Тры новыя спецыяльнасці ў БРУ: расказваем падрабязнасці

- 12:56Абитуриент, Образование

Дзе вучаць на спецыяліста па нерухомасці і з чаго пачаць кар’еру нафтавіка? Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказалі ў БРУ.

Выбіраючы прафесію, кожны абіту­рыент думае пра яе перспектывы і актуальнасць. Своечасова зада­дзеныя пытанні: “Што гэта за спецыяльнасць?”, “Чаму на ёй вучаць?”, “Кім буду працаваць?” — часта становяцца лёса­вызначальнымі.

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт — між­дзяржаўная адукацыйная ўстанова вышэйшай адукацыі. Сёння БРУ — гэта найбуйнейшы рэгіянальны навукова-адукацыйны цэнтр, які рыхтуе інжынераў, будаўнікоў, эканамістаў, лагістаў, ІТ-спецыялістаў і рэгіёназнаўцаў па адукацыйных праграмах Беларусі і Расіі. Арыентуючыся на патрэбы абітурыентаў, за апошнія тры гады ў БРУ адкрыліся 10 новых спецыяльнасцей і напрамкаў падрыхтоўкi. Сёлета пачнецца набор па трох новых спецыяльнасцях: “Нафтагазавая справа”, “Экспертыза і кіраванне нерухомасцю”, “Бізнес-інфарматыка”.

“Узнікненне кожнай новай спецыяльнасці абумоўлена яе запатрабаванасцю як у заказчыкаў кадраў, так і ў абітурыентаў. Напрыклад, адным з ініцыятараў адкрыцця спецыяльнасці “Нафтагазавая справа” выступіў “Магілёўаблгаз”. Там вельмі зацікавіліся гэтай спецыяльнасцю, нават хацелі мэтавыя месцы выдзеліць. Аднак гэтая спецыяльнасць адносіцца да расійскіх адукацыйных праграм, а там набор мэтавікаў адбываецца па-іншаму. Зараз заключаецца дагавор, па якім “Магілёўаблгаз” стане базавай арганізацыяй і выпускнікі бу­дуць мець права першачарговага размеркавання на гэтае прадпрыемства”, — патлумачыў адказны сакратар прыёмнай камісіі БРУ Аляксандр Кашпар.

Экспертыза і кіраванне нерухомасцю 

Гэтая спецыяльнасць адкрываецца на будаўнічым факультэце. Яе выпускнікі будуць валодаць шырокім спектрам ведаў у тэхнічнай галіне будаўніцтва, эканамічнай, ацэначнай і сферы кіравання нерухомасцю. Такі спецыяліст дапаможа з пошукам, продажам, ацэнкай нерухомасці, вызна­чыць стан будаўнічых канструкцый і ўсяго будынка, зможа кіраваць рамонтна-будаўнічымі работамі.

Уступныя іспыты: ЦЭ/ЦТ/АДЭ па рускай/беларускай мове, матэматыцы, фізіцы.

Кваліфікацыя: “інжынер — спецыяліст па нерухомасці“.

“Перад будучымі спецыялістамі па нерухомасці адкрыецца мноства магчымасцей для самарэалізацыі і работы “па душы”. Рэалізаваць сябе яны змогуць як у праектных інстытутах, будаўнічых арганізацыях, упраўленнях капітальнага будаўніцтва, так і ў малым бізнесе ў сферы ацэнкі нерухомасці, рыэлтарстве, менеджменце. Рынак нерухомасці пастаянна развіваецца, узнікаюць новыя тэхналогіі і праграмныя прадукты, якія дазваляюць удасканальваць будынкі, ствараюцца разумныя дамы і гарады. Усё гэта павышае патрэбу ў спецыялістах, якія валодаюць ведамі і навыкамі экспертызы і кіравання нерухомасцю ў будучыні”, — перакананы Аляксандр Іванавіч.

Нафтагазавая справа

Усім вядома, што ў нафтагазавай прамысловасці адны з самых высокіх заробкаў. Праўда, працаваць у такім спецыфічным асяроддзі змогуць толькі кваліфікаваныя спецыялісты — “нафтавікі”, якія маюць за плячыма профільную адукацыю. Спецыяльнасць “Нафтагазавая справа”, што “прапісана” на інжынерна-эканамічным факультэце, — універсальны напрамак падрыхтоўкі спецыялістаў нафтахімічнай галіны, дзе асвойваюцца тэарэтычныя аспекты і рэальныя працоўныя навыкі ад майстра ўчастка, інжынера і да кіраўніка прадпрыемства.

