Чым адметны Рэчыцкі педагагічны каледж, у якіх конкурсах педмайстэрства ўдзельнічаюць яго навучэнцы, як спорт у цэлым і мнагаборства ў прыватнасці дапамагаюць фарміраванню будучых педагогаў — даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
За сваю амаль 35-гадовую гісторыю каледж падрыхтаваў каля трох тысяч настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, замежных моў і выхавальнікаў.

— Прыярытэты нашага каледжа — якаснае адукацыйнае асяроддзе і канкурэнтаздольнасць нашых выпускнікоў, — падкрэсліла дырэктар каледжа Людміла Ягорава. — Сёння мы рыхтуем настаўнікаў для ўстаноў адукацыі не толькі Гомельскай вобласці, але і ўсёй краіны па дзвюх спецыяльнасцях: “Навучанне замежнай мове (з указаннем мовы)” і “Дашкольная адукацыя”.
Зараз у каледжы вучацца 350 дзяцей. З кожным годам расце колькасць мэтавікаў, якая складае ўжо амаль 50% ад набору, што вельмі радуе як педагогаў, так і заказчыкаў кадраў.
— А яшчэ нас радуе колькасць навучэнцаў з педагагічных сем’яў. Летась да нас паступіла 15% такіх дзяцей. Мы разумеем, што бацькі-педагогі матывуюць сваіх сыноў і дачок на атрыманне такіх спецыяльнасцей. А значыць, да нас прыходзяць абітурыенты, якія зрабілі свядомы выбар, бо добра ведаюць сваю будучую работу, — дадала Людміла Анатольеўна.
Дарэчы, сама яна прысвяціла педагагічнай прафесіі ўсё жыццё. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 8 Рэчыцы паступіла ў Мазырскі педагагічны ўніверсітэт, а затым вярнулася ў родную школу. У ёй займала розныя пасады — ад настаўніцы да дырэктара. А ў 2011 годзе яе накіравалі ў педкаледж.
— У маёй працоўнай кніжцы толькі два запісы: школа і каледж. Я ні разу не пашкадавала, што выбрала гэтую прафесію. Мне заўсёды падабалася працаваць з дзецьмі. З імі не заўсёды проста, але заўсёды цікава. Спачатку мы іх вядзём за сабой, а пасля яны дапамагаюць нам заставацца маладымі, — лічыць дырэктар установы.
Новае пакаленне
Педагагічны калектыў каледжа праводзіць актыўную работу па павышэнні сваёй ролі ў развіцці адукацыі на рэгіянальным і рэспубліканскім узроўнях. Усяго ў каледжы працуюць 45 педработнікаў, два кандыдаты навук, адзін магістр педагагічных навук і два аспіранты. 84% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Асабліва ганарацца ў каледжы тым, што трэцяя частка педкалектыву (12 чалавек) — выпускнікі ўстановы. Гэта не толькі выкладчыкі, але і загадчыкі практык, аддзяленняў. Адна з іх — Вольга Семчанка, якая ў каледжы працуе ўжо 9 гадоў.
— У 2011 годзе мяне размеркавалі ў Лоеўскую раённую гімназію, — расказала яна. — Праз два гады вярнулася ў свой родны горад Рэчыцу. Працавала настаўніцай у сярэдняй школе № 4, а потым Людміла Анатольеўна запрасіла мяне ў каледж. Тут я пачынала выкладчыцай англійскай мовы, а праз некаторы час мне прапанавалі заняць пасаду кіраўніка практыкі. Па сваім вопыце ведаю, што наш каледж дае вельмі добрую адукацыйную базу. Пасля яго заканчэння я паступіла ў МДПУ імя І.П.Шамякіна. Вучыцца там было лёгка, бо я валодала неабходнымі ведамі па спецыяльнасці дзякуючы нашым вопытным выкладчыкам. Закладзенымі імі асновамі я карыстаюся да гэтага часу і перадаю іх сучасным навучэнцам.
Не магла не запытацца ў Вольгі Мікалаеўны, як і дзе праходзяць практыкі будучыя педагогі. Аказалася, што дзяўчаты, якія вучацца па спецыяльнасці “Навучанне замежнай мове”, першую практыку (псіхолага-педагагічную) праходзяць на 2 курсе. Яна заключаецца ў правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў і класных гадзін. Наступная практыка — “Пробныя вучэбныя заняткі”. Падчас яе навучэнкі ўпершыню пачынаюць праводзіць вучэбныя заняткі па замежнай мове. Пасля адбываецца комплексная педагагічная практыка. На пераддыпломную практыку навучэнцы накіроўваюцца ва ўстановы адукацыі, якія самі скончылі, або да заказчыкаў кадраў.

— У летні перыяд практыку ў прышкольных і дзіцячых аздараўленчых лагерах праходзяць навучэнцы 3 курса. Калі мы гаворым пра дашкольнікаў, то базамі іх практыкі з’яўляюцца дзіцячыя сады. У гэтым годзе заключаны 129 дагавораў з установамі адукацыі. Кожная практыка па-свойму цікавая. Аднак самая творчая, канечне ж, у ДАЛ, бо там няма рамак плана-канспекта ўрока. Забаўляльная работа з дзецьмі, накіраваная на іх згуртаванне, запамінаецца больш за ўсё, — дадала загадчыца практыкі.
Навучанне ў каледжы практыка-арыентаванае. 70% гадзін вучэбнага плана адведзена на практыку.
— Некалькі гадоў назад адбылася аптымізацыя тэрмінаў навучання па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. Педагагічны калектыў каледжа пры арганізацыі адукацыйнага працэсу імкнецца да максімальнай інтэграцыі агульнаадукацыйных і прафесійных прадметаў, стварэння ўмоў, блізкіх да прафесійнай дзейнасці. Каб працэс навучання стаў яшчэ больш практыка-арыентаваным, мы дабавілі факультатывы, накіраваныя на фарміраванне практычных навыкаў: гэта работа з дакументацыяй, узаемадзеянне з бацькамі, этыка дзелавых зносін, суправаджэнне дзяцей з АПФР, — паведаміла Людміла Ягорава.
Уклад у будучыню
На пытанне, як не дапусціць прафесійнага выгарання, В.М.Семчанка адказала, што трэба пастаянна самаўдасканальвацца:
— Не ленавацца і не спыняцца на дасягнутым, ніколі не забываць пра творчасць і сучасныя тэхналогіі, бо проста прыйсці і правесці ўрок будзе і самому нецікава. А вось калі ты дабаўляеш гульню, жарт, прыказку, мяняеш формы работы — тады і вучні, і педагог больш актыўна ўключаюцца ў працэс. Менавіта гэта і не дасць выгарэць. Дарэчы, на базе каледжа рэгулярна праводзяцца конкурсы прафмайстэрства: “Настаўнік, якога чакаюць”, у якім удзельнічаюць будучыя настаўнікі замежнай мовы, і “Мазаіка творчых ідэй” для выхавальнікаў. Конкурсы праходзяць на працягу тыдня, які ўсе мы імкнёмся зрабіць сапраўдным святам. Навучэнкі заўсёды чакаюць іх з нецярпеннем і рыхтуюцца вельмі старанна, бо такое спаборніцтва дазваляе адсачыць іх прафесійны рост. Гэтыя конкурсы аб’ядноўваюць навучэнцаў выпускных курсаў у адзіны калектыўны творчы праект.
Гэтыя словы пацвердзілі і самі ўдзельніцы конкурсаў, а заадно прадэманстравалі свае візітоўкі, падрыхтаваныя да такіх спаборніцтваў.
