Тэматычныя тыдні захопяць усіх!

- 15:59Адукацыйная прастора

Раскрыць творчы патэнцыял педагогаў, вывучыць іх вопыт, убачыць яго каштоўнасць для калег, наладзіць цеснае супрацоўніцтва паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу — галоўныя арыенціры любой метадычнай службы, у тым ліку і нашага ясляў­сада.

У 2018/2019 навучальным годзе ва ўстанове прайшоў першы тэматычны тыдзень, які захапіў літаральна ўсіх. З таго часу тэматычныя тыдні сталі традыцыйнымі. Сёння яны не абмяжоўваюцца толькі метадычнай работай з кадрамі, іх тэматыка ахоплівае ўвесь адукацыйны працэс.

Асноўная мэта падобных тыдняў — максімальна пагрузіць усіх удзельнікаў у пэўную тэму, якая аб’ядноўвае іх у разнастайнай дзейнасці. У адпаведнасці з ёй падбіраецца і змест. Абавязковая ўмова — эмацыянальна-вобразная форма раскрыцця тэмы кожнага дня.

“Дакранаючыся да сваіх вытокаў” — так гучала тэма аднаго з тыдняў. У першы дзень, які меў назву “Што? Дзе? Калі на жабінкаўскай зямлі?”, педагогі право­дзілі з дзецьмі гутаркі пра Жабінку, яе гісторыю і прыроду. У гэты ж дзень прайшоў тэст “Пазнай месца ў Жабінцы”. У Viber-чаце былі размешчаны скажоныя фотаздымкі з выявамі розных мясцін роднага горада, якія патрабавалася пазнаць на працягу адной гадзіны.

Другі дзень “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца” быў прысвечаны дзіцячай выяўленчай творчасці. Малышы малявалі ў розных тэхніках любімыя мясціны малой радзімы. Педагогі рыхтавалі творчыя праекты “Люблю цябе, куток мой мілы”. Эмацыянальныя відэаролікі былі напоўнены задушэўнымі фотаздымкамі і прэзентацыямі, а аповеды, вершы і песні пра родны куток выпраменьвалі цеплыню і шчырую любоў. За 2 гадзіны ўдзельнікі “пабывалі” ў розных населеных пунктах Брэстчыны і нават Расіі.

У трэці дзень “Карагод гульняў” дзеці гулялі ў розныя гульні, якія знаёмілі іх з рознымі мясцінамі. А педагогаў чакалі адкрытыя заняткі “Падарожжа па родным горадзе” ў групе інтэграванага навучання і выхавання. Завяршыўся дзень падвядзеннем вынікаў конкурсу дыдактычных гульняў “Мая малая радзіма”, які паказаў, як можна класічныя дыдактычныя гульні зрабіць эфектыўным сродкам знаёмства з родным горадам.

У чацвёрты дзень “Мова родная, мова модная” дзеці чыталі вершы беларускіх паэтаў. Старэйшыя дашкольнікі ўдзельнічалі ў віктарыне “Знаўцы роднага слова”, а педагогі — у моўным квесце.

У пяты дзень “Сёння ў нашай хаце свята” старэйшыя малышы запрасілі малодшых на музычную забаву “Восеньскі кірмаш”. Дзеці вучыліся гасціннасці ў інсцэніроўках “Збіраемся ў госці”, а педагогі частавалі калег стравамі сямейнай кухні.

На працягу тыдня ва ўсіх групах працавала фотавыстава “Мой родны кут, табой любуюся”, у стварэнні якой былі задзейнічаны і бацькі.

Не менш цікавым атрымаўся і другі тыдзень — “Человек природе друг, пусть узнают все вокруг!”. “Кніжчына бальніца”, арганізаваная ў Дзень экалагічнай кнігі, дазволіла прывесці ў парадак кніжныя куткі ў групах. 

Кніжны фрымаркет “ВО!круг книг” аб’яднаў педагогаў і бацькоў і дапамог знайсці “непатрэбным” кнігам новых чытачоў і сяброў. У рамках Дня экалагічнай гульні прайшла акцыя “Экакропелька”, прысвечаная захаванню водных рэсурсаў. Многіх парадавалі аплікацыйныя калажы “Зямля — наш агульны дом” з прыроднага матэрыялу, а таксама выстава малюнкаў “Мой любімы хатні гадаванец”. Педагогі распрацавалі экалагічныя пашпарты груп, якія атрымаліся вельмі разнастайнымі, змястоўнымі і шматфункцыянальнымі. А вынікам работы творчага калектыву выхавальнікаў стала распрацоўка сцэнарыя квеста для старэйшых дашкольнікаў “Выратуем нашу Зямлю”.

Тэматычныя тыдні павыша­юць прафесійную кампетэнт­насць педагогаў, дапамагаюць іх самарэалізацыі, раскрываюць творчы патэнцыял.

Вольга БЫКАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 1 Жабінкі.