Тры педагогі Гомельшчыны сталі пераможцамі рэгіянальнага конкурсу «Педагагічны алімп — 2023»

- 9:00Главная, Образование

Тры педагогі Гомельшчыны сталі пераможцамі рэгіянальнага конкурсу “Педагагічны алімп — 2023”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Лепшай у намінацыі “Жыву ў сваіх вучнях” стала дырэктар Клімаўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна Вера Флярко. У прафесіі яна больш за 30 гадоў. З 2010 года ўзначальвае калектыў Клімаўскай школы:

— Штогод нашы выпускнікі выбіраюць педагогіку. Сёлета двое дзяцей ужо вучацца ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны.

Чатыры гады назад выпускнікі профільнай педагагічнай групы Клімаўскай школы практычна поўным складам выбралі прафесію настаўніка, а цяпер вярнуліся ў родныя сцены.

— Вялікае шчасце — зноў прыйсці ў родную школу, — сцвярджаюць выпускніцы Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Ксенія Ражко і Яніна Івасюк. — Не трэба марнаваць час на адаптацыю. Нас вельмі натхніла наша дырэктар Вера Леанідаўна Флярко. Будзем імкнуцца яе не пад­весці.

У намінацыі “З творчасцю па жыцці” дыплом уручылі кіраўніку ўзорнага ансамбля эстраднага танца “Чароўны свет” Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Людміле Шэбашавай. У 1991 годзе яна стварыла калектыў, а сёння майс­тэрствам яго танцораў захапляюцца не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Танцы “Чароўнага свету” асаблівыя, заўсёды напоўнены сэнсам, арыгінальнымі ідэямі — ад лірычных і далікатных да дынамічных і вясёлых. Выхаваўшы не адно пакаленне таленавітых дзяцей, педагог прывіла ім разуменне прыгажосці і духоўнасці. Некаторыя з выхаванцаў звязалі сваё прафесійнае жыццё з харэаграфіяй і цяпер выступаюць у танцавальных калектывах краіны.

Лепшым у намінацыі “На ўсе 100!” прызнаны кіраўнік рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі мола­дзі Уладзімір Глазуноў. Ён каардынуе арганізацыю адказных выпрабаванняў для выпускнікоў. Уладзімір Іванавіч — вельмі ініцыятыўны чалавек. Дзякуючы яму, у 2009 годзе быў створаны міжведамасны каардынацыйны савет па праф­арыентацыйным самавызначэнні і тэсціраванні навучэнцаў. Уладзімір Глазуноў — адзін з арганізатараў абласных прафарыентацыйных праектаў для навучэнцаў: “Універсітэцкія суботы”, “Прафесійныя суботы”, “Прафесійныя канікулы”.

Словы віншаванняў усім намінантам адрасавалі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў і кіраўнік абласнога галіновага прафсаюза Жанна Ждановіч.

— Настаўнік ганарыцца пос­пехамі сваіх вучняў. Няхай абавязкова ў кожным настаўніцкім сэрцы жыве любоў, сілы і здароўе не падводзяць, а імкненне да творчасці не памірае ніколі, — падкрэ­сліла Жанна Ждановіч.

За шматгадовую працу, асабіс­ты ўклад у развіццё галіны шасці педагогам уручаны нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі”. Ганаровую ўзнагароду атрымалі намеснік дырэктара Гомельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Святлана Мароз, настаўнік гомельскай гімназіі № 46 Уладзімір Савянкоў, намеснік дырэктара гомельскай гімназіі № 14 Наталля Дзянісенка, дырэктар Акцябрскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Фясько, намеснік загадчыка дзіцячага сада № 21 Жлобіна Святлана Лебедзева і дырэктар Камарынскага фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і мола­дзі Брагінскага раёна Мікалай Шу­бянок.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара