У Гомельскім раёне з’явілася прастора, дзе педагогі, якія выкладаюць факультатыўныя курсы “Асновы праваслаўнай культуры” і “Асновы духоўнай маральнасці і патрыятызму”, змогуць абмяняцца вопытам і неабходнай літаратурай. На базе Урыцкай сярэдняй школы адкрыўся цэнтр духоўна-маральнай культуры.

У вучэбным класе ёсць усё для плённай работы: прыгожае афармленне, праектар, метадычная літаратура… Дырэктар школы Марына Бялько гаворыць, што адкрыццё цэнтра стала вынікам сумеснага шматгадовага супрацоўніцтва прыхода храма Раства Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Урыцкае і ўстановы адукацыі:
— Гэта месца, дзе дзеці і настаўнікі будуць расці духоўна і маральна, таму экспазіцыі, напаўненне кабінета — усё накіравана на фарміраванне культурнага асяроддзя, выхаванне далікатнага стаўлення да гісторыі роднага краю, сваіх традыцый і народа.
— Для школы цэнтр павінен стаць месцам асаблівага клопату, — адзначае старшыня аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гомельскай епархіі протаіерэй Арцемій Крывіцкі, — дзе дзеці будуць вучыцца такім якасцям, як дабрыня, спагадлівасць і міласэрнасць. І не проста вучыцца, а дэманстраваць гэтыя якасці ў штодзённым жыцці.
Іна Масцяпанава, кіраўнік цэнтра духоўна-маральнай культуры, сама нядаўна скончыла катэхізатарскія курсы пры Гомельскай епархіі. Цяпер яна ў якасці выкладчыка правяла адкрыты ўрок для навучэнцаў 5 класа. Дзеці пазнаёміліся з абразамі Божай Маці і гербамі беларускіх гарадоў, на якіх ёсць яе выявы, адказалі на пытанні віктарыны.
Педагогі, якія працуюць з праваслаўнымі факультатывамі, прынялі ўдзел у круглым стале, падчас якога абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва Гомельскай епархіі з установамі адукацыі Гомельскага раёна.
У планах стварыць тут асобную музейную экспазіцыю, дзе будзе куток, прысвечаны гісторыі царквы ў аграгарадку Урыцкае. Таксама плануецца стварыць выставу рэдкай царкоўнай кнігі.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.










