Чвэрць стагоддзя ў Талачынскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі працуе аб’яднанне па інтарэсах “Чароўная гліна”, якое вядзе Рыгор Францавіч Станкевіч, настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 1 Талачына імя Ф.Я.Макавецкага, член народнай студыі майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў “Талака” пры раённым Доме рамёстваў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Нарадзіўся я ў вёсцы Малая Беліца Сенненскага раёна. Гліну ў дзяцінстве знаходзіў літаральна пад нагамі. Ляпіў цацкі так, як фантазія падкажа, нават спрабаваў абпальваць на газавай пліце, — успамінае педагог. — Цяга да творчасці з часам перайшла ў імкненне вучыцца. Пайшоў у Магілёўскае вучылішча культуры, дзе асвойваў прафесію мастака-майстра і выкладчыка. Тады больш займаўся разьбой па дрэве і чаканкай.
У вучылішчы сустрэў будучую жонку. У 1998 годзе па размеркаванні маладая сям’я пераехала ў Талачын. Ключавую ролю ў гэтым адыграў вядомы скульптар — ураджэнец Талачына Юрый Палякоў. Па яго запыце маладога спецыяліста запрасілі ўзначаліць мясцовы Дом рамёстваў. З часам Рыгор Францавіч перайшоў у сельскую школу, дзе на працягу 16 гадоў выкладаў маляванне. Паралельна вёў некалькі аб’яднанняў па інтарэсах у цэнтры дзяцей і моладзі, у тым ліку “Чароўная гліна”. У 1-ю школу Талачына педагог прыйшоў пасля закрыцця школы ў вёсцы. Атрымаў кваліфікацыю настаўніка інфарматыкі і сёння, акрамя асноўных урокаў, вядзе факультатывы ў 4, 5 і 7 класах па рабоце ў асяроддзі праграмавання Scratch.
Жонка Рыгора Францавіча — Ларыса Віктараўна — працуе загадчыкам Дома рамёстваў, займаецца саломапляценнем. Вучыць гэтаму мастацтву ў рамках народнай студыі майстроў, а таксама вядзе гурток “Скарбонка” для людзей пажылога ўзросту.
— Сур’ёзныя крокі ў кераміцы я зрабіў у студэнцтве, калі вучыўся на факультэце народнай творчасці БДПУ, — адзначае Рыгор Францавіч. — Многае запазычыў з кнігі Міхася Ржавуцкага “Беларуская гліняная цацка”. Узяў за аснову парады аўтара і дабавіў да іх уласныя знаходкі. Натхняўся работамі майстроў, пераймаў ў іх сакрэты асабіста.

У дамашняй калекцыі майстра тысячы вырабаў — ад невялікіх сувеніраў і ўпрыгажэнняў да буйных выставачных работ, сярод якіх гліняныя акарыны, птушкі і розныя звяркі: конікі, коцікі, львы, зубры, міфічныя істоты. Цудоўным чынам яны ажываюць у руках Рыгора Станкевіча. Кожная свістулька спявае па-свойму. Чым яна большая, тым гук больш глухі, чым меншая — тым больш звонкі.
Гліна — цяжкі матэрыял, які патрабуе пэўных намаганняў. Звычайна мужчыны ствараюць больш масіўныя фігуры, а жанчыны імкнуцца да вытанчаных форм. Але галоўны крытэрый свістулькі — яна павінна гучаць і знешне нагадваць птушку або звярка.
— Як нараджаецца выраб? Спачатку ўзнікае ідэя, напрыклад, зрабіць коціка. Адразу малюю эскіз. Але часцей проста бяру гліну і ляплю, а яна сама падказвае, які коцік атрымаецца, — расказвае майстар. — Гліна бывае рознай па тэкстуры, але галоўнае, каб была пластычнай. З яе ствараецца форма. Самую простую фігурку можна вылепіць за дзесяць хвілін. Але, калі хочаш зрабіць нешта прыгожае, патрэбны гадзіны. Інструменты для лепкі выкарыстоўваю самыя простыя. Уласна, гэта сама гліна і шлікер або гліна, разведзеная вадой да стану смятаны для злучэння дэталей. А далей у ход ідзе стэк у выглядзе нажа, стрыжань ад гелевай ручкі ў якасці штампіка, розныя каўпачкі, трубачкі, лязо, вязальная спіца для дэкарыравання і праколвання адтулін, петлі рознага памеру, праколка для стварэння свістковай прылады.

Каб выраб стаў керамічным, яго неабходна абпаліць, а перад гэтым высушыць, каб мінімізаваць дэфармацыю. Абпальваць трэба ў спецыяльнай муфельнай печы. Тэмпература падымаецца паступова: спачатку да 100 градусаў, каб выйшла вільгаць, затым павольна даводзіцца да 900—1000 градусаў. Так гліна ператвараецца ў трывалы матэрыял, набывае насычаны колер. Калі ж спыніцца на 600 градусах, выраб будзе рыхлым, пачне растварацца ў вадзе. Сакрэт шакаладнага колеру гліняных вырабаў — у асаблівай апрацоўцы малачэнне. Гэта старадаўняя тэхніка. Бярэцца звычайнае малако, у яго апускаецца ўжо абпалены выраб і зноў ставіцца ў печ. Пры тэмпературы каля 400 градусаў гліняная паверхня набывае прыгожы дэкаратыўны эфект і ахоўнае пакрыццё, якое не прапускае ваду.
На заняткі аб’яднання па інтарэсах “Чароўная гліна” ў асноўным ходзяць вучні з 1 па 5 клас, прычым дзяўчынак больш, чым хлопчыкаў.
— Вучань 3-й школы Талачына Дзіма Васілеўскі пачаў наведваць мае заняткі з 1 класа, — расказвае Рыгор Францавіч. — Цяпер вучыцца ў 10-м. Пры неабходнасці можа нават мяне падмяніць. Ён адзін з нямногіх, хто ўмее рабіць свістулькі. Звычайна дзеці форму лепяць, а вось спецыяльныя адтуліны, каб выраб гучаў, даводзіцца рабіць мне.
Вучні Рыгора Францавіча атрымліваюць узнагароды: у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць і выяўленчае мастацтва” рэспубліканскага конкурсу “Юныя таленты Беларусі”, на абласных этапах рэспубліканскіх конкурсаў “Прывітанне, свет!”, “Калядная зорка”, “Пад небам сінім”, “Вянок славы”, у абласным этапе міжнароднага дзіцячага экалагічнага форуму “Зялёная планета”.

Ды і сам майстар — пераможца выстаў і конкурсаў. У іх ліку конкурс ганчароў “Гліна спявае” на міжнародным пленэры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Копысі, міжнародны фестываль песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Вясновы букет”. Муж і жонка Станкевічы выступалі на “Славянскім базары ў Віцебску”, дзе былі ўзнагароджаны на кірмашы рамёстваў “Горад майстроў” у конкурсах па глінянай свістульцы “Салавейка” і па саломапляценні “Папараць-кветка”.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва героя