Уступныя іспыты: ЦЭ/ЦТ/АДЭ па рускай/беларускай мове і матэматыцы, а таксама экзамен на выбар абітурыента па фізіцы/хіміі/інфарматыцы i ІКТ/геаграфіі.

Кваліфікацыя: “бакалаўр“.

Прафесійная дзейнасць навучэнцаў “Нафтагазавай справы” будзе звязана з навукова-даследчымі, праектна-канструктарскімі, вытворча-тэхналагічнымі, арганізацыйна-кіраўнічымі работамі. Выпускнікі змогуць працаваць кіраўнікамі спецыялізаваных (вытворча-эксплуатацыйных) пад­раздзяленняў і службаў, спецыялістамі па эксплуатацыі кампрэсарных станцый і станцый ахалоджвання газу, па прыёме, захоўванні і адгрузцы нафты і нафтапрадуктаў і інш. Пасля завяршэння навучання выпускнікі атрымаюць дыпломы бакалаўра аб вышэйшай адукацыі дзяржаўнага ўзору Расійскай Федэрацыі.

“Дарэчы, расці і развівацца ў такой перспектыўнай нафтагазавай галіне даволі цікава. Бо ў ёй пастаянна ўкараняюцца найноўшыя распрацоўкі вучоных, а зна­чыць, заўсёды ёсць шанс праявіць сябе і свае здольнасці”, — лічыць адказны сакратар прыёмнай камісіі БРУ.

Бізнес-інфарматыка

“Гэты напрамак арыентаваны на ажыццяўленне фінансава-эканамічнай, кіраўнічай і знешнеэканамічнай дзейнасці на прадпрыемствах і ў арганізацыях прамысловасці з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій. Гэтая спецыяльнасць ахоплівае фундаментальныя і прыкладныя веды ў галіне матэматыкі, эканомікі, менеджменту, інфармацыйных і лічбавых тэхналогій”, — паведаміў А.І.Кашпар.

Спецыялісты, якія прайшлі падрыхтоўку па гэтым напрамку, набываюць комплексныя інтэграваныя веды і навыкі і здольны распрацоўваць і ўкараняць інфармацыйныя сістэмы ў бізнес-арганізацыях, а таксама прымаць кіраўнічыя рашэнні з выкарыстаннем разнастайных прыкладных інфармацыйных сістэм.

Уступныя іспыты: ЦЭ/ЦТ/АДЭ па рускай/беларускай мове і матэматыцы, а трэці экзамен на выбар па грамадазнаўстве/замежнай мове/гісторыі Беларусі альбо сусветнай гісторыі/інфарматыцы і ІКТ/геаграфіі.

Кваліфікацыя: “бакалаўр“.

Выпускнікі спецыяльнасці “Бізнес-інфарматыка” змогуць працаваць кіраўнікамі рэкламна-інфармацыйных падраздзяленняў, кантэнт-менеджарамі, менеджарамі інфармацыйных рэсурсаў, кіраўнікамі аддзелаў праграмнага забеспячэння, спецыялістамі па рэгламентацыі бізнес-працэсаў, працэснымі аналітыкамі, вядучымі бізнес-аналітыкамі, эканамістамі і г.д.

Усяго на першай ступені вышэйшай адукацыі ў БРУ па адукацыйных праграмах Беларусі вядзецца падрыхтоўка па 21 спецыяльнасці, а па расійскіх — па 11 напрамках бакалаўрыята. На другой ступені вышэйшай адукацыі (магістратура) па адукацыйных праграмах Беларусі — 7 спецыяльнасцей і па праграмах Расіі — 4 напрамкі падрыхтоўкі.

“Адна з асаблівасцей прафарыентацыйнай работы нашага ўніверсітэта — работа з прыгранічнымі рэгіёнамі Расіі. Штогод супрацоўнікі нашага ўніверсітэта адпраўляюцца ў тыднёвыя камандзіроўкі і наведваюць больш за 50 школ Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцей. Па магчымасці ствараюцца базы выпускнікоў і затым з імі падтрымліваецца сувязь”, — праінфармаваў рэктар БРУ Міхаіл Лусцянкоў.

Ён перакананы, што пераважная большасць расійскіх абітурыентаў атрымлівае інфармацыю пра беларускія УВА з інтэрнэту: “Мы хочам стварыць для расіян партал “Паступай у Беларусь”, каб як мага больш старшакласнікаў даведалася пра наш універсітэт і магчымасць стаць запатрабаваным спецыялістам адразу ў дзвюх краінах”.

Вольга АНТОНЕНКАВА

 

P.S. Чытайце матэрыялы дадатку “Настаўніцкай газеты” “Абітурыент” у нумары ад 24 лютага 2023 года.