэтых дзяцей у сучасным свеце. Урок-падарожжа вучыць пераадольваць разнастайныя перашкоды, не застаўшыся з праблемай сам-насам, а адчуваючы падтрымку і дапамогу таварышаў.

Тэхналогія тымбілдынгу прыносіць вынікі ў рабоце не толькі з дзецьмі, але і з педагогамі, якія працуюць у класах інтэграванага навучання і выхавання. Яна дае магчымасць павысіць кампетэнтнасць настаўнікаў у прымяненні новых адукацыйных тэхналогій, фарміруе ў іх пачуццё супрацоўніцтва і адзінства.

Алена ФРАЛОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 45 Магілёва;
Сняжана ПРАКОПАВА,
настаўнік-дэфектолаг