Трымаюць планку

- 20:31Выхаванне, Спартыўныя падзеі

Уладальнікамі бронзавых узнагарод сталі прадстаўнікі каманды Магілёўскай вобласці па выніках рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. 

Значна, што юныя спартсмены рэгіёна не ўпершыню аказаліся ў ліку прызёраў гэтых папулярных стартаў.

— У тройку пераможцаў каманда вобласці ўваходзіла ўжо 10 разоў. Стабільна высокія вынікі прыносіць карпатлівая, сістэмная праца, накіраваная на ўсебаковую падрыхтоўку пачынаючых спартсменаў, — расказала намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Святлана Карчэўская.

Паводле яе слоў, далучэнне падрастаючага пакалення да заняткаў фізкультурай і спортам у прыярытэце дзейнасці кожнай навучальнай установы. Каб навучэнцы маглі паказаць свае здольнасці, для іх рэгулярна арганізоўваюцца спаборніцтвы раённага і абласнога ўзроўню. Спартыўныя турніры праводзяцца па ўсіх відах, заяўленых у рэспубліканскай спартакіядзе, для вучняў устаноў адукацыі розных профіляў. 

— Такі падыход дазваляе выявіць сапраўды таленавітых дзяцей, якіх потым мы рыхтуем да выступленняў на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Па ўсіх відах спорту праводзяцца вучэбна-трэніровачныя зборы. Акрамя таго, для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ўваходзяць у склад зборнай, прадугле­джаны ўдзел у турнірах і першынствах. Гэты своеасаблівы шанс — загадзя праверыць свае сілы і магчымасці — таксама ўплывае на іх далейшы поспех, — паведаміла Святлана Іванаўна.

Але, вядома, найбольш важкі ўклад у агульную перамогу ўносяць трэнеры каманд. Выдатную працу на мінулай спартакіядзе прадэманстравалі Святлана Шышко, Аляксандр Сталяроў, Юрый Варламаў, Наталля Рыбалка, Яўген Ахрэмчык, Жанна Купцова, Сяргей Барэй, Таццяна Далганосава, Віктар Мураўскі, Сяргей Чугаеў, Пётр Табуноў, Мікалай Дзегцяроў, Яўген Кусянкоў, Ірына Ясонава, Інеса Нікалаенка. Дружыны пад іх кіраўніцтвам здолелі атрымаць прызавыя месцы. 

Сярод навучэнцаў асабліва вызначыліся Уладзіслава Гарошкіна, Ксенія Палуніна, Максім Кавалькоў, Віялета Бардзілоўская, Арцём Лухтанаў, Аляксандр Абадкоў, Ягор Батвянкоў, Варвара Белачуб, Дар’я Мітрафанава, Ангеліна Шынкарова і Максім Строкун. Усе яны былі адзначаны як лепшыя спарт­смены ў сваіх відах спорту.

— Вынік, дасягнуты намі сёлета, добры. У будучыні плануем трымаць дасягнутую пераможную планку і пакараць новыя спартыўныя вяршыні, — запэўніла Святлана Карчэўская. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім абласным цэнтрам фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.