— У мяне сямейная дынастыя выхавальнікаў, бабуля і мама таксама педагогі дашкольнай адукацыі. У час практыкі ў дзіцячым садзе адчуваю сябе самым шчаслівым чалавекам, бо мае мары становяцца рэальнасцю. Мне вельмі падабаецца глядзець на зацікаўленыя твары дзяцей, калі я з імі праводжу заняткі, на іх усмешкі, калі мы гуляем. А яшчэ я пераканана, што работа з дзецьмі — уклад у будучыню нашай краіны. І далей планую ўдзельнічаць у распрацоўцы і рэалізацыі педагагічных праектаў, у творчых конкурсах і семінарах, а таксама атрымаць вышэйшую педадукацыю, — расказала Аліна Самсон.
Будучая настаўніца англійскай мовы Валерыя Чыкунова прызналася, што яе на выбар прафесіі натхнілі школьныя педагогі:
— Настаўнік — гэта чалавек, які бачыць у кожным дзіцяці ўнікальную асобу і верыць у яго магчымасці. Часам на практыцы ў цішыні калідораў я задавалася пытаннем: “А ці змагу я? Ці выстаю перад усімі цяжкасцямі?”. Але радасць вучня пасля напісання кантрольнай, яго вясёлае “Ага!”, калі ён нешта зразумеў, запальвае ўва мне іскру надзеі, што ўсё атрымаецца. Наш каледж дае выдатную магчымасць для рэалізацыі сваіх мар. Мне хочацца хутчэй пачаць працаваць у школе і ў далейшым развівацца ў гэтай сферы.
Навучэнка 4 курса спецыяльнасці “Навучанне замежнай мове (англійскай)” Алена Хомчанка лічыць, што настаўнік — гэта не проста прафесія, а прызванне:
— У жыцці кожнага чалавека настаўнік займае важнае месца. Пры выбары прафесіі ў мяне не было сумненняў, бо, дзякуючы маім настаўнікам, я зразумела, што ў школе цябе заўсёды чакаюць і падтрымаюць. Мне таксама хочацца стаць апорай для сваіх вучняў, знайсці індывідуальны падыход да кожнага і выхаваць іх гуманнымі, добрымі, сумленнымі і моцнымі людзьмі. Вучыць трэба так, каб кожны захацеў вучыцца, выкарыстоўваючы прынцыпы выхавання пры фарміраванні рознабакова развітой, маральна сталай і творчай асобы кожнага вучня.

Яшчэ адна сёлетняя выпускніца каледжа — Дар’я Махіня — таксама будзе выкладаць у школе англійскую мову. З дзяцінства яна вырашыла стаць чалавекам, адказным за выхаванне маладога пакалення:
— Кожны вучань мае патэнцыял, які трэба раскрыць, бо толькі тады ён зможа ўнесці свой уклад у развіццё нашай краіны. Каледж дапамог мне раскрыць свой патэнцыял і рэалізавацца як на прафесійным, так і творчым узроўні. Сёння я з’яўляюся членам маладзёжнага савета пры Рэчыцкім раённым Савеце дэпутатаў. Вельмі ганаруся тым, што магу ўплываць на будучыню нашай Беларусі.
Пытаюся, ці гатовы маладыя педагогі да цяжкасцей, якія могуць узнікнуць у час работы ў інтэграваных класах. І, безумоўна, чую “Так!”, бо яны атрымалі добрую практычную падрыхтоўку пры вывучэнні прадмета “Асновы спецыяльнай псіхалогіі, карэкцыйнай педагогікі і інклюзіўнай адукацыі”.
Развіць патэнцыял
Рэчыцкі педагагічны каледж — цэнтр развіцця творчага патэнцыялу навучэнцаў. Сумесная работа выкладчыкаў і будучых педагогаў адзначана граматамі і дыпломамі рознага ўзроўню.
Сёння ва ўстанове рэалізуюцца маладзёжны, навуковы, сацыяльны, творчы, патрыятычны, здароўезберагальны і прафарыентацыйны праекты.
— Наш каледж — гэта тэрыторыя адзінства і поспеху, дзе для кожнага навучэнца гатовы стварыць умовы, каб ён стаў паспяховым. Для гэтага мы і рэалізуем розныя праекты і даём магчымасць не толькі вучыцца, але і развівацца. Напрыклад, у садружнасць актыўнай моладзі “Мы маладыя” ўваходзяць нашы лідары органаў вучнёўскага самакіравання, атрада правапарадку, лідары маладзёжных грамадскіх арганізацый. У 2024 годзе старшыня садружнасці прыняла ўдзел у Сусветным фестывалі моладзі ў Сочы. Маладыя людзі выступаюць ініцыятарамі дабрачынных акцый, пасадкі лесу, прыбірання тэрыторыі і добраўпарадкавання помнікаў, дапамогі ветэранам, — праінфармавала дырэктар каледжа.
Па яе словах, рэалізуецца ў каледжы і творчы праект “Эпоха таленавітых — дыялог часу, культур і творчасці”, у якім прадстаўлены ўсе напрамкі маладзёжнай культуры. За навуку адказвае навуковае таварыства навучэнцаў “Логас”, а валанцёрствам займаецца атрад “Ювента”. Вельмі важнае значэнне мае прафарыентацыйны праект “Педагог — прафесія па-за часам”. Яго ўдзельнікі рэгулярна наведваюць установы агульнай сярэдняй адукацыі, прэзентуюць каледж, станоўчы імідж педагагічнай прафесіі ў рамках шостага школьнага дня. Актыўна ўдзельнічаюць у прафарыентацыйнай рабоце і выпускнікі — маладыя спецыялісты.
— Мы стараемся прыцягнуць матываваных навучэнцаў, бо разумеем, што якасць выпуску залежыць ад якасці набору. Мы хацелі б, каб гэты паказчык з кожным годам паляпшаўся. Хоць у нас і зараз дастаткова добры прахадны бал, які выступае нядрэннай базай для паспяховага старту ў каледжы. Аднак, вядома, мы хацелі б, каб гэты бал з кожным годам рос, — дадала Л.А.Ягорава.
Спартыўныя традыцыі
“Каледж — тэрыторыя здароўя” — пад такой назвай рэалізуецца ў Рэчыцкім педкаледжы здароўезберагальны праект. Развіццё масавага спорту, правядзенне сумесных спартыўных мерапрыемстваў, спартыўныя дасягненні — традыцыя, якую паспяхова развіваюць у каледжы.
— Наша асаблівая гордасць — секцыя па мнагаборстве на чале з актыўным, ініцыятыўным і неабыякавым выкладчыкам фізічнай культуры і здароўя Алегам Уладзіслававічам Паповым. Яго спартыўная каманда штогод перамагае на гарадскіх і рэспубліканскіх спаборніцтвах па мнагаборстве “Здароўе” фізкультурна-аздараўленчага комплексу Беларусі “Гатовы да працы і абароны”, — пераканана Людміла Анатольеўна.
У сваю чаргу трэнер з гордасцю паведаміў, што з 2018 па 2025 год 18 дзяўчынак сталі чэмпіёнкамі рэспублікі, 6 з іх — чэмпіёнкамі ў асабістым заліку:
— За гэты час мы сем разоў станавіліся першымі ў чэмпіянаце краіны ў складзе зборнай вобласці, пяць разоў — другімі і адзін раз — трэцімі. У мінулым годзе мы выйгралі абласныя спаборніцтвы па зімовым і летнім мнагаборстве, нашы дзяўчаты і на рэспубліканскіх спаборніцтвах таксама сталі чэмпіёнкамі.
Мнагаборства складаецца з некалькіх дысцыплін: плавання, стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі, кросавага бегу. Займаюцца ў такой секцыі 15 дзяўчынак, палова з іх нацэлены на дасягненне максімальнага выніку.

— Каб мае спартсменкі маглі выконваць рэкордную колькасць адцісканняў, я зрабіў своеасаблівыя трэнажоры па лякалах платформ для паліятлона. Яны дазваляюць дакладна фіксаваць адцісканні па правілах. У Гомельскай вобласці я адзін з першых пачаў выкарыстоўваць гэтую платформу. Мы звычайна выступаем вельмі добра, ёсць у нас і свае рэкорды — 60—70 разоў за 3 мінуты, — пахваліўся А.У.Папоў.
За два дзесяцігоддзі некаторыя з яго выхаванак змянілі напрамак педагагічнай дзейнасці на спартыўны, атрымаўшы вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях фізічнай культуры. Вось і Мар’яна Саламыкіна, навучэнка 3 курса спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, плануе ў хуткім часе паступіць у МДПУ імя І.П.Шамякіна на трэнерскую спецыяльнасць:
— Я люблю спорт з дзяцінства, і, калі пачула пра мнагаборства, мне стала цікава, што гэта за від такі. Ужо на другой трэніроўцы зразумела: гэта маё. Мне хочацца дабівацца высокіх вынікаў у гэтым спорце. Ужо зараз я ўладальніца трох залатых медалёў як у камандным, так і ў асабістым заліку.
А Марыя Масінкевіч — будучая настаўніца англійскай мовы — марыць стаць трэнерам па ёзе, праўда, скончыўшы ГДУ імя Ф.Скарыны.
— Мнагаборства не толькі робіць нас прыгожымі, стройнымі, падцягнутымі, але яшчэ і дапаможа нам у будучай рабоце педагога. У час трэніровак у нас выпрацоўваецца стальное цярпенне, бо ў спорце важна даціскаць да канца, нават калі табе балюча і страшна, трэба трываць і не здавацца да апошняга. Менавіта гэта дапамагае мне быць чэмпіёнкай па адцісканнях, — прызналася Марыя, капітан каманды і ўладальніца двух залатых і двух бронзавых медалёў у камандным заліку.
Выпускнікі А.У.Папова часта прыязджаюць і хваляцца сваімі спартыўнымі поспехамі, заўсёды адзначаючы, што мнагаборства прывіла ім працавітасць і настойлівасць.

— А яшчэ мае вучні сталі больш упэўненымі ў сабе. Ім усё па сілах, і з любымі жыццёвымі цяжкасцямі яны лёгка спраўляюцца, — дадаў Алег Уладзіслававіч. — Дэвіз маіх выхаванак — “Заўсёды будзь гатовы!”. Наша мэта — перамога. Прычым першапачаткова ставім высокую планку — выключна 1-е месца. Мы нацэлены толькі на максімальны вынік!
Кожны месяц у каледжы праводзяцца розныя спартыўныя мерапрыемствы: турніры, таварыскія матчы, спартакіяды, алімпійскія віктарыны з пытаннямі на спартыўную тэматыку, “Дзень рэкордаў”, калі навучэнкі дэманструюць не толькі спартыўныя дасягненні, але і лепшыя прафесійныя якасці і веды. Такія нестандартныя формы таксама стымулююць да заняткаў спортам.
Сапраўднай падзеяй у жыцці ўстановы з’яўляецца штогадовае свята спартыўнага танца “Вясна і аэробіка”. На ім падводзяцца вынікі спартыўнага года і ўзнагароджваюцца мацнейшыя. А яшчэ кожны чэрвень праводзіцца турзлёт “Партызанскімі сцежкамі” з наведваннем месцаў пахавання партызан.
— Наш каледж дае магчымасць кожнаму стаць паспяховым. Упэўнена, калі нашы навучэнцы будуць імкнуцца да дасягнення найлепшага выніку, развіваючы свой талент, творчыя здольнасці і разумеючы, што ўсё ў жыцці залежыць толькі ад іх саміх, іх мэтанакіраванасці і паслядоўнасці, то яны стануць выдатнымі прафесіяналамі і рэалізуюцца ў жыцці, — рэзюмавала Людміла Ягорава.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара





