Творчая сям’я 

- 15:21Выхаванне, Выхаваўчая работа

Кожнае дзіця таленавітае. Дарослым трэба толькі заўважыць іскрынку творчасці і дапамагчы яе развіць.

У гэтым упэўнена педагог дадатковай адукацыі, шчаслівая мама чацвярых дзяцей і вельмі творчы чалавек Наталля Аляксандраўна Буркун. Яна харэограф і займаецца з дзецьмі ў аб’яднанні па інтарэсах “Танцы Мікс” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна, а таксама ў цэнтры дашкольнага развіцця “Мазаіка”.

На заняткі ў “Танцы Мікс”, якія праходзяць у падлеткавым клубе па месцы жыхарства “Фламінга”, дзеці прыхо­дзяць нават летам. Увогуле ж тут займаюцца школьнікі 1—11 класаў.

— У кожнага дзіцяці ёсць талент, і мы, педагогі, разам з бацькамі павінны заўважыць, да чаго імкнецца дзіця (да спорту, творчасці ці інтэлектуальных гульняў), дапамагчы раскрыць гэты талент. Любыя дадатковыя заняткі станоўча ўплываюць на вучобу, дапамагаюць разняволіцца ў калектыве. Захапленне можа стаць у будучыні прафесіяй.

У педагога тры групы, у кожнай з якіх займаецца па 15 дзяцей. Усе яны ўжо сталі вялікай танцавальнай сям’ёй. У рэпертуары розныя напрамкі сучаснага танца. За апошія два гады “Танцы Мікс” прымалі
ўдзел у двух рэспубліканскіх фестывалях. На фестывалі “ДэнсСтар” занялі 1-е месца, “Танцавальная планета” — 2-е.

У Наталлі Аляксандраўны ў сям’і добры прыклад — яе бацька быў удзельнікам народнага ансамбля танца “Праліца”. Ужо ў 6 гадоў дзяўчынка стала займацца харэаграфіяй. Сёння яна ўдзячна баць­кам, якія ўбачылі іскрынку захаплення танцамі і зрабілі ўсё для таго, каб дачка развівалася ў гэтым кірунку. Потым была вучоба ў Гродзенскім вучылішчы мастацтваў на аддзяленні харэаграфіі і работа ў аграгарадку Гожа Гродзенскага раёна, дзе харэограф з задавальненнем займалася любімай справай. Потым маладая мнага­дзетная сям’я атрымала кватэру ў Гродне, і Наталля Буркун стала працаваць у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Спектр”. Як прызналася, з дзяцінства марыла танцаваць, і гэта перарасло ў прафесію.

Таксама яна займаецца харэаграфіяй з маленькімі выхаванцамі ад 2 да 5 гадоў у цэнтры дашкольнага развіцця “Мазаіка”. І ёй як педагогу вельмі цікава даносіць дзеткам танец праз гульню.

Як кажуць, творчы чалавек — творчы ва ўсім. Вельмі трапна гэты выраз адлюстроўвае дзейнасць Наталлі Аляксандраўны. Падчас дэкрэтнага водпуску яна стала вязаць кручком для сваіх дзяцей. Потым занялася дэкупажам, затым скрапбукінгам, у інтэр’еры з’явіліся тапіарыі — дэкаратыўныя дрэўцы з разнастайных матэрыялаў. Такія падарункі прыйшліся даспадобы родным і сябрам. А калі ўся кватэра была застаўлена прыгожымі рэчамі, з’явілася жаданне стаць рамеснікам і займацца любімым рукадзеллем з карысцю для сябе. У якасці майстра аматарскага аб’яднання “Гарадзенскі каларыт” Н.А.Буркун прымае ўдзел у выставах, прадстаўляючы работы ў самых розных напрамках.

Педагог у душы, Наталля Аляксандраўна знайшла магчымасць і тут перадаваць свае творчыя веды дзецям. У цэнтры да­школьнага развіцця “Мазаіка” яна штоты­дзень вядзе майстар-класы для маленькіх творцаў. Дзеці з задавальненнем робяць вырабы з паперы, абярэгі, магніты, лялькі-мотанкі, радуючы такімі падарункамі сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў.

Наталля Аляксандраўна вельмі ганарыцца сваімі творчымі дзецьмі, якія імкнуцца рэалізаваць сябе ў музыцы, жывапісе, выяўленчым мастацтве і спорце. Старэйшая дачка Кацярына вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў на аддзяленні дызайну. Рыгору 11 гадоў, ён рознабаковая асоба, 5 гадоў іграе на баяне ў музычнай школе і асвойвае гітару ў “Спектры”, а таксама займаецца лёгкай атлетыкай у спартыўнай школе. Фёдару 9 гадоў, ён таксама захапляецца спортам, 5 гадоў займаецца тэквандо і ўжо мае шмат медалёў за перамогі на спаборніцтвах. Наведвае ён і гурток танцаў, які вядзе мама. Пяцігадовая Еўдакія пакуль ходзіць у дзіцячы сад, але таксама не адстае ад старэйшых, нядаўна яе прынялі ў СДЮШАР № 3 на спартыўную гімнастыку.

Творчая сям’я прымала ўдзел у раённым конкурсе “Сям’я года”. А свае вырабы нават дэманстравала на персанальнай выставе сям’і. Сярод любімых захапленняў — фатаграфія. Яны любяць арганізоўваць сямейныя фотасесіі, ствараюць прыгожы фотаархіў.

Выдатна, калі дзіця адразу трапіць у “свой” гурток, прыкіпіць да яго душой. Але так адбываецца не заўсёды. Каштоўнасць сеткі дадатковай адукацыі ў тым, што тут прапаноўваюць дзецям розныя віды дзейнасці: не спадабалася альбо не атрымліваецца танцаваць, можна паспрабаваць сябе ў выяўленчым мастацтве ці спорце. Увогуле, падчас сёлетніх летніх канікул у арганізаваных ЦТДіМ “Спектр” аб’яднаннях задзейнічаны больш за 3 тысячы дзяцей.

Ірын АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